Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вік: Экспэрты апазыцыі падрыхтаваныя лепш, чым дзяржаўныя


Алена Струвэ, Менск Колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску і цяперашні старшыня нямецкай няўрадавай арганізацыі “Правы чалавека ў Беларусі” Ганс-Георг Вік прымае сёньня ў Бэрліне дэлегацыю прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

У нямецкай сталіцы дэлегацыя знаходзіцца на запрашэньне фонду імя Адэнаўэра. У рамках трохдзённай праграмы – удзел у беларуска-нямецкай канфэрэнцыі “Пэрспэктывы для Беларусі”, якая адбылася ўчора, сустрэчы і перамовы зь нямецкімі ўрадоўцамі, парлямэнтарамі, экспэртамі.

“Арганізацыя, якую я ўзначальваю, прымае сёньня сяброў беларускай апазыцыі. Вядома, мы будзем абмяркоўваць беларускую пэрспэктыву. Я спадзяюся на тое, што гэта будзе плённая размова і што мы зможам даверліва размаўляць адзін з адным”, – сказаў Ганс-Георг Вік.

У размове са Свабодай спадар Вік спыніўся на некаторых задачах, якія, зь ягонага гледзішча, зьяўляюцца найпершымі для беларускай апазыцыі. Размова ідзе пра шырокую кансалідацыю дэмакратычных сілаў, паколькі існуе небясьпека расколу апазыцыі. Напярэдадні будучых парлямэнцкіх выбараў вельмі важнай ёсьць выпрацоўка рэальных альтэрнатыўных прапановаў для насельніцтва ў эканамічнай і сацыяльнай галіне. Вядомы нямецкі палітык лічыць, што па некаторых пазыцыях экспэрты ад дэмакратычных сілаў падрыхтаваныя лепш за сыстэму.

У інтэрвію нашаму радыё Ганс-Георг Вік таксама падкрэсьліў, што на ўзроўні Эўразьвязу пакуль яшчэ ня зроблена адчувальнай падтрымкі дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Цалкам інтэрвію зь вядомым нямецкім палітыкам і дыпляматам – у вечаровай праграме і на сайце Свабоды пазьней.

• У Бэрліне абмяркоўваюць пэрспэктывы для Беларусі, 26.06.2007 • Генэральны сакратар ХДС Р.Пофала патрабуе свабоды і дэмакратыі для Беларусі, 26.06.2007
XS
SM
MD
LG