Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У Бэрліне абмяркоўваюць пэрспэктывы для Беларусі</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў сталіцы Нямеччыны адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Пэрспэктывы для Беларусі”. У ёй удзельнічалі дэпутаты Бундэстагу, а таксама палітыкі ды экспэрты Нямеччыны і Беларусі. У Бэрлін прыбыла дэлегацыя зь пятнаццаці прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў і экспэртаў.

У беларускую дэлегацыю ўвайшлі ня толькі менскія, а і рэгіянальныя палітыкі — з Барысава, Гомелю, Горадні.

Леў Марголін з Барысава гаворыць:

“Я думаю, што гэта, можа, ёсьць вынікам пэўных зьменаў у тактыцы аб’яднаных дэмакратычных сілаў. А, можа (я ня ведаю яшчэ добра, чыя гэта ініцыятыва), гэта ініцыятыва немцаў? Можа, яны хочуць таксама паслухаць думкі і рэгіянальных актывістаў?”

Спадар Марголін адзначае інтарэс да канфэрэнцыі:

“Тут сабралася каля ста пяцідзесяці чалавек. Ёсьць, канечне, і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Але пераважна гэта немцы, шмат дэпутатаў Бундэстагу.

Усе нашы лідэры, пачынаючы зь Віктара Карняенкі (ён тут прадстаўляе Аляксандра Мілінкевіча), выступілі: і Лябедзька, і Калякін, і Вячорка.

Уражаньне ў мяне нядрэннае, хаця сёньня ж, па сутнасьці, толькі першы поўны дзень мы тут знаходзімся. Так што грунтоўныя высновы рабіць яшчэ рана”.

Сустаршыня палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька гаворыць, што ініцыятыва гэтай паездкі належыць генэральнаму сакратару партыі ХДС Рональду Пафалу:

“Учора ў нас была амаль трохгадзінная сустрэча з Пафалам і ягонымі калегамі. Ён перадаў нам прывітаньне ад канцлера, зь якой размаўляў перад нашай сустрэчай. І сёньня, ужо перад пачаткам канфэрэнцыі, ён меў размову з Ангелай Мэркель, якая зноў жа цікавілася падрыхтоўкай да канфэрэнцыі й сытуацыяй у Беларусі. Таму можна сказаць, што цікавасьць да Беларусі існуе і ў першай асобы Нямеччыны, і ў людзей зь яе атачэньня. І гэта вельмі важна”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што сустрэўся на канфэрэнцыі з былым кіраўніком Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Гансам-Георгам Вікам:

“Спадар Вік паводзіць сябе актыўна: задае пытаньні і сам удзельнічае ў дыскусіі”.

Беларуская дэлегацыя прабудзе ў Бэрліне тры дні. Для яе заплянаваныя сустрэчы ў ведамстве Фэдэральнага канцлера, МЗС, Бундэстагу.

• Мілінкевіча ў замежных паездках замянілі прадстаўнікі рэгіёнаў, 25.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG