Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра лета, грошы і адпачынак


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якія вы маеце найбольшыя фінансавыя клопаты гэтым летам? Ці можаце вы дазволіць сабе адпачынак, паездку на мора? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы.

Спадар: “Адпачынак у мяне ўжо скончыўся, я зьезьдзіў да сяброў у Маскву. Заробак мне дазваляе зьезьдзіць куды-небудзь. Шчыра кажучы, я ўсё купіў, што плянаваў да адпачынку: набыў пральную машыну “Бош”, пыласос, засталося толькі мэталічныя дзьверы ў кватэру паставіць, іншых плянаў на гэты год я болей ня маю”.

Малады спадар: “У Крым еду праз тыдзень — праўда, дзікуном. На паўтара тыдня — гэта даляраў пяцьсот разам з дарогай, аўтобусам туды й назад. Прыватны сэктар, горад Кактэбель, хутчэй за ўсё”.

Спадарыня: “Гэтым летам я нікуды ня еду, таму што ў мяне паступае вучыцца мая дачка. Тут ужо не задумваесься, бо дзіцяці патрэбная адукацыя, таму нават калі атрымаецца на платнае навучаньне, дык я ўсе сілы прыкладу, каб яна вучылася. Вазьму, калі што, крэдыт”.

Малады спадар: “У мяне самыя галоўныя выдаткі — гэта выплата крэдыту на жытло, а ў астатнім галоўнае — дажыць да наступнага заробку, вось і ўсё. Гэта трохпакаёвая кватэра, мы ў ёй ужо жывем два гады. Гэта, можна сказаць, сацыяльнае жытло, таму што мы яго атрымалі паводле льготнага крэдыту”.

Спадарыня: “Адназначна можам сабе дазволіць адпачынак — адпускныя ўзялі ды паехалі. Зьбіраемся ва Ўкраіну ў Адэсу, атрымаецца сямсот даляраў на дваіх з дачкой”.

Малады спадар: “Даводзіцца адкладаць грошы цэлы год, бо хочацца выехаць куды-небудзь за мяжу на мора. Калі зь фінансамі будзе добра, тады паеду ў Турцыю, а калі не — тады ў Польшчу, што побач”.

Спадар: “Усё вельмі дорага, цяжка плянаваць, хіба што ў жніўні атрымаецца куды-небудзь паехаць, можа, у Турцыю”.

Спадар: “У дадзены момант мы з адпачынкам нічога сабе дазволіць ня можам, вельмі нізкі заробак, не адпавядае цэнам… Каб зарабіць і паехаць, дапусьцім, у тую ж самую Турцыю адпачыць, ці ў Крым або ў Сочы — цэны паўсюль цяпер зраўналіся, дык гэта практычна немагчыма, бо тады трэба альбо галадаваць, або ва ўсім сабе адмаўляць”.

Стады спадар: “У мяне ёсьць дача, і я нікуды ня еду. У пазамінулым годзе адпачываў — каля Крыму”.

Спадар: “Шчыра кажучы, я не пляную адпачынку, бо праца не дазваляе, трэба працаваць, але зарабіць на адпачынак я магу — на Крым думаю, што цалкам рэальна”.
XS
SM
MD
LG