Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 25 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд форумаў і блогаў байнэту

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра інцыдэнт зь нібыта затрыманьнем актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” і Партыі БНФ, у ноўтбуках якіх нібыта знайшлі файлы з дапаможнікамі для тэрарыстаў і самагубцаў. Камэнтары:

“А здохлых пацукоў у ноўтбуках не было?”;

“Відаць, файлы былі запісаныя пры праверцы ноўтбукаў”;

“Нават калі такія файлы былі, у іх няма анічога супрацьзаконнага”;

“Як часта пры перасячэньні мяжы ў вас праглядаюць схаваныя файлы ў фотаапаратах і захаваныя смс-кі ў мабільніках?”

“Чарговая танная правакацыя ўладаў”.

Там жа на формах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што ад 1 ліпеня Менгарвыканкам адмяняе льготы грамадзянам, якія стаяць на ўліку на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Цяпер кошт аднаго квадратнага мэтра для названай катэгорыі грамадзянаў будзе каштаваць на 9 працэнтаў болей. Камэнтары:

“Ну і добра. Гэта будзе справядліва ў адносінах да тых, хто сам будаваў жытло”;

“З-за ільготнага крэдытаваньня вырасьлі кошты на пакупку і арэнду жытла. Крыўдна, што хтосьці атрымлівае льготны крэдыт, а пасьля здае кватэру таму ж падаткаплатніку, які праплаціў крэдыт. Краіна перамоглага сацыялізму”;

Былы выпускнік Беларускага гуманітарна-адукацыйнага ліцэю пад кіраўніцтвам Уладзімера Коласа koziel дзеліцца ў сваім дзёньніку ўражаньнямі ад падпольнага выпускнога вечару зачыненай ўладамі навучальнай установы:

“На газоне ля катэджа драўляныя лаўкі. Тыя самыя, што бацькі зьбівалі 1 верасьня 2002 – у першую восень пасьля ліквідацыі ліцэю. ... Гэты выпускны, бадай, самы нефармальны і хаатычны, які я толькі бачыў. І самы мініятурны. ... У катэджы некалькі паверхаў. На першым сьвяткуюць ліцэісты – з шампанскім, ананасамі і масьлінамі, на другім – выкладнікі з бацькамі. Апошнія ўсю ноч шчабечуцца пра дзетак, якія толькі што “сталі дарослымі”. На першым дурэюць. ... Выпуск 2007… не, ня самы партызанскі. Самы наіўны :) многім ім здаецца, што ўсё закончылася. Не. Усё толькі пачынаецца”.

Карыстальнік блог-парталу “Жывы журнал” пад нікам Salihorsk задае пытаньне ў сваім дзёньніку: “Як вы ўвогуле ставіцеся да графіці палітычнага зьместу? Большасьць выказвае абурэньне, незадавальненьне. А што думае тая моладзь, якая выходзіць ноччу, ахвяруючы часам і свабодай? Пэўна, што замала места ў месцах дазволеных для рэклямы для выказваньня сваіх думак, пэўна, гэта яшчэ і крык адчаю, своеасаблівы пратэст супроць бязьдзеяньня дэмакратычных сілаў, што імкнуцца вырашыць праблемы праз дыялёгі і круглыя сталы?”. Камэнтары:

“Меркаваньне тых, хто графіці наносіць нічога не вартае. Як правільна наносіць графіці і дзе — цэлая навука, пра гэта ёсьць нават і кнігі. Наносіць трэба, але Божа барані зьявіцца гэтай графіці на сьцяне архітэктурнага помніка ці на фасадзе сучаснага будынка. Тут вельмі тонкі псыхалягічны момант”;

“Стаўлюся вельмі станоўча. Ды і як такое пытаньне можна ставіць. Альбо ты робіш альбо не. Альбо яно табе трэба альбо не. Навошта рабіць напалову?”

На афіцыйным сайце фан-клюбу “NRM” выкладзены новы кліп гурту на песьню “Менск і Мінск”:

Водгукі гледачоў:

“Брыдкі кліп. Няўжо не знайшлося рэжысэра, які разумее сэнс песьні...”;

“Кліп ня вельмі, але ніякі кліп не папсуе ўражаньне ад такой песьні”;

“А мне вельмі спадабалася =)))) Лепшае з таго што я бачыў =)”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG