Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульнарэспубліканскага страйку донараў няма


Іна Студзінская, Менск Нягледзячы на тое, што многія беларускія донары абураныя адменай ільготаў, агульнарэспубліканскага страйку няма.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру гематалёгіі й трансфузіялёгіі прафэсар Міхаіл Патапнёў кажа:

“Я на мінулым тыдні быў у камандзіроўцы ў Магілёве, з 20 да 22 чэрвеня. І да маёй радасьці, ніякіх праблемаў нават у Магілёве не было. Ні ў нас, ні ў іх ніякіх праблемаў з донарамі”.

У Магілёве 25 чэрвеня на гарадзкую станцыю пераліваньня крыві прыйшлі 64 донары — прыкладна столькі ж, як звычайна.

Ганаровы донар менчук Яўген Дрозд распавёў, што сталічныя донары прапанову магілёўскіх калег страйкаваць не падтрымліваюць. Яны будуць пісаць звароты ў Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальны сход, іншыя інстанцыі.

“Мы будзем подпісы зьбіраць прэзыдэнту. Але я супраць страйку, і размаўляў пра гэта з магілёўскімі донарамі. Таму што ня дай бог штосьці здарыцца, за гэтыя дні, што яны вырашылі не здаваць. Банк не папаўняецца, а з банку, наадварот, кроў сыходзіць. І гэта будзе сумна”, — мяркуе менскі донар Яўген Дрозд.

Пра сытуацыю ў Віцебску распавядае галоўны лекар гарадзкой станцыі пераліваньня крыві Ўладзімер Ёсіфавіч:

“Абстаноўка нармальная, стабільная, як было раней, так і ёсьць. Донары прыходзяць, здаюць кроў без усялякіх праблемаў. У нас праблемаў не існуе”.

Галоўны лекар Гомельскай гарадзкой станцыі пераліваньня крыві Яўген Лінкевіч пра намер донараў абвесьціць страйк чуў:

“У нас таксама такая спроба была, абвесткі пісалі. Але страйку не атрымалася. Пераважае штодзённая праблема — трэба карміць сям’ю. Людзі зьмірыліся, людзі лічаць капейкі сёньняшняга дня”.

Ганаровы донар Яўген Дрозд здае кроў трыццаць пяць гадоў, прыкладна пяць разоў на год. Спадар Дрозд не выключае, што пасьля адмены льготаў колькасьць донараў можа зьменшыцца. Адменай ільготаў ён абураны:

“Гэтыя льготы яшчэ з савецкага часу. І прэзыдэнт іх зацьвердзіў, калі прыйшоў да ўлады. А адмяняюць тыя, хто мае вялікія льготы. Я ўжо пэнсіянэр. Губляю надбаўку да пэнсіі (хоць яна і мізэрная). Пратэзаваньне зубоў трэба рабіць. І істотная зьніжка была на лекі — 50%”.

Галоўны лекар Гомельскай гарадзкой станцыі пераліваньня крыві Яўген Лінкевіч нядаўна вярнуўся з Варшавы.

Ён распавёў, што польскія донары маюць толькі адзін дзень адпачынку — у дзень здачы крыві, але ў іх бясплатны праезд на гарадзкім транспарце. А адна паездка у варшаўскім транспарце каштуе 2 злотыя 40 грошай (гэта больш за даляр), так што льгота істотная.

Што да адмены льготаў для беларускіх донараў, спадар Лінкевіч выказаў такое меркаваньне:

“Урэшце пазбаўленьне льготаў донараў (а калі яшчэ схамянуцца і адбяруць адзін дзень да адпачынку, які даецца паводле закону) можа прывесьці да таго, што, на жаль, мы можам аказацца бяз донараў і без крыві”.

• Донарка А.Арашыдзэ: “Нічога каштоўнейшага за чалавечую кроў няма” • Апытаньне: ці падтрымліваеце вы страйк донараў?, • Донары Беларусі распачынаюць папераджальны страйк
XS
SM
MD
LG