Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наркаманаў лечаць наркотыкамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі. У Беларусі ўжываюць наркотыкі альбо лечацца ад іх каля 10 тысяч чалавек, зь іх паўтары тысячы – жанчыны. Штогод у сярэднім 100 беларускіх наркаманаў паміраюць ад перадазіроўкі. Наколькі эфэктыўна лечаць гэтую хваробу?

Партрэт беларускага наркамана: 20 гадоў, беспрацоўны, сярэдняя адукацыя, без сям’і. Сярэдняя доза наркотыку каштуе 25-30 даляраў. З-за трывалага недахопу грошай наркаманы рана ці позна становяцца на злачынны шлях. Цяпер у калёніях болей за 1300 нарказалежных.

Гэтымі дадзенымі падзяліліся галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук і адмысловец у справах лячэньня ад наркаманіі Алег Айсберг. Таксама яны распавялі пра навінку ў лячэньні наркаманаў – праз мэтадон. Гэты экспэрымэнт хутка пачнецца ў Гомелі.

Айсберг: “Мэтад дапамогі ў тым, што пацыентам выдаюць раствор мэтадону для ўнутранага ўжываньня, што зьніжае ў іх патрэбу ўводзіць сабе наркотык празь вену. Гэта для тых, хто патрабаваў іншыя мэтады, але не дапамагло”.
”Наркотыкі дастаць ня больш складана, чым набыць малако.”
Максімчук: “Але ўся соль ў тым, што мэтадон сам ёсьць наркотыкам”.

Лячэньне мэтадонам ўжываюць ва ўсёй Эўропе, у Кітаі, Іране. Паварот да гэткай практыкі, паводле нарколягаў, выводзіць Беларусь на перадавыя пазыцыі ў змаганьні з наркатычнай залежнасьцю. Але ці хочуць самі наркаманы вылечыцца ад сваёй хваробы?

Максіму 23 гады. Зь іх наркотыкі ўжываў 6 гадоў. Паводле Максіма, наркаманія ў Беларусі значна памаладзела.

“Цяпер у Беларусі з 15-16 гадоў пачынаюць ужываць наркотыкі. Я сам пачынаў з 15-ці. Наркотыкі дастаць ня больш складана, чым набыць малако. Зайдзіце у любы начны клюб. Колькі яго ні правярае міліцыя, усё роўна заўсёды ёсьць наркотыкі. Яшчэ на рынку моладзь купляе мак, паводле адмысловай тэхналёгіі яго апрацоўваюць і колюцца. Гераін можна купіць лёгка. “Траву” паляць. Ва ўсіх раёнах Менску ёсьць маладзёны 15-ці гадоў, якія без наркотыкаў не ўяўляюць выходных”.

Некалькі гадоў таму Максіму ўдалося адмовіцца ад наркотыкаў, і цяпер ён сам дапамагае наркаманам пазбавіцца залежнасьці: супрацоўнічае з грамадзкай арганізацыяй “Маці супроць наркотыкаў”. Самому Максіму вылечыцца дапамаглі ня мэдыкі ці міліцыя, а сустрэча зь веруючымі людзьмі, вера ў Бога:

“Вера дапамагла захаваць духоўны стрыжань. Мне цяпер ня трэба хлусіць, ня трэба красьці. А наркотык ёсьць наступствам грахоўнага жыцьця”.

Паводле дадзеных міліцыі, летась у Беларусі было зарэгістравана 5 тысяч злачынстваў, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў. У злачынцаў канфіскавана амаль 800 кіляграмаў наркотыкаў. Гэта значна больш за паказчыкі ранейшых гадоў. Але ў міліцыі кажуць, што пакуль для Беларусі куды больш небясьпечны сурагатны алькаголь, а ўжо потым наркотыкі.


• Міністар Навумаў: Сурагатны алькаголь небясьпечнейшы за наркотык, 19.06.2007 • Сёньня – міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі ,26.06.2006 • У Беларусі ВІЧ-інфікаваных штогоду более на 700 чалавек , 1.12.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG