Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрылася беларуская прамысловая выстава


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава На беларускай выставе прадстаўленая прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў розных галінаў прамысловасьці. Нягледзячы на не найлепшыя палітычныя дачыненьні паміж краінамі, гандлёвы абарот паміж Польшчай і Беларусьсю расьце.

Звонку гмаху, у якім адбываецаа выстава – аўтобусы і грузавікі, унутры – прэзэнтацыя беларускай бялізны, турыстычных фірмаў, гарэлкі, дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і нават сынтэзатара мовы.

“Чакаем ад выставы дзелавых кантактаў і плённага супрацоўніцтва, каб польскія турысты прыяжджалі да нас“, – кажа Міхась Кажура прадстаўнік гарадзенскага аблвыканкаму, адказны за турызм.

Гэтыя спадзяваньні небеспадстаўныя. Цягам апошніх трох гадоў таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай павялічыўся прыкладна ў два з паловай разы і дасягнуў летась узроўню 1800 мільёнаў даляраў.

Амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка кажа, што гэта зьвязана з эканамічным ростам як у Польшчы , так і ў Беларусі:

“Зразумела, што палітыка мае ўплыў на эканамічныя адносіны, але прыклад апошніх чатырох гадоў паказвае, што ў нашым выпадку нэгатыўнага ўплыву не было. Канешне, ёсьць і праекты, якія ня могуць быць рэалізаваныя без адпаведных палітычных рашэньняў”.

Між тым кандыдат эканамічных навук Валер Кругавы рост таваразвароту паміж Польшчай і Беларусьсю тлумачыць ростам коштаў на нафтапрадукты, а што да палітыкі, дык, паводле спадара Кругавога, яна ўплывае перадусім на замежныя інвэстыцыі, якіх у Беларусі вельмі мала, а не на гандаль:

“Падстава таваразвароту – гэта прадукты нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Расейцам выгодна перапрацоўваць нафту на беларускіх заводах і прадаваць у тую самую Польшчу. Па-другое, праз свабодныя эканамічныя зоны Беларусі польскія фірмы шмат працуюць на Расею і СНД – гэты канал разьвіваецца”.

Яшчэ адно тлумачэньне таго, чаму, насуперак дрэнным палітычным дачыненьням, бізнэс робіць сваю справу, нам даў польскі бізнэсовец Аркадыюш Жузанюк:

“Там ужо шмат замежных інвэстараў, немцы вельмі актыўныя. Таму калі мы цяпер таксама не замацуемся на беларускім рынку, дык потым, калі эканамічная сыстэма зьменіцца, нас туды папросту не пусьцяць канкурэнты”.

Беларуская прамысловая выстава ў Варшаве

Беларуская прамысловая выстава ў Варшаве

Беларуская прамысловая выстава ў Варшаве

Беларуская прамысловая выстава ў Варшаве

“Польшча выступала супраць выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу” – пра гэта заявіў сёньня ў Варшаве намесьнік міністра эканомікі Польшчы Марцін Каролец пасьля адкрыцьця беларускай эканамічнай выставы. Ён сказаў, што Варшава “была адвакатам Беларусі пры абмеркаваньні пытаньня мытных прэфэрэнцый, але большасьць краінаў Эўразьвязу вырашыла не пакідаць гэтую сыстэму адносна Беларусі”. Спадар Каролец выказаў спадзяваньне, што скасаваньне прэфэрэнцый не адаб’ецца нэгатыўна на ўзаемным таваразвароце. (паводле агенцыі "Інтэрфакс")
XS
SM
MD
LG