Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абысьці інтэрнэт-цэнзуру?


Сяргей Шупа, Прага У нядаўняй справаздачы праваабарончай арганізацыі “Freedom House” была зьвернутая ўвага на тое, што ў краінах СНД пачала пашырацца “новая форма цэнзуры”. Сярод іншага ў некаторых краінах, дзе ўлады імкнуцца кантраляваць інфармацыйнае поле, у зону асаблівай увагі трапіў інтэрнэт – блякаваньне сайтаў становіцца звычайнай практыкай. Карэспандэнт Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа пагаварыў з Брусам Шаерам, тэхнічным дырэктарам кампаніі кампутарнай бясьпекі “BT Counterpane” і папрасіў растлумачыць – як адбываецца цэнзура інтэрнэту і як звычайныя грамадзяне могуць зь ёй змагацца.

Карэспандэнт: “Як улады блякуюць вэб-сайты?”

Шнаер: “Проста адпаведным чынам канфігуруецца фаервол (праграмнае забесьпячэньне, якое прапускае або блякуе дадзеныя, якія перадаюцца праз кампутарныя сеткі).

Возьмем нейкую краіну. Там ёсьць пэўная колькасьць інтэрнэт-правайдэраў, якія гэтую краіну абслугоўваюць. Улады могуць загадаць усім гэтым правайдэрам заблякаваць адрасы нейкіх непажаданых сайтаў. Калі вы паспрабуеце набраць такі адрас у браўзэры – вы ня трапіце на тыя сайты. Усё проста”.

"Блякаваньне разьлічана пераважна на людзей, якія недастаткова дасьведчаныя, каб яго абысьці"

Карэспандэнт: “Ну добра. Скажам, я сяджу за сваім кампутарам у сябе дома ў Душанбэ або ў Менску і не магу атрымаць доступ да артыкулу на сайце навінаў Бі-Бі-Сі, бо ён заблякаваны. Што мне рабіць?”

Шнаер: “Тут такая штука. Можна паспрабаваць розныя спосабы. Гэтае блякаваньне разьлічана пераважна на людзей, якія недастаткова дасьведчаныя, каб яго абысьці. Можна выкарыстаць гэтак званыя проксі-сэрвэры, якія адкрыюць тыя сайты для вас – гэта выглядае, як бы вы самі туды і не заходзілі. Можна выкарыстаць ананімайзэры, якія схаваюць наведваныя вамі сайты ад інтэрнэт-правайдэра так, што той ня зможа іх заблякаваць. Задайце ў Гугле пошук “web anonymizer tools” або “web proxies” – і вы знойдзеце самыя розныя інструмэнты для абыходу афіцыйных фільтраў”.

Карэспандэнт: “Скажам, я пашукаю “web proxies” і атрымаю цэлую старонку вынікаў са сьпісам адрасоў на выбар – нумары і побач зь імі месца іх разьмяшчэньня ў сьвеце. што далей?”

Шнаер: “Усё залежыць ад таго, як яны працуюць. Некаторыя зь іх вельмі простыя для ўжытку, маюць нескладаны інтэрфэйс і проста пераадрасуюць вас на патрэбны сайт. Ёсьць трошкі больш складаныя, якія трэба дадаткова сканфігураваць. Але ў асноўным яны дапамогуць вам абыйсьці фаервол”.

Што такое "люстэркавы сайт"?

Карэспандэнт: “Часта можна пачуць, што забаронены сайт даступны як “люстэрка” – што гэта значыць?”

Шнаер: “Люстэркавы сайт – гэта сайт, які ўтрымлівае тую самую інфармацыю, што й арыгінальны. У шмат якіх выпадках люстэркавыя сайты ўжываюцца для большай эфэктыўнасьці – калі арыгінальны сайт наведвае вельмі шмат чытачоў і ён становіцца перагружаны. Гэта проста магчымасьць даць доступ шырэйшаму колу наведнікаў. Часам люстэркавы сайт мае той самы адрас, і вы нават ня будзеце ведаць, што гэта не арыгінал. Але часам люстэрка мае іншы адрас – калі ёсьць падозраньне, што арыгінальны сайт можа быць заблякаваны”.

