Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Браславе пачалася “менскафобія”


Віталь Сямашка, Браслаў У прыватных катэджах на Браслаўскіх азёрах ізноў віруе жыцьцё. Але летні наплыў дачнікаў узмацніў чуткі пра тое, што катэджы тут будуюцца незаконна. Больш як паўгоду таму ў Браславе за раскраданьне дзяржаўных сродкаў і злоўжываньне службовым становішчам на 10 гадоў асудзілі былога дырэктара Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” Сянькоўскага. Адпаведна на 6 і 4 гады – загадчыка аддзелу і галоўнага бухгальтара. Ужо тады ў Браславе асуджаных называлі “стрэлачнікамі” і прадказвалі, што ў сытуацыі нічога ня зьменіцца.

Цягам сьледзтва былі выяўленыя факты незаконнага будаўніцтва катэджаў на тэрыторыі запаведніку. Цяпер, кажуць, такіх сотні. Я сустрэўся зь Віктарам Вараньком, адным зь першых тутэйшых прадпрымальнікаў.

Браслаў, 27.06.2007. Віктар Варанько Віктар Варанько

“Катэджы як стаялі, так і стаяць, – цьвердзіць Віктар. – Мяне асабліва абурыла, што каля гары Маскавічы збудавалі за сто мэтраў катэдж – разбурылі ўсю панараму старажытнага селішча. І да самага возера агароджа.”

У вядомага на Браслаўшчыне мастака Валерыя Зянкевіча распытваю пра тэхналёгію, так бы мовіць, незаконнага ўзьвядзеньня катэджаў.

“А, пра будаўніцтва катэджаў? Гэта рабілася так: мы сёньня пабудуем, а заўтра я зраблю дакумэнтацыю. Нават улады мясцовыя могуць прыехаць і сказаць: “Вы ж тут прыбярыце гэты плот”. “А калі не прыбяру?” “Мы вам штраф”. Ён ім адлушчвае “на лапу”. Жыве сабе да часу, калі ізноў прыедуць. Ля кожнага будынка ёсьць ахоўная зона. А на бераг возера ўсё роўна чалавек цешыцца прыродай ня пойдзе, калі ў яго за сьпінай частакол...”

На вачах мясцовых ідзе, як яны вызначаюць, рабаўніцтва прыроды. У сувязі з чым мае суразмоўцы кажуць пра тутэйшую зьяву – менскафобію.
Пракурор Несьцяронак: “Статыстыка крымінальных справаў – нулявая”
“Во гэтыя ўсе катэджы будуюць зь Менску. Мясцоваму тут нельга ні дабіцца, ні зрабіць дакумэнты. А зь Менску – яму ўсе правы. У каго грошы, таго і права – яны стаяць бліжэй да ўлады! Калі чалавек праз падстаўных асобаў на заплянаваных плошчах дасягае мэты – “мянчук” гучыць як ганьба. Але тут “маюць” праз падстаўных і расейцы, і зь іншых краінаў”.

Тым ня менш за апошнія два гады раённая статыстыка крымінальных справаў, зьвязаных зь незаконным будаўніцтвам катэджаў “нулявая”.

“У вытворчасьці пракуратуры Браслаўскага раёну такіх справаў няма. Магчыма, у абласной, рэспубліканскай – ніжэйстаячыя не прымаюць рашэньні, гэта вышэйстаячыя,” – кажа пракурор Браслаўскага раёну Алег Несьцяронак.

Але і ў пракуратуры краіны на гэтых справах пастаўлена кропка. Тэлефаную старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ўладзіміру Лакомаму і зноў чую зусім адваротнае таму, пра што гаварылі мае суразмоўцы:

“Ніякіх крымінальных момантаў у нас няма – Божа барані! Хто вам такія зьвесткі даў? І тады гэтага не было – 2-3 выпадкі зь нейкімі землеўпарадчыкамі...”

Але галоўнае, кажа Валеры Зянкевіч, зьнікае ўнікальны прыродна-геаграфічны ляндшафт, якім Браслаўшчына славіцца пакуль далёка за межамі Беларусі.

Браслаў, 27.06.2007. Валеры Зянкевіч Валеры Зянкевіч

“Я тубылец на 100 %. Прыяжджаюць, купляюць лецішчы ў тых месцах, дзе ў часы СССР – на возеры Волас – чалавек прыйсьці пахадзіць мог, але і ўявіць ня сьмеў, што будзе будаваць нешта несанкцыянаванае. А цяпер там паселішчы сучаснай канструкцыі, “хайтэкі”, лазьні на паддонах. Няма адчуваньня, што наша зямля. Перарэзаная дарогамі, зьнішчаная...”

• Экс-дырэктара Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” асудзілі на 10 год, 23.09.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG