Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А.Мілінкевіч: “Людзі пераменаў хочуць і баяцца”</B>


Міхал Стэльмак, Жодзіна Сёньня былы кандыдат у прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пабываў на Меншчыне — у Жодзіне й Барысаве. Нагадаем, паездка палітыка па рэгіёнах Беларусі пачалася 25 чэрвеня з сустрэчаў на Берасьцейшчыне.

Большую частку дня Аляксандар Мілінкевіч правёў у Жодзіне. Паводле палітыка, гэты горад ён абраў не выпадкова:

“Буйны цэнтар. Шмат адукаваных людзей. Пратэстны горад. Інфармаваны горад. У такім горадзе лягчэй знайсьці падтрымку. Цяпер мы пашыраем сетку руху “За свабоду”, і, безумоўна, у Жодзіне ў нас ёсьць людзі, але мы хочам, каб было яшчэ больш”.

Студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяржук Гудзілін — адзін з жодзінскіх прыхільнікаў Мілінкевіча:

“Абавязковая ўмова таго, каб чалавек стаў лідэрам, гэта калі ён наведвае людзей, калі ён размаўляе зь людзьмі, калі ён ведае сытуацыю ў рэгіёнах. З гэтага гледзішча ў яго фармуецца погляд на ўсю краіну”.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты пабываў ля прахадной БелАЗу, у рабочай сталоўцы, на мясцовых рынках, прайшоўся вуліцамі Жодзіна.

Паколькі масавыя сустрэчы з жыхарамі не замаўляліся ў гарвыканкаме, палітык абмежаваўся непрацяглымі гутаркамі з асобнымі жодзінцамі.

Шмат хто зь іх памятае яго прозьвішча як кандыдата ў прэзыдэнты. Некаторыя спадзяюцца, што прыезд Мілінкевіча дапаможа вырашыць мясцовыя праблемы. Напрыклад, пэнсіянэр Мікалай Шыранкоў:

“Бегавой дарожкі на стадыёне няма. Ужо гадоў пяць мінула, як гэтую дарожку скавыралі, і немагчыма бегаць. Каб народ там мог трэніравацца, прыйсьці туды і займацца спортам”.

“Што вы ведаеце пра Мілінкевіча?”

“Я пра яго чытаў, ён там выкладчык інстытуту. Нават калі ён меціць у прэзыдэнты, то я, канечне, параіў бы, каб такія людзі праходзілі ў наш урад. Патрэбныя новыя кадры, каб новыя людзі камандавалі народам, новая кроў патрэбная”.

З другога боку, многія жодзінцы, якія чулі пра апазыцыйнага палітыка, пазьбягалі адкрытых гутарак зь Мілінкевічам.

Мясцовы актывіст руху Юрась Жылко сказаў:

“Страх заўсёды прысутнічае ў жыцьці. І раней быў. Але цяпер ён агульнадзяржаўны”.

Сам Аляксандар Мілінкевіч разумее, чаму людзі асьцерагаюцца сустракацца зь ім:

“Тут іх ня трэба папракаць гэтым. Наскокам, вось прыехаў былы кандыдат у прэзыдэнты, і каб тут адразу вось ажывілася, такога не бывае. Гэта патрэбна вялікая-вялікая праца на доўгі час.

Месяцы-месяцы працы тысяч і тысяч людзей. Цудаў не бывае. Але аднымі заклікамі людзей не проймеш. Трэба страх зьмяншаць, трэба даваць на пэрспэктыву. Людзі пераменаў хочуць і баяцца”.

А.Мілінкевіч, Жодзіна, БелАЗ
А.Мілінкевіч спадзяецца знайсьці ў Жодзіне новых прыхільнікаў

А.Мілінкевіч, Жодзіна, БелАЗ
А.Мілінкевіч ля прахадной БелАЗу абмяркоўвае праблемы прадпрыемства

• А.Мілінкевіч: “Людзі хочуць працаваць, а прапановаў ім няма”, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG