Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Ганс-Георг Вік: “Беларусь для Захаду ўсё яшчэ невядомая краіна”</B>


Алена Струвэ, Менск Колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску і цяперашні старшыня нямецкага грамадзкага Таварыства аховы правоў чалавека ў Беларусі Ганс-Георг Вік лічыць, што Эўразьвяз пакуль не прапанаваў адчувальнай падтрымкі беларускім дэмакратычным сілам. Сёньня ў Бэрліне спадар Вік прымае дэлегацыю прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, якая знаходзіцца ў Нямеччыне на запрашэньне Фонду імя Адэнаўэра. У размове са “Свабодай” нямецкі дыплямат і палітык падзяліўся сваім бачаньнем стратэгіі для беларускай апазыцыі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.

Ганс-Георг Вік працягвае крытыкаваць Эўразьвяз за тое, што “Беларусь усё яшчэ зьяўляецца для Захаду гэтак званай “невядомай краінай”.

"Беларусам патрэбная штодзённая інфармацыя пра тое, што адбываецца"

Вік: “Вядома, ёсьць нейкія зрухі. Уздымаюцца пытаньні пра эўрапейскага ўпаўнаважанага для Беларусі, пра стварэньне фундацыі для грамадзянскай супольнасьці, ідзе падтрымка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, розных адукацыйных моладзевых праграмаў…

У пляне салідарнасьці, розных заяваў, акцыяў супраць Лукашэнкі — тут усё ў парадку. Аднак усё гэта ніяк нельга назваць чымсьці дзейсным для падтрымкі апазыцыі.

Досьведу, як дапамагчы апазыцыі, якая знаходзіцца пад ціскам рэжыму, у барацьбе з гэтым рэжымам, у Эўрапейскага Зьвязу так і няма. Відавочна, што беларускаму насельніцтву неабходная, напрыклад, штодзённая інфармацыя пра тое, што насамрэч адбываецца.

У дзень працы бэрлінскай канфэрэнцыі “Пэрспэктывы для Беларусі” я ўзьняў гэтую тэму. Мне сказалі: “Так, трэба, каб гэта было”. Але ж падтрымка Эўропы ў гэтым кірунку павінна ажыцьцяўляцца ў значна большай форме, чым дагэтуль”.

Карэспандэнтка: “Як працяг тэмы — як вы ставіцеся да візавага пытаньня? Для беларусаў шэнгенская віза — гэта ня проста дорага. Апошнім часам нярэдка тыя ж прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, законапаслухмяныя беларусы атрымліваюць адмову на ўезд у краіны Эўразьвязу — прычым без тлумачэньня прычынаў”.

Вік: “Гэта тое, што мяне асабліва абурае. Аднак пачакаем: на пачатку ліпеня ў Бундэстагу адбудзецца дыскусія на гэтую тэму з удзелам усіх партыяў. З боку “зялёных”, лібэральных партыяў ужо існуе шырокая падтрымка. Але… Пакуль у інстытутах Эўразьвязу, сапраўды, не стае апэратыўнай працы на карысьць дэмакратызацыі беларускага грамадзтва, умацаваньня грамадзянскай супольнасьці”.

Карэспандэнтка: “Вы згадалі ўчорашнюю канфэрэнцыю ў Бэрліне “Пэрспэктывы для Беларусі”. Шэраг яе ўдзельнікаў зь беларускага боку знаёмыя вам з часу працы ў Менску. Калі працяглы час ня бачыш знаёмых, а потым сустракаеш, гутарыш зь імі, міжволі робіш высновы: гэты застаўся на мінулым узроўні, у гэтага назіраецца прагрэс, у гэтага — іншае. Якое ўражаньне робіць знаёмая вам беларуская апазыцыя?”

"Галоўны плюс апазыцыі -- новыя твары"

Вік: “Вы ведаеце, у кожнай арганізацыі ёсьць і свой прагрэс, і свая стагнацыя. Галоўны плюс беларускай апазыцыі — фактары, якія супрацьстаяць стагнацыі. Па-першае, новыя твары. Гэта маладыя людзі, якія маюць сваё разуменьне адносна вызваленьня з-пад афіцыйна навязанай русіфікацыі, яны за Эўропу і ня хочуць вяртаньня СССР.

Яшчэ адзін важны плюс. У зьвязку зь цяперашнім пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі зьявіліся вельмі цікавыя праграмы незалежных эканамістаў пра шлях Беларусі ў Эўразьвяз, — напрыклад, Раманчука.

Беларуская эканоміка, якая сёньня зьяўляецца варыянтам савецкай плянавай, відавочна, ня будзе мець аніякіх шанцаў, калі кошты на энэрганосьбіты дасягнуць усясьветнага ўзроўню. Эканамічная сыстэма мусіць рэфармавацца. І тут апазыцыя падрыхтаваная лепей, чым сыстэма”.

Карэспандэнтка: “Якія мінусы апазыцыі?”

Вік: “Існуе пагроза расколу. Я чатыры гады жыў у Беларусі й разам са сваімі эўрапейскімі калегамі працаваў дзеля стратэгічнага ўзаемапаразуменьня ўнутры апазыцыйных сілаў і аб’яднаньня ў часе выбараў вакол адзінага кандыдата”.

Карэспандэнтка: “Як успрыняў нямецкі бок адсутнасьць на канфэрэнцыі Мілінкевіча? Гэтага палітыка, як кажуць, заўсёды прымаюць на Захадзе. Сваю павагу да яго дэманстравалі высокія кіраўнікі Эўразьвязу ды Нямеччыны”.

Вік: “Я лічу, што іншыя прадстаўнікі апазыцыі прызнаюцца ў Эўропе ня менш за Мілінкевіча. Мілінкевіч успрымаўся як агульны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах. Іншыя прадстаўнікі апазыцыі — як ягоныя сябры па кааліцыі, якія судзейнічалі ўмацаваньню салідарнасьці паміж рознымі дэмакратычнымі аб’яднаньнямі.

Я лічу, што Мілінкевіч і дэмакратычная кааліцыя пры ўсіх сваіх асаблівасьцях павінны прыйсьці да агульнай мэты і быць разам у часе новых выбараў. Я разглядаю гэта як штосьці само сабой зразумелае.

Галоўнае ж для апазыцыі — выпрацаваць канкрэтныя альтэрнатыўныя прапановы насельніцтву ў эканамічнай і сацыяльнай галіне”.

• У Бэрліне абмяркоўваюць пэрспэктывы для Беларусі, 26.06.2007

• Генэральны сакратар ХДС Р.Пофала патрабуе свабоды і дэмакратыі для Беларусі, 26.06.2007
XS
SM
MD
LG