Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Маладафронтаўцы абвінавачваюць БТ у паклёпе</B>


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” называюць сюжэт, паказаны на першым беларускім тэлеканале 24 чэрвеня, правакацыяй. Яны мяркуюць, што рэпартаж скіраваны супраць актывістаў дэмакратычнага руху.

У “Панараме” гледачам расказалі, што на беларуска-польскай мяжы супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістаў “Маладога фронту” і Партыі БНФ. У іх нібыта праверылі ноўтбукі і знайшлі электронныя дапаможнікі па тэрарызьме. Называліся прозьвішчы студэнтаў-каліноўцаў.

У сюжэце “Панарамы” журналіст Юры Пракопаў паведаміў, што на беларуска-польскай мяжы затрыманыя прэсавы сакратар “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі, кіраўнік гарадзенскай філіі арганізацыі Яўген Скрабутан, а таксама актывісты Партыі БНФ Зьміцер Мальчык і Аляксей Трубкін.

Аўтар сюжэту сьцьвярджаў, што ў хлопцаў, якія вучацца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага, забралі ноўтбукі.

Паводле Юрыя Пракопава, там была інфармацыя пра тое, як падрыхтаваць тэракт, якія выбуховыя прыстасаваньні выкарыстоўваць у бэтонных ці цагляных будынках, а таксама зьвесткі пра наркотыкі й галюцынагены.

Беларускім гледачам распавялі, што насамрэч студэнты ў Польшчы займаюцца не вучобай, а падрыхтоўкай тэрактаў:

“Праграма Каліноўскага яўна не прызначаная для падрыхтоўкі высокаклясных праграмістаў ці эканамістаў, інакш бы яе ўдзельнікі не захоўвалі базу зьвестак для арганізацыі тэрактаў.

Падрыхтоўка баевікоў у эўрапейскай краіне — занятак вельмі спэцыфічны. Адсюль засакрэчанасьць інфармацыі пра каліноўцаў і патрабаваньне кіраўніка праграмы Яна Маліцкага не распаўсюджваць яе вынікаў. Апроч таго, далёка ня кожны здольны выбухаць самаробныя бомбы дзеля дэмакратыі. Адсюль адсеў удзельнікаў праграмы”.

Ніхто з моладзевых актывістаў ня быў затрыманы

Старшыня Камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Іна Кулей лічыць сюжэт на БТ доказам таго, што праграма Каліноўскага перашкаджае плянам уладаў, якія імкнуцца запалохаць дэмакратычную моладзь:

“Праграма Каліноўскага, праграма польскага ўраду ад пачатку была небясьпечнай для беларускага рэжыму. Таму што гэтая праграма дазваляе рэпрэсаваным студэнтам і дзецям рэпрэсаваных сем’яў атрымаць лепшыя эўрапейскія дыплёмы. Ну і, канечне, гэта небясьпечна для тых, хто хацеў бы паказаць, што як толькі ты гаворыш уголас, што табе не падабаецца несвабода ў нашай краіне, ты будзеш выключаны з унівэрсытэту, альбо ўвогуле ў яго не паступіш”.

У той дзень, калі выйшаў сюжэт БТ, Барыс Гарэцкі вылецеў зь Менску ў Страсбур. Нібыта затрыманы Зьміцер Мальчык здае экзамэны ў Кракаўскім унівэрсытэце. У Польшчы знаходзяцца Яўген Скрабутан і Аляксей Трубкін.

Ноўтбук З.Мальчыка мытнікі канфіскавалі яшчэ летась

Бацька Зьмітра Сяргей Мальчык прыгадаў, што ноўтбук, які ён набыў свайму сыну для вучобы, беларускія мытнікі забралі на мяжы яшчэ летась 21 сьнежня і абяцалі пасьля праверкі вярнуць:
С.Мальчык: "Што там было ў ноўтбуку і што туды запусьцілі, канечне, я не магу сказаць, бо за паўгоду там можна што заўгодна зрабіць".
“Я намагаўся цягам чатырох месяцаў вяртаньня гэтага ноўтбука. Увесь час мытнікі паведамлялі мне, што ён знаходзіцца на праверцы, таму вярнуць яго ня могуць. Што там было ў ноўтбуку і што туды запусьцілі, канечне, я не магу сказаць, бо за паўгоду там можна што заўгодна зрабіць у гэтым ноўтбуку”.

Барыс Гарэцкі са Страсбуру паведаміў “Свабодзе”:

“Гэта рэакцыя на тое, што сюды, у Страсбур, запрашаюць апошнім часам зусім не афіцыйную менскую дэлегацыю, а прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Тое, што Беларусь ня мае тут статусу, яшчэ раз сьведчыць пра тое, што Эўропа ня хоча бачыць у сваім складзе такіх прадстаўнікоў, як Лукашэнка, а з дэмакратычнымі сіламі яна гатовая супрацоўнічаць і надалей”.

КДБ: мы ніякіх тэрарыстаў не затрымлівалі

У КДБ адмовіліся ад камэнтароў, сказаўшы, што ніякіх тэрарыстаў не затрымлівалі.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук лічыць, што супрацоўнікі БТ упэўненыя, што іх не прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за паклёп:

“Гэтыя так званыя журналісты з БТ і дзяржаўнага тэлебачаньня абсалютна ўпэўненыя, што іх не прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за паклёп і за іхную хлусьню. Я думаю, што ў нармальнай краіне такія журналісты ня тое што ня мелі б месца працы, але й пэўна зьмянілі б месца свайго жыхарства”.

Маладафронтаўцы плянуюць падаць скаргу ў пракуратуру на БТ і аўтара праграмы Юрыя Пракопава.

Студэнтаў-актывістаў выклікаюць у пракуратуру 15.06.2007 У бацькі моладзевага актывіста Івана Шылы забралі кампутар 05.06.2007
XS
SM
MD
LG