Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе прытуліцца газэце “Ганцавіцкі час”?


Вячаслаў Кулік, Менск Набіраюць і вярстаюць чарговы нумар рэгіянальнай газэты “Ганцавіцкі час” сёньня дома ў супрацоўніка выданьня. Тыдзень таму рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, якое належыць дзяржаве, а знайсьці новае не ўдаецца. Чаму кіраўніцтва Ганцавіцкага раёну перашкаджае незалежнаму выданьню?

За некалькі дзён да завяршэньня падпіскі на паўгодзьдзе газэта “Ганцавіцкі час” не саступае мясцовай раёнцы “Савецкае Палесьсе”. Наклад недзяржаўнага выданьня ў другім паўгодзьдзі дасягне трох тысяч асобнікаў.

І менавіта на ўздыме папулярнасьці газэта засталася без памяшканьня.

Рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пятро Гузаеўскі тлумачыць:

“Будаўнічая арганізацыя ПМК-7 — там ёсьць вольныя памяшканьні. У інтэрнэце, дарэчы, абвестка вісіць, што ў арэнду здаецца адміністрацыйны будынак. Прыяжджаю, а мне кажуць: “У нас нічога няма”. Хаця ж пустуюць памяшканьні. Падманваюць! Хадзіў я і ў Дом быту. Там таксама ёсьць пакоі. І ў гатэлі запытваў. Таксама мёртвы нумар”.

Чыноўнік А.Далянчук: “У райцэнтры на сёньня пустуюць плошчы”

За эканоміку Ганцаўшчыны адказвае намесьнік старшыні райвыканкаму Андрэй Далянчук. Паводле ягоных зьвестак, у райцэнтры пустуюць плошчы памерам больш як тры тысячы квадратных мэтраў.

Чыноўнік кажа, што кожны месяц бюджэт губляе як мінімум 12 тысяч эўра. Запытваю ў эканаміста Далянчука: чаму ў такім разе не разглядаецца просьба рэдакцыі газэты “Ганцавіцкі час” на арэнду вольнага памяшканьня?

“Мне цяжка гаварыць на гэтую тэму. Я не ўпаўнаважаны вырашаць такія пытаньні”, — цьвердзіць суразмоўца.

Ідэоляг Ганцавіцкага райвыканкаму Лідзія Занька таксама адмаўляецца абмяркоўваць праблемы газэтчыкаў:

“Гэтая газэта зарэгістравана ў Баранавічах, і ў яе тут няма месца. Таму я ўвогуле нічога пра яе ня ведаю — з офісам яны ці не”.

Ідэоляг Л.Занька: “Я не чытаю газэту “Ганцавіцкі час”

Цікаўлюся: ці чытае газэту “Ганцавіцкі час” спадарыня Занька?

“Ведаеце, не. У мае функцыянальныя абавязкі гэта не запісана”.

Чаму мясцовыя чыноўнікі ігнаруюць рэгіянальную прэсу? Гутарым з галоўным рэдактарам выдавецкага Дому “Інтэкс-прэс” у Баранавічах Алесем Белым. Акрамя газэты “Ганцавіцкі час” ён рэдагуе недзяржаўныя газэты ў Ляхавічах, Нясьвіжы ды Пінску.

“Расьце попыт і папулярнасьць мясцовых недзяржаўных выданьняў. Адчуваючы ў гэтым рызыку, чыноўнікі нават адказвалі нам у лістах: “Газэта дэстабілізуе сытуацыю”. Атрымліваецца, што калі мы пішам пра дрэнныя заробкі ў людзей, што горшае жыцьцё, што ўсе сталыя мужчыны выяжджаюць на працу ў Расею, то яны лічаць, што “гэта дэстабілізацыя”. І што такой газэце ня месца ў раёне. Тым ня менш, мы думаем, як вырашаць гэтае пытаньне. Журналісты ня могуць працаваць у кватэрах”.

• У Ганцавічах журналісты недзяржаўнай газэты абараняюць міліцыянта, 9.04.2007 • Пракуратура папярэдзіла незалежную газэту “Ганцавіцкі час”, 27.02.2007
XS
SM
MD
LG