Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне шчыра шкада нашага прэзыдэнта”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У папярэднім аглядзе пошты 23 чэрвеня прагучаў ліст Барыса Руцька зь Менску, які выказаў меркаваньне, што Беларусі ў блізкай пэрспэктыве ўдасца пазьбегнуць крызісу дзякуючы таму, што Расея купляе 50 працэнтаў акцыяў прадпрыемства “Белтрансгаз”.

500 мільёнаў даляраў за гэта ўжо атрымана, а потым будуць і новыя пералічэньні. “Такім чынам, — пісаў слухач, — дзякуючы расейскім грошам усе фінансавыя дзіры будуць прыкрытыя. А значыць, ня здарыцца і масавых пратэстаў рабочых, студэнтаў, настаўнікаў, мэдыкаў”.

Я адказаў спадару Руцьку, што 500 мільёнаў даляраў — ня тая сума, якая можа ўратаваць беларускую эканоміку. Штогадовыя страты ад рэзкага падвышэньня кошту расейскіх нафты і газу вымяраюцца некалькімі мільярдамі даляраў. І з году ў год гэтыя страты будуць падвышацца — адначасова з ужо абвешчаным ростам цэнаў на расейскае паліва.

Да гэтай размовы далучыўся наш слухач Віталь Бурым. У сваім электронным лісьце ён піша:

“Шаноўны Валянцін, а вы ня маеце рацыі, адказваючы на ліст спадара Руцька. Акрамя гэтых грошай, трэба яшчэ ўлічваць крэдыты аўстрыйскіх і галяндзкіх банкаў, разьмяшчэньне пазыкаў у Расеі, прыватызацыю прадпрыемстваў. Гэта тое, што з сур’ёзных плыняў. А ёсьць жа і дробязі (напрыклад тыя ж ільготы). Ня трэба забывацца і на гэта”.

Так, спадар Бурым, улады шукаюць і знаходзяць розныя крыніцы кампэнсацыі тых стратаў, якія церпіць эканоміка ў выніку падаражэньня расейскіх энэрганосьбітаў. Іншая рэч, наколькі гэтыя крыніцы здольныя засьцерагчы ад сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве?

Ці будуць новыя ўласьнікі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў захоўваць дзясяткі тысяч не патрэбных ім працоўных месцаў толькі таму, што ўлада баіцца масавага беспрацоўя? І ці ня зьменяцца палітычныя прыхільнасьці некалькіх мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў пасьля таго, як у сьнежні ў іх адбяруць ільготы?

Наш слухач Марк Саньнікаў з Добрушу адгукнуўся на зьяўленьне новай прэзыдэнцкай дырэктывы — гэтым разам аб эканоміі й беражлівасьці. У сваім электронным лісьце слухач піша:

“Эканоміць — справа неблагая, але ці ня лепш навучыцца дастаткова вырабляць, а не заціскаць рамяні да самага хрыбта пад пільным вокам кампэтэнтных органаў?”

Далей у сваім лісьце Марк Саньнікаў паведамляе, што ён разам з калегамі й аднадумцамі вынайшаў гідраэнэргетычную ўстаноўку, якая пры параўнальна невялікіх выдатках здольная выпрацоўваць да 2 мільёнаў кіляват-гадзінаў электраэнэргіі.

“Устаноўка абароненая патэнтным пасьведчаньнем, але ў нашай квітнеючай дзяржаве яна нікім не запатрабаваная. Са стандартных адмоваў чыноўнікаў можна скласьці цэлыя тамы. І як тады разумець прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку, які заклікае разьвіваць энэргетыку малых рэк? Навошта купляць кітайскія ды іншыя тэхналёгіі, калі ёсьць свае, нічым ня горшыя і амаль задарма?

Запрашаем да сябе ў госьці Зьмітра Бартосіка ці Віталя Сямашку — гарантуем для іхных “Падарожжаў Свабоды” цікавую інфармацыю пра жыцьцё малых гарадоў.

У нашым Добрушы ёсьць папяровая фабрыка “Герой працы”, пабудаваная калісьці князем Паскевічам. Разумныя галовы інжынэраў тых далёкіх гадоў знайшлі магчымасьць выкарыстоўваць для вытворчасьці энэргію ракі Іпуць. Энэргаўстаноўка працавала аж да Другой усясьветнай вайны. А што цяпер? Электрастанцыі на рацэ няма, а ў фабрыкі за электраэнэргію — вялізныя даўгі. А колькі такіх фабрык і заводаў у маштабах усёй Беларусі!

Прайшоўшы ўсе колы беларускага бюракратычнага пекла, наша група вырашыла больш не прапаноўваць свае вынаходзтвы роднай дзяржаве. Магчыма, імі зацікавяцца за мяжой”.


Спадар Саньнікаў і ягоныя калегі атрымалі сем афіцыйных адказаў ад імя Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі — і ўсе адмоўныя. Матывацыя адмовы: “Адсутнасьць фінансавых сродкаў на будаўніцтва энэргаўстановак сумнеўнага кшталту на падставе закрытай інфармацыі, якая зыходзіць ад прыватных асобаў, што ня маюць навуковых ступеняў і працаў”.

