Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Саньнікаў: ААН – не аўтарытэт у правах чалавека


Радыё Свабода Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за спыненьне фінансаваньня Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека. Адпаведную папраўку ў бюджэт на 2008 год, якая забараняе любое фінансаваньне Рады ААН, прагаласаваў 241 кангрэсмэн, супраць былі 178 дэпутатаў.

18 чэрвеня Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека выключыла Беларусь і Кубу са сьпісу краінаў, у якіх вядзецца сталы маніторынг сытуацыі з правамі чалавека, былі скасаваныя мандаты дакладчыкаў рады па гэтых краінах. У сьпісе краінаў, дзе назіраньне за правамі чалавека будзе весьціся на сталай аснове, засталіся 9 краінаў, у тым ліку Паўночная Карэя, Бірма, Самалі і Судан.

18 чэрвеня прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак выказаў расчараваньне Злучаных Штатаў гэтымі рашэньнямі Рады. Ён падкрэсьліў, што Рада амаль цалкам засяродзіла сваю ўвагу на Ізраілі, не закрануўшы сур''ёзныя парушэньні правоў чалавека ў такіх краінах, як Бірма, Зімбабвэ, Паўночная Карэя, Беларусь і Куба.

"Рашэньне Кангрэсу ЗША - вынік выключэньня з "чорнага сьпісу" Беларусі і Кубы"

Рашэньне Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША спыніць фінансаваньне Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека мы папрасілі пракамэнтаваць міжнароднага каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" Андрэя Саньнікава.

Саньнікаў: “Відавочна, што рашэньне Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША стала вынікам таго, што адбылося ў Радзе ААН, я маю на ўвазе выключэньне з "чорнага сьпісу" дзьвюх краінаў, у якіх парушаюцца правы чалавека і гэта ўсе ведаюць. І наагул, калі ішла гаворка пра рэформу палітыкі ААН у галіне правоў чалавека, калі камісія была скасаваная і была створаная Рада, ужо тады выказваліся сумневы, ці будзе гэты новы орган працаваць так, як яму належыць.

Зразумела, што Злучаныя Штаты заклапочаныя тым, што адбываецца, што гаворка ідзе не пра павагу да правоў чалавека, а пра тое, што краіны, якія іх парушаюць, імкнуцца легітымізаваць гэтыя парушэньні праз ААН”.

"Краіны-парушальніцы імкнуцца легітымізаваць свае парушэньні праз ААН"

Карэспандэнт: “Спадар Саньнікаў, некаторыя, у тым ліку і некаторыя беларускія праваабаронцы, неадназначна рэагуюць на рашэньне аб спыненьні амэрыканскага фінансаваньня Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека, яны перасьцерагаюць, што вынікам такога адсоўваньня ЗША ад гэтай справы ў межах ААН стане тое, што Рада будзе працаваць яшчэ горш, яшчэ шчыльней заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека. Вы ня згодны з такім меркаваньнем?”

Саньнікаў: “Не, я з гэтым нязгодны. ААН не зьяўляецца найбольш уплывовым органам у галіне кантролю і маніторынгу выкананьня правоў чалавека. Міжнародныя няўрадавыя арганізацыі – "Міжнародная амністыя", "Human Right Watch", хэльсынскія камітэты асобных краінаў – больш аўтарытэтныя і больш уплывовыя. Калі краіны-парушальніцы імкнуцца легітымізаваць свае парушэньні праз ААН, я мяркую, тут можна дзейнічаць даволі рашуча”.

ЗША адмовіліся фінансаваць Раду ААН па правах чалавека 25.06.2007 ЭЗ патлумачыў сваё стаўленьне да скасаваньня мандату ААН па Беларусі 22.06.2007 Пазыцыя ААН па Беларусі названая парадаксальнай 22.06.2007 Freedom House асудзіла рашэньне Рады ААН па правах чалавека 21.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG