Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паўднёвы паток” – вялікі крок у шахматнай гульні


Юры Дракахруст, Прага Напрыканцы мінулага тыдня прэзыдэнт Расеі Пуцін абвясьціў пра пабудову новага газаправоду па дну Чорнага мора ў Баўгарыю і далей – у Італію і Аўстрыю. Якімі будуць магчымыя палітычныя і эканамічныя наступствы гэтага праекту?

24 чэрвеня падчас энэргетычнага саміту краінаў Чорнага мора у Загрэбу прэзыдэнт Расеі абвясьціў пра новы праект, які будзе азначаць рэзкае ўмацаваньне ўплыву Масквы ў Паўднёва-Заходняй Эўропе і на кантынэнце ў цэлым.

Пуцін: “Як Вы ведаеце, учора быў падпісаны мэмарандум паміж Газпромам і італьянскай кампаніяй “ENI” аб магчымай пракладцы новай газапараводнай сыстэмы па дну Чорнага мора”.

Пабудову новага газаправоду мяркуецца завяршыць да 2011 году, ягоная магутнасьць перапампоўкі складзе 30 мільярдаў кубамэтраў газу у год. Гэта, напрыклад, дзьве траціны гадавога транзыту расейскага газу праз Беларусь.

Ф.Барданара: “Паўднёвы паток” зьнішчае магчымасьць, што іншыя праекты будуць такімі значнымі”

Апошнім часам Эўразьвяз прымае меры, каб дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргіі і зьменшыць залежнасьць ад Расеі. Новы праект, які атрымаў назву “Паўднёвы паток”, робіць дасягненьне гэтых мэтаў больш складаным. Гаворыць італьянскі аналітык ў пытаньнях энэргіі Фрэдэрыка Барданара:

Барданара: “Я мяркую, што гэта вялікі ход у шахматнай гульні. Я ня думаю, што ён зьнішчае ўсе іншыя магчымыя праекты, але што ён сапраўды зьнішчае – дык гэта тую магчымасьць, што гэтыя іншыя праекты будуць такімі значнымі, як гэта меркавалася раней”.

Экспэрты кажуць, што “Паўдзённы паток” робіць менш імавернай рэалізацыю галоўнага эўрапейскага праекту “Набука” – пабудовы газаправоду з краінаў Цэнтральнай Азіі і раёну Касьпійскага мора праз Турцыю і Балканы, абмінаючы Расею.

Ул.Пуцін: “Балканы і Чорнае мора заўсёды былі сфэрай інтарэсаў Расеі”

Як заявіў Пуцін падчас саміту Арганізацыі супрацоўніцтва краінаў Чорнага мора, які таксама адбыўся на гэтым тыдні ў Стамбуле, “Балканы і Чорнае мора заўсёды былі сфэрай інтарэсаў Расеі, натуральна, што Расея , якая адраджаецца, вяртаецца туды”.

Экспэрты адзначаюць, што Расея сваімі энэргетычнымі праектамі спрабуе даказаць, што яна зьяўляецца ўплывовым гульцом у рэгіёне і спрабуе ўраўнаважыць уплыў Эўразьвязу і Злучаных Штатаў.

М.Голдман: “Расея атрымае сфэру ўплыву”

Паводле ацэнак экспэртаў, краіны Эўразьвязу, якія ня маюць атамнай энэргетыкі , такія як Італія і Нямеччына, аказаліся чуйнымі да расейскіх прапановаў і фактычна паставілі пад сумнеў супольную энэргетычную стратэгію Зьвязу.

На думку вядомага амэрыканскага палітоляга Маршала Голдмана, рэалізацыя расейскіх праектаў азначае ўмацаваньне ня толькі эканамічнага ўплыву.

Голдман: “Расея, зразумела, атрымае сфэру ўплыву, бо краіны, якія робяцца залежнымі ад выкарыстаньня расейскага газу, пачынаюць вагацца рабіць крокі ў іншым накірунку, баючыся, што расейцы адключаць ім газ”.

Яшчэ адзін газаправод у абыход Беларусі, 25.06.2007
XS
SM
MD
LG