Іншымі словамі, нават калі вынаходзтва якога-небудзь самавука — геніяльнае, але ў яго няма дыплёма кандыдата навук і публікацыяў у навуковых часопісах — разьлічваць на ўхвальныя водгукі і падтрымку беларускіх акадэмікаў яму не выпадае.

Наш слухач Аляксандар Корж з Гомелю ў сваім электронным лісьце разважае пра ролю і месца Аляксандра Лукашэнкі ў сучаснай беларускай гісторыі:

“Я даўні слухач “Свабоды”, яшчэ з савецкага часу. Вельмі добра, што радыё адкрытае для розных меркаваньняў і высноваў, чым кардынальна адрозьніваецца ад афіцыйных радыё і тэлебачаньня сучаснай Беларусі.

Цалкам пагаджаюся зь меркаваньнем беларускага пэнсіянэра-“мільярдэра” Сямёна Маркавіча, якое нядаўна прагучала ў вашым эфіры. Сапраўды, часам так хочацца аб’ектыўнага інфармацыйнага “расолу” пасьля адцінліва салодкіх афіцыйных “навінаў”.

У вашых перадачах гучаць розныя пункты гледжаньня на асобу кіраўніка дзяржавы. А вось мне гэтага чалавека шчыра шкада. Такога жыцьця, як у яго, не пажадаеш нават ворагу.

Чортаў тузін гадоў трымацца за ўладу, якую нават няма каму даверыць на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Мець цэлую армію асабістай і дапаможнай аховы ад уласнага народу, які нібыта заўсёды дружна галасуе “За”. Мець шыкоўны “Боінг” — і пры гэтым мала куды лётаць. Усьсядаць на золатавалютным троне Нацыянальнага банку і выпрошваць крэдыты.

Жыць з думкай, што калісьці давядзецца адстрэльвацца да апошняга патрона за ўладу, “дадзеную народам”, зь пераробленай пад сябе Канстытуцыяй. Бачыць сны са зьніклымі бясьсьледна апазыцыйнымі палітыкамі. Мець у сваім атачэньні такіх “паплечнікаў” і “сяброў”, што і ворагі не патрэбныя. І пры гэтым пэрыядычна высылаць іх на “заслужаны адпачынак” у месцы пазбаўленьня волі. Напэўна, трэба мець талент, каб нажываць сабе ворагаў”.


У сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж спрабуе таксама зазірнуць у будучыню Беларусі:

“Не хацелася б апынуцца ў становішчы, калі ціснуць і з Захаду, і з Усходу (пазбаўленьне гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу і падаражаньне расейскіх энэрганосьбітаў). Напэўна, даводзіцца адчуваць сябе, як паміж молатам і кавадлам.

А каго прызначыць пераемнікам, каб былі гарантыі асабістай бясьпекі? Гэтыя нібыта свае “апосталы” могуць адразу на дыбу пасадзіць. Каму, як не гісторыку, гэта ведаць? Вось і атрымліваецца, што ўлада здаецца саладзейшай за мёд, паколькі яна — адзіны паратунак ад імклівага заўтра, дзе няма ўжо ні Слабадана (Мілошавіча), ні Садама (Хусэйна). У такіх умовах любы мёд улады не саладзейшы за лебяду будзе.

Не магу ўявіць, як бы я ў такіх умовах мог спакойна жыць і бесклапотна спаць. Няўжо дасягненьне высокай палітычнай мэты любым коштам вартае таго, каб урэшце асудзіць сябе на пастаянны страх за свой заўтрашні дзень і мець апошні патрон у абойме для асабістага спажываньня?”


Пытаньні вашы, спадар Корж, збольшага рытарычныя. Многае тут залежыць ад асабістага выбару чалавека, ад маральных якасьцяў асобы, яе індывідуальных уяўленьняў пра дабро і зло, пра сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасьці.

Тое, што вам здаецца пакутлівым і недапушчальным, для іншага выглядае ня вартым увагі і непакою. Асабліва гэта датычыць людзей, якія ўсё жыцьцё прафэсійна займаюцца палітыкай. Прага ўлады ў некаторых асобаў настолькі моцная, што здольная кіраваць усімі іншымі іхнымі памкненьнямі й жаданьнямі. І маральны дыскамфорт у працэсе дасягненьня жаданай мэты не адыгрывае для такіх людзей колькі-небудзь значнай ролі.

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну бэз камэнтара. Нам піша Васіль Фядзюк з Магілёва:

“Калі вы спадзеяцеся на Захад, ці Ўсход, ці прэзыдэнта, ці апазыцыю — вы памыляецеся. Выратаваньне тапельца — справа самога тапельца. Чалавек сам павінен змагацца за сваё выратаваньне ад нараджэньня да сьмерці. Калі цяжка перамагчы аднаму, гуртуйся зь іншымі. Грамадой лягчэй дамагчыся перамогі! Прыкладаў шмат.

Адрыньце спажывецкія чаканьні, бярыце справу ў свае рукі. Існуюць розныя аб’яднаньні, партыі, таварыствы са сваімі мэтамі й праграмамі. Шукайце тыя, што адпавядаюць вашым уяўленьням і інтарэсам. Альбо стварайце новыя. Нас чакае перамога!”


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG