Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрасаміт: Эўропа зноў працуе


Кастусь Бандарук, Прага У гэтыя выходныя ў Брусэлі завяршыўся двухдзённы саміт 27 краін Эўразьвязу. Пасьля двух дзён напружаных дэбатаў у суботу раніцай Польшча зьняла свае засьцярогі, адмовілася ад вэта і пагадзілася на кампраміснае рашэньне ў справе новай Дамовы Эўразьвязу, якая заменіць Канстытуцыю, адкінутую раней Францыяй і Галяндыяй.

Асноўная пагроза зрыву саміту зыходзіла ад Польшчы. Варшава не пагаджалася на новы падзел галасоў у Радзе Эўразьвязу, так званую “падвойную большасьць”, які даваў бы больш галасоў краінам зь вялікай колькасьцю насельніцтва, у прыватнасьці Нямеччыне і Францыі. У новым варыянце прапанавалася, што любое рашэньне можа быць прынятае пры падтрымцы 55% краін, у якіх жыве 65% насельніцтва Эўразьвязу.

Прэзыдэнт Лех Качынскі прыехаў у Брусэль з рашучым намерам адстойваць прынцып “квадратнага кораня”, пры якім зьмяншаецца на карысьць меншых краін непасрэдная залежнасьць колькасьці насельніцтва і колькасьці галасоў. У выніку ажыўленых дэбатаў Польшча зьняла свае засьцярогі і пагадзілася на кампрамісны варыянт. Значную ролю ў дасягненьні кампрамісу адыграў новы францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі, які заявіў:

“Тут няма ні пераможцаў, ні пераможаных. Эўропа ізноў працуе, ясна акрэсьлены мандат і вызначаныя даты. Цяпер мы маем эфэктыўныя эўрапейскія інстытуты. Гэта вельмі важная навіна. Магчыма, гэта быў найбольш важны эўрасаміт за многія гады”.

Паводле дасягнутага ў Брусэлі пагадненьня ўвядзеньне новага падзелу галасоў адтэрміноўваецца да 2014 году. Да гэтага часу будзе захаваны стары падзел галасоў паводле Дамовы зь Ніцы, згодна зь якой Польшча з насельніцтвам 38 мільёнаў будзе мець у Радзе Эўразьвязу 27 галасоў, тым часам як Нямеччына з насельніцтвам 80 мільёнаў чалавек – усяго на два галасы болей.

Акрамя таго Польшча дамаглася запісу аб эўрапейскай салідарнасьці ў энэргетычных пытаньнях. У Хартыю асноўных правоў Варшава ўнесла таксама запіс аб тым, што кожная краіна будзе мець права прымаць свае законы ў галіне маралі і абароны сям’і.

Акрамя Польшчы пра сваю перамогу на саміце заявілі асноўныя гульцы. Нямеччына, хоць і пазьней, аднак будзе мець найвялікшы ўплыў на прыманьне рашэньняў ў Эўразьвязе. Вялікая Брытанія, якая выступала за абмежаваньне паўнамоцтваў эўрапейскіх інстытутаў, таксама дасягнула сваёй мэты: у краіне далей будуць забароненыя страйкі, і Брусэль ня будзе мець ніякага ўплыву на Лёндан. У сваю чаргу Францыя хацела і дасягнула таго, што з тэксту дамовы быў выкрасьлены запіс аб свабоднай канкурэнцыі на рынках.

Падрабязнасьці новай Дамовы маюць быць прадметам міжурадавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца ўвосень у Партугаліі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG