Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Да вайны было спрытна. Ня вёска, а мястэчка Кублічы называлася”


Зьміцер Бартосік, Кублічы, Вушацкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Кублічы — мястэчка, якое стала для Васіля Быкава першым горадам, цэнтрам навакольнай цывілізацыі.

Вось што піша пра Кублічы Быкаў у “Доўгай дарозе дадому”:

“А колісь гэта была слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысьцілі й дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублічах нарадзіўся Вярыга-Дарэўскі, вядомы літаратар, удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Была таксама сынагога, школа і нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня.

Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавай пракуратуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзілі высокім дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, да якой прыладзілі ручны кулямёт”.

Мы, у кампаніі зь мясцовым чыноўнікам ад энэргетыкі Аляксандрам Рыгоравічам, моцным здаравяком гадоў пяцідзесяці, едзем па мястэчку да найстарэйшай яго жыхаркі.



Карэспандэнт: “А ён сюды прыяжджаў, у Кублічы?”

Аляксандар: “Вельмі шмат разоў прыяжджаў. Сустракалі яго тут заўжды вельмі цёпла. Ён да людзей ставіўся па-зямляцку. Кожны яго прыезд, гэта была нейкая пэўная аддушына, ці прамень сьвятла, ці што. Гэта быў унікальны чалавек”.

Паводле ляндшафту Кублічы — адно з найпрыгажэйшых мястэчак, якія мне даводзілася бачыць. Мястэчка разьляглося на крутых пагорках, з-за чаго карцінка перад вачыма заўжды мяняецца. Пэрспэктыва вуліцы то рэзка сыходзяць у дол, то перад вачыма адкрываецца цудоўны выгляд старога замчышча.

Але ад былой старасьвеччыны амаль нічога не засталося. З усяго, што апісана ў Быкава, злы лёс, чамусьці, пашкадаваў адно — толькі будынак той межавай пракуратуры. Ён і цяпер стаіць як новенькі, амаль насупраць рэшткаў царквы.



Карэспандэнт: “А гэта камэндатура?”

Аляксандар: “Так. Гэта была камэндатура. Глядзіце, вунь дом, вунь дом — гэта ўсё былі габрэйскія дамы. Вунь дом стаіць на падмурку старога дому. А царква... Вось усё, што засталося. Калёна была яшчэ, дзеці разьбілі. Там прарублены ўваход у падвал. Бульбу там захоўваюць па сёньняшні дзень”.

Каля царкоўнага муру ізноў адкрываю “Доўгую дарогу дадому”.



“Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расьцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянэры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. І мы піянэры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбяцейкі, у яікя шмат год хадзілі ў школу нашыя хлопцы.

У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленьнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькімі сылікатнымі будынкамі на пачатку”.

Баба Маня, якая ўсе свае восемдзесят гадоў жыве ў Кублічах, хадзіла ў адну школу з Быкавым. Нават у адзін час. Але Васіля з Бычкоў яна ня памятае. Затое памятае шмат іншага.



Маня: “Ой, нашая царква была, такой нідзе ня было. Гэта я помню”.

Карэспандэнт: “А Кублічы калі былі прыгажэйшыя — тады, да вайны, ці сёньня?”

Маня: “Усё было. І яўрэяў поўна было. Дом на даму быў. Канечне, да вайны было спрытна. Ня вёска, а мястэчка Кублічы называлася. Аптэка тут стаяла. А як ідзеш у Полацкую вуліцу, на рагу, дзе цяпер сталовая, была швачная, дзе выраблялі панчохі. Было нармальна ў Кублічах да вайны”.

Аляксандар: “Працавала сорак крамаў да вайны. Былі, якія працавалі круглыя суткі”.

Маня: “Яўрэі гандлявалі”.

Аляксандар: “Гэтая вуліца была яўрэйскае гета. Камэндант нямецкі любіў такі занятак. У начоўках запрагаў некалькі яўрэяў, і яны яго каталі, як на санках. І ён пугай іх паганяў”.

Карэспандэнт: “А мяжа з Польшчай тут недалёка была?”

Маня: “Мы ў лес ні нагой. Тут жа застава стаяла, на нашым полі. На самай граніцы жылі”.

Карэспандэнт: “А адтуль пераходзілі людзі, з Польшчы?”

Маня: “Тайна ж пераходзілі. Забілі ж наўмысна салдата. На мяжы ў трыццаць дзявятым”.

Карэспандэнт: “А хто забіў?”

Маня: “Палякі”.

Пра тое забойства на мяжы згадвае і пісьменьнік:

“У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзі, пасьля вядомага разгрому кампартыі і камсамолу. Хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі, — як жа, вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылі, як іх ранкам вялі з заставаў у камэндатуру, і яны пасьміхаліся. А пасьля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везьлі далей, і рукі іх былі закладзеныя назад ці, можа, зьвязаныя, і яны не пасьміхаліся.

Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічнкіа. Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма — свае ў мэтах правакацыі, як гэта яны здаўна рабілі”.

Маня: “Раз пераплылі былі гусі на нашу тэрыторыю. Нашы забралі і пагналі ў камэндатуру. І празь перамовы ўсё назад вярнулі”.

Карэспандэнт: “Гусей пагналі ў камэндатуру?”

Маня: “Так. Ня з нашай жа тэрыторыі, а з заходняй!”

Карэспандэнт: “А якія чуткі хадзілі, як там жыцьцё?”

Маня: “Мы жылі лепей. Як адкрылі граніцу, казалі, з мылам было кепска, з запалкамі кепска. З усім было кепска ў Польшчы. А ў нас яшчэ было мірыма”.

Карэспандэнт: “Але ў іх было ўсё сваё, а тут калгаснае”.

Маня: “Хто працаваў у калгасе і не ленаваўся, дык і той жыў. А хто ляніўся, той нічога ня мае”.



Ад той даваеннай Кубліцкай школы не засталося і знаку. Яна згарэла ў вайну. Новая школа нічым асаблівым не вылучаецца. Тыповая. Савецкая. Сылікатная. Сярэдняя. Засьпеўшы на школьным ганку дырэктарку, я ўжо загадзя ведаў, што яна раскажа і якою інтанацыяй.

Карэспандэнт: “Колькі вучняў цяпер у Кубліцкай школе?”

Дырэктарка: “У гэтым годзе 86 вучняў. На наступны — 79. І з кожным годам усё менш і менш”.

Карэспандэнт: “А яны ведаюць, што ў іхнай школе вучыўся Васіль Быкаў?”

Дырэктарка: “Канечне, ведаюць. У нашай школе створаны куток, прысьвечаны Васілю Быкаву. Наша піянэрская арганізацыя носіць імя Васіля Быкава”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце, ён узрадаваўся б гэтаму ці не?”

Дырэктарка: “Канечне б, узрадаваўся гэтаму. Таму што ён вучыўся ў гэтай школе. І тое, што яго помняць, гэта вельмі добра”.

Карэспандэнт: “А яны чытаюць яго ці не?”

Дырэктарка: “Чытаюць. У нас настаўнікі беларусай мовы вельмі добрыя, якія прывіваюць любоў да беларускай мовы, да беларускай культуры. У тым ліку і да твораў Васіля Быкава”.

Бычкоўскай дарогай тры васьміклясьніцы вярталіся ў Кублічы з суседняй вёскі.



Карэспандэнт: “А вы ведаеце такога пісьменьніка — Васіля Быкава?”

Дзяўчаты: “Так”.

Карэспандэнт: “А вы яго чытаеце ці не?”

Дзяўчаты: “Так”.

Дзяўчына: “Вельмі цікавыя кнігі”.

Карэспандэнт: “А хоць адну назавіце”.

Дзяўчына: “Адна ноч”, “Круты бераг ракі”, “На ўсходзе сонца”, “Сваякі”, “Сотнікаў”, “Яго батальён”.

Карэспандэнт: “Вы ўсё гэта чыталі?”

Дзяўчына: “Не. Але зьбіраюся прачытаць палавіну”.

Калі хочаце пабачыць у Кублічах сапраўды нешта незвычайнае і таямнічае, ідзеце ў бок Бычкоў. Першая вёска за мястэчкам будзе Двор-Слабодка. Тут таксама, дарэчы, была школа, дзе Быкаў вучыўся два гады.

У самым пачатку вёскі, праваруч, за пару дзясяткаў мэтраў ад дарогі, вы ўбачыце камень. Дакладней, толькі яго верхнюю частку. Велізарны каменны айсбэрг паказаўся толькі сваю паверхню, на якой можна заўважыць штучнае паглыбленьне, поўнае дажджавой вады.



Карэспандэнт: “Вось дык камень!”

Аляксандар: “Гэтае паглыбленьне зробленае штучна. Гэтая рабілася спэцыяльна. Вакол гэтага камяня нашыя продкі тут адпраўлялі свае рытуалы”.

Карэспандэнт: “Гэта такі камень-капішча?”

Аляксандар: “І так можна сказаць”.

Прыкладзіце да яго цёплай паверхні руку. Магчыма, яна памятае цяпло і быкаўскай рукі. Гэты беларускі помнік гісторыі ніколі ня будзе зьнішчаны ніякай уладай. Ён тут ляжаў тысячагодзьдзі й будзе ляжаць да канца сьвету. Ці не адсюль любоў Васіля Быкава да валуноў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG