Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ураду Чэхіі сустрэўся зь беларускімі стажыстамі


Радыё Свабода Сёньня прэм’ер-міністар Чэхіі Мірэк Тапалянэк (на фота) сустрэўся зь пяцьцю беларускімі стажыстамі, якія навучаюцца ў Чэхіі ў межах праекту “Стажыроўка Паўла Тыгрыда”, арганізаванага Асацыяцыяй міжнародных пытаньняў. Стажысты, якія паводле палітычных прычынаў ня могуць навучацца ў Беларусі, працуюць у Чэхіі па розных спэцыяльнасьцях. Зараз яны праходзяць трохмесячную адукацыйную практыку.

Пра сёньняшнюю сустрэчу беларусаў з кіраўніком чэскага ўраду мы папрасілі распавесьці Антаніна Бэрдыха, старшыню Асацыяцыі міжнародных пытаньняў:

Бэрдых: “Спадар Тапалянэк доўгі час сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі. Ён сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і ў той час, калі яшчэ ня быў прэм''ерам і сам знаходзіўся ў апазыцыі. Сёньняшняя сустрэча, аднак, была своеасаблівая тым, што ягонымі суразмоўцамі былі не прадстаўнікі беларускіх палітычных партый, а шараговыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

Менавіта пасярэдніцтвам гэтай сустрэчы спадар прэм''ер мог даведацца зь першых рук аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Для іх гэта была таксама важная сустрэча, таму што яны атрымалі ўяўленьне аб тым, які падыход мае Чэхія да Беларусі, якія пэрспэктывы бачыць у гэтым кірунку чэская дыпляматыя. Думаю, што гэтая сустрэча была цікавай для абодвух бакоў”.

Пра праграму “Стажыроўка Паўла Тыгрыда” спадар Бэрдых распавёў наступнае.

Бэрдых: “Праект "Стажыроўка Паўла Тыгрыда" наша арганізацыя ладзіць ужо другі год. Сэнсам гэтага праекту ёсьць запрашаць у Чэскую рэспубліку прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, знаёміць іх з установамі Чэскай рэспублікі, мясцовым самакіраваньнем, недзяржаўнымі арганізацыямі, адукоўваць іх у вобласьці трансфармацыйных працэсаў у аўтакратычных рэжымах кірункам да дэмакратыі. Сёлета ў праекце удзельнічаюць 5 чалавек зь Беларусі, летась іх было 6. Звычайна, удзельнікі нашых стажаў – маладыя людзі ад 23 да 30 гадоў".

Даведка: Павал Тыгрыд (1917 – 2003) – славуты чэскі журналіст, у 1939-45 і 1948-89 гг. палітычны эмігрант, заснавальнік часопісу «Сьведчаньне», супрацоўнік «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода», міністар культуры Чэхіі ў 1994 – 96 гг.


Лідэр чэскіх дэмакратаў лічыць В.Вячорку ўзорам палітыка 02.06.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG