Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Полацак-Шкловалакно” падлічвае страты ад скасаваньня прэфэрэнцыяў


Галіна Абакунчык, Менск Акцыянэрнае таварыства “Полацак-Шкловалакно” – адно з прадпрыемстваў краіны, якому пагражаюць страты ў выніку адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў. Актывісты Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі полацкага прадпрыемства зьбіраюць подпісы ў камісію Эўразьвязу з просьбай адмяніць рашэньне. Сябры незалежнага прафсаюзу заяўляюць, што санкцыі ўжытыя справядліва і заявы трэба складаць на адрас кіраўніцтва Беларусі.

“Полацак-Шкловалакно” – буйны вытворца шклотканіны, будматэрыялаў, камплектуючых для кампутараў ды іншай прадукцыі. Да 80% агульнага аб’ёму вытворчасьці складае экспарт у краіны Эўразьвязу. Якія наступствы для прадпрыемства будзе мець адмена гандлёвых ільготаў, у адміністрацыі замоўчваюць.

“У нас на прадпрыемстве дзейнічае загад пра камэрцыйную таямніцу, – кажа кіраўнік аддзелу гандлю Аляксандар Краско. – Таму я вам, на жаль, не магу адказаць і даць нейкія тлумачэньні. Камэрцыйная таямніца – скажам так”.
”Страты – 1 мільён 100 тысяч эўра штомесяц”
Аднак сябры незалежнага Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства заяўляюць, што, паводле іхнай інфармацыі, прадпрыемству пагражаюць буйныя страты. Гаворыць кіраўнік нізавой суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў:

“На нарадзе генэральны дырэктар абвясьціў, што 1 мільён 100 тысяч эўра стратаў штомесяц. Але гэтая інфармацыя нідзе не распаўсюджваецца. Тыя ж рабочыя, якія нешта ведаюць, кажуць рознае. Маўляў, гэтыя грошы ня нам даставаліся і ня ў нас іх забралі. Іншыя кажуць, што калі такое кіраўніцтва, то гэтак і трэба. А ўвогуле людзі хвалююцца, як гэта паўплывае на заробкі. У адміністрацыі некаторыя спрабуюць нас вінаваціць – маўляў, вось чаго вы дамагліся. Мы кажам: “Гэта ня мы дамагліся, а вы”.
“Прэзыдэнт і ўрад мусяць вырашыць праблему грамадзянскай свабоды.”
Як паведамляюць актывісты Свабоднага прафсаюзу, чатыры гады таму сябрамі гэтай арганізацыі на прадпрыемстве былі каля чатырохсот чалавек. Сёньня – каля трох дзясяткаў. І гэта вынік прамога і ўскоснага ціску на сяброў незалежнага прафсаюзнага руху з боку адміністрацыі. Тым ня менш, чальцы Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” зьбіраюць подпісы пад зваротам у камісію Эўразьвязу, кажа актывіст Свабоднага прафсаюзу Юры Шчарбакоў:

“Збор подпісаў скіраваны не па адрасе. Ён павінен быць накіраваны ў адміністрацыю прэзыдэнта, ва ўрад для таго, каб тут вырашыць праблему з правамі чалавека, з грамадзянскімі свабодамі. У прыватнасьці, з правам на арганізацыю прафэсійных саюзаў. Тут усё гэта парушаецца, і тут усё гэта ня бачаць. Рэакцыя Эўразьвязу справядлівая, хоць і балючая для нас. Бо гэта ўдар і па эканоміцы краіны, і па нас, але гэты ўдар матываваны”.

• Якія палітычныя наступствы пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў?, 21.06.2007 • Санкцыі Эўразьвязу сталі рэальнасьцю, 21.06.2007 • Гарадзенцы — пра адмену Эўразьвязам гандлёвых ільготаў Беларусі , 22.06.2007
XS
SM
MD
LG