Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкія выбары хутчэй за ўсё адбудуцца 12 кастрычніка 2008 г.


Радыё Свабода Цэнтральная выбарчая камісія будзе прапаноўваць кіраўніку дзяржавы прызначыць чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на 12 кастрычніка наступнага году. Пра гэта паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна патлумачыла, што паводле закону апошняя магчымая дата правядзеньня выбараў – 15 кастрычніка 2008 года. Але гэты дзень – працоўны, а апошняя нядзеля перад ім – якраз 12 кастрычніка.

На яе думку, Аляксандар Лукашэнка хутчэй за ўсё пагодзіцца з прапанаванай датай, бо раней праводзіць выбары немэтазгодна – яшчэ працягваецца пэрыяд адпачынкаў і сельгаспрацы, а пазьней – нельга паводле закону.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што на выбары прадугледжаны каштарыс у памеры каля 25 мільярдаў рублёў.

Яна падкрэсьліла, што межы акругаў фактычна ня зьменяцца ў параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі: “Гэта дае магчымасьць патэнцыйным кандыдатам ужо зараз пачаць нейкую рэклямную працу ў гэтых выбарчых акругах. Гэтае пытаньне нават тэарэтычна не прапрацоўваецца”, – сказала яна.

Паводле Яромошынай, сыстэма выбараў паводле партыйных сьпісаў супярэчыць замацаванаму ў Канстытуцыі Беларусі праву адкліканьня дэпутатаў.
XS
SM
MD
LG