Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Купалаўскай сцэне – прэм’ера “Сноў аб Беларусі”


Валянціна Аксак, Менск На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы сёньня прэм’ера спэктаклю “Сны аб Беларусі”. Пастаноўка прысьвечаная 125-годзьдзю народнага паэта, рэжысэр — Уладзімер Савіцкі.

П’есу паставіў рэжысэр Уладзімер Савіцкі, які, дарэчы, ужо ставіў Караткевічава “Дзікае паляваньне караля Стаха” на Купалаўскай сцэне два гады таму.

“Калыска чатырох чараўніц” была напісаная Ўладзімерам Караткевічам ў 1981 годзе і ўпершыню пастаўленая на сцэне Менскага тэатру юнага гледача да 100-годзьдзя Янкі Купалы.

І вось праз дваццаць пяць гадоў да яе зьвяртаецца Нацыянальны акадэмічны тэатар, які носіць імя песьняра. Чым прывабіла рэжысэра менавіта гэтая п’еса?

“Час ідзе, патрабуе іншых асэнсаваньняў, пераасэнсаваньняў. Менавіта дзіцячыя і маладыя гады паэта мяне цікавілі, калі ён толькі-толькі станавіўся на крыло”, — кажа Савіцкі.

П’есу “Калыска чатырох чараўніц” Уладзімер Савіцкі насыціў вершамі Купалы, урыўкамі з паэмаў “На Куцьцю”, “Сон на кургане”, “На папасе”, драмы “Раскіданае гняздо”, якія, хоць напісаныя амаль стагодзьдзе таму, гучаць вельмі сучасна.

У выніку з п’есы пра дзіцячыя і юначыя гады Янкі Купалы атрымаўся драматычны спэктакль-роздум “Сны аб Беларусі”.

Чаму рэжысэр пайшоў на такі творчы крок?

“Хацелася паглядзець на Купалу і паспрабаваць яго зразумець. Ёсьць нейкае клішэ заштампаванае вакол Купалы — ну, такога народнага песьняра, прыземленага нават. На самай справе ён намнога больш тонкі, такі, ведаеце, касьмічны паэт”, — мяркуе рэжысэр.

У спэктаклі занятыя многія зоркі Купалаўскае сцэны. Ролю малога Янкі выконвае Міхаіл Зуй, а сталага Купалу іграе заслужаны артыст Беларусі Аляксандар Падабед. У ролі маці паэта Бянігны Іванаўны нечакана глядач убачыць заслужаную артыстку Зою Белахвосьцік.

У іншых ролях занятыя народныя артысты краіны Арнольд Памазан, Генадзь Гарбук і Генадзь Аўсяньнікаў.

З драматургічнай спадчыны народняга песьняра на галоўнай тэатральнай сцэне краіны цяпер ідуць два спэктаклі — візытоўкай купалаўцаў вось ужо больш за паўстагодзьдзя зьяўляецца “Паўлінка”, і сямнаццаць гадоў запар з аншлягам ідуць “Тутэйшыя”. Трэцім становіцца інсцэніроўка ягонай паэзіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG