Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія суды адхілілі скаргі пратэстантаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менскі гарадзкі суд адмовіўся задаволіць скаргу пастара царквы “Ян Прадвесьнік” Антонія Бокуна (на здымку). Той абскарджваў арышт, які ў пачатку чэрвеня наклаў на яго суд Цэнтральнага раёну Менску. Без задавальненьня засталася і скарга пратэстанцкага прапаведніка з Польшчы Яраслава Лукасіка на дэпартацыю зь Беларусі.

“Нам не даюць дазволу на пабудову сваёй царквы і не дазваляюць арандаваць памяшканьне для набажэнстваў”, — даказваў у Менскім гарадзкім судзе пастар царквы Яна Прадвесьніка Антоні Бокун, калі разглядалася ягоная скарга.

Нагадаю, сьвятар спрабаваў аспрэчыць адміністрацыйны арышт на тры дні, якім яго пакараў Цэнтральны суд Менску за правядзеньне набажэнства без дазволу ўладаў.

Але судзьдзя Менскага гарадзкога суду Аляксей Рыбакоў скаргу сьвятара адхіліў. Антоні Бокун лічыць, што дзяржава парушае правы вернікаў, гарантаваныя Канстытуцыяй.

Пастар прыводзіць такі прыклад: ужо пасьля ягонага арышту вернікі царквы Яна Прадвесьніка зьвярнуліся на дваццаць пяць адрасоў, каб арандаваць памяшканьне. Што з гэтага атрымалася?

“У некаторых установах нам казалі, што могуць нас пусьціць, але патрэбны дазвол раённай адміністрацыі. Прыкладам, у дамах культуры зацікаўленыя, каб іхныя залі не прастойвалі. Але такога дазволу ў раённай адміністрацыі не даюць”, — паведаміў Бокун.

Пастар будзе скардзіцца старшыні Менскага суду.

А пакуль людзі моляцца і чакаюць, што падчас чарговага рэлігійнага сьвята да іх зноў уварвуцца міліцыянты і пацягнуць пастара Антонія ў суд, як гэта было ўжо двойчы.

Паразай закончыўся сёньня ў беларускім судзе і разгляд скаргі пратэстанцкага прапаведніка з Польшчы Яраслава Лукасіка. Прапаведнік скардзіўся на прымусовую дэпартацыю — 6 чэрвеня ён мусіў зьехаць зь Беларусі, дзе ў яго засталася сям’я. Аднак судзьдзя Тацяна Паўлючук з Цэнтральнага суду Менску вырашыла, што дэпартацыя была законная.

Жонка прапаведніка, беларуская грамадзянка Натальля Лукасік паведаміла, што скаргу яе мужа разглядалі без адваката, а сьведка з боку дзяржавы блытаўся ў паказаньнях.

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргі пастара 19.06.2007 Затрыманы пастар Антось Бокун 03.06.2007 Пастара Антося Бокуна аштрафавалі 28.05.2007
XS
SM
MD
LG