Карэспандэнт: “А ці бывае так, што аўтары сайта выстаўляюць у інтэрнэце люстэрка, калі даведваюцца, што арыгінальны сайт быў у нейкай краіне заблякаваны? Напрыклад, калі сайт “Amnesty International” будзе забаронены для доступу ў Беларусі, ці можна ўсталяваць люстэркавы сайт на ўкраінскім сэрвэры, які не заблякаваны ў Беларусі?”

Шнаер: “Вядома, часта менавіта так і робіцца. Асабліва ў выпадку з палітычнымі арганізацыямі, якія зацікаўленыя ў пашырэньні сваёй інфармацыі. Калі вы даведаецеся, што адрас вашага сайту зь нейкай прычыны заблякаваны, вы можаце ў любым месцы разьмясьціць люстэркавы сайт, каб абыйсьці блякаваньне”.

"Інструмэнты цэнзуры можна набыць дзе заўгодна"

Карэспандэнт: “Некаторыя ўрады, якія рэгулярна цэнзуруюць інтэрнэт, скажам так, ня надта дасьведчаныя ў сучасных тэхналёгіях. Як жа яны так хутка арыентуюцца і эфэктыўна кантралююць інтэрнэт?”

Шнаер: “Інструмэнты цэнзуры вельмі простыя і лёгкадаступныя. Тут і ня трэба асабліва арыентавацца, тут няма нічога складанага, гэта камэрцыйныя прадукты, якія можна набыць дзе заўгодна. Правайдэры могуць блякаваць паасобныя сэгмэнты інтэрнэту. Часам гэта робіцца для большай эфэктыўнасьці, ім можа быць нявыгадна перадаваць праз свае каналы ўвесь зьмест сеціва. А калі ўлады загадаюць правайдэрам заблякаваць нейкія сайты, дык тыя могуць зрабіць гэта вельмі лёгка. Тут няма нічога складанага”.

Карэспандэнт: “А што калі нехта, скажам, захоча абыйсьці правайдэра ў сваёй краіне і паспрабаваць выйсьці на заблякаваныя сайты праз правайдэра за мяжою? Ці можна ў нейкіх інтэрнэтных форумах атрымаць параду – як у такім выпадку сканфігураваць свой браўзэр?”

Шнаер: “Па праўдзе кажучы ўсё значна прасьцей. Проста набярыце ў Гугле “anonymizer tools”, і вы знойдзеце там усё – інструмэнты і інструкцыі для карыстаньня імі. Няма патрэбы хадзіць па форумах і пытацца ў тэхнічных спэцыялістаў, якія нават ня здолеюць растлумачыць вам простымі словамі што рабіць. Усё вельмі проста”.

"Назіраецца нешта накшталт “гонкі ўзбраеньняў”. Але большыя шанцы на перамогу - у прыхільнікаў свабоды інфармацыі"

Карэспандэнт: “Вы працуеце ў кампаніі, якая дапамагае людзям як блякаваць, гэтак і разблякоўваць сайты. Таму вам, напэўна, няцяжка адказаць на пытаньне: якая цяпер тэндэнцыя пераважае – узмацненьне цэнзуры ці яе аслабленьне?”

Шнаер: “Часта можна пачуць меркаваньне, што інтэрнэт разглядае цэнзуру як нешта шкоднае і імкнецца яе абысьці. Шалі вагаў схіляюцца на карысьць інфармацыі. Так, спробаў блякады сайтаў нямала, яскравы прыклад тут – вялікая Кітайская інтэрнэт-сьцяна. Блякуюцца і некаторыя ананімайзэры. Назіраецца нешта накшталт “гонкі ўзбраеньняў”. Але большыя шанцы на перамогу тут у прыхільнікаў свабоды інфармацыі. Бо інфармацыя імкнецца да пашырэньня, а блякаваньні і спробы іх абыйсьці – гэта змаганьне без канца і краю. Так, ня ўсё так проста, і тыя інструмэнты таксама могуць быць заблякаваныя. Я нават упэўнены, што некаторыя з тых інструмэнтаў, пра якія мы тут гаворым, у некаторых краінах могуць быць забароненыя законам. Але інфармацыя ўсё адно дойдзе да тых, хто яе шукае”.
XS
SM
MD
LG