Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбныя Беларусі замежныя крэдыты?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст Аляксандар Кавалёў.

У чацьвер Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам галяндзкага банку “ABN Amro”, які зьбіраецца выдзеліць Беларусі крэдыт 500 мільёнаў даляраў.

Дзеля чаго беларускае кіраўніцтва імкнецца прыцягнуць вонкавыя фінансавыя рэсурсы? Ці сапраўды сытуацыя зь фінансамі ў дзяржаве такая крытычная? Ці шмат посьпехаў дасягнулі беларускія ўлады ў прыцягненьні замежных крэдытаў?

Ці сытуацыя зь фінансамі ў дзяржаве такая крытычная?

Валер Карбалевіч: “Да гэтага году невялікая вонкавая запазычанасьць (838 мільёнаў даляраў на пачатак году) былі прадметам гонару, адным з прапагандысцкіх козыраў беларускага кіраўніцтва.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы апавядаў, што нам прапаноўвалі грошы і Сорас, і Міжнародны валютны фонд, але мы з прынцыпу ня бралі, каб не апынуцца ў залежнасьці ад вонкавых сілаў, як некаторыя нашы суседзі.

Але сёлета сытуацыя зьмянілася. Хоць афіцыйныя асобы цьвердзяць, што эканамічныя цяжкасьці, узьніклыя ў зьвязку з новымі ўмовамі пастаўкі энэргарэсурсаў, пасьпяхова пераадоленыя, маем прафіцыт бюджэту, але ўрад ліхаманкава шукае замежных крэдытаў у Расеі, Кітаі, Аўстрыі, Галяндыі, Швайцарыі.

Дзеля чаго беларускае кіраўніцтва гатовае ахвяраваць прынцыпамі? Ці сапраўды сытуацыя зь фінансамі такая крытычная?”

Яраслаў Раманчук: “Крытычнага стану беларускай эканомікі пакуль ня бачу. Але трэба выконваць плян росту валавога ўнутранага прадукту на 10%. У зьвязку зь вялікім дэфіцытам замежнагандлёвага балянсу пад канец году зьявіцца дэфіцыт валюты.

Каб выйсьці з сытуацыі, патрэбныя альбо замежныя інвэстыцыі, альбо замежныя крэдыты. Паколькі інвэстыцыйны клімат у нас дрэнны, інвэстыцыі не ідуць, то застаецца браць крэдыты.

У Беларусі крэдытная гісторыя нядрэнная, у нас не было дэфолту, буйных крэдытораў яшчэ ня “кідалі”. Таму крэдыты могуць даць. Але на пэўным этапе крэдыторы зразумеюць, што трэба атрымоўваць запазыку не грашыма, а актывамі.

Існуе рызыка, што крэдыты ня будуць вернутыя. Бо ня выключаны працэс нацыяналізацыі ўласнасьці. Таму замежныя крэдыторы гуляюць у рулетку. Але пакуль ёсьць патэнцыйна прыбытковыя прадпрыемствы нафтахіміі, то ў іх гараць вочы”.

Аляксандар Кавалёў: “Насамрэч па выніках пяці месяцаў мы маем прафіцыт бюджэту. Але ў той жа час ідзе працэс страты прадпрыемствамі абаротнага капіталу. Таму ўлады шукаюць грошы ня дзеля таго, каб закрыць дзірку ў бюджэце, а дзеля выратаваньня прадпрыемстваў. Толькі б не праводзіць структурных рэформаў”.

Карбалевіч: “А чаму прадпрыемствы ня могуць узяць крэдытаў у беларускіх банках, а шукаюць грошы за мяжой?”

Кавалёў: “У беларускіх банках няма грашовай базы, каб выдаваць такую колькасьць крэдытаў. Таму грошы шукаюць за мяжой. Зьвярніце ўвагу, расейскі “Внешторгбанк” выдае крэдыт “Белаграпрамбанку”, а ня ўраду”.

Праблема фінансавая ці псыхалягічная?

Карбалевіч: “Нядаўна падчас прызначэньня новага старшыні Менскага аблвыканкаму Лукашэнка прызнаўся, што ў канцы мінулага, пачатку гэтага году была крытычная сытуацыя, нам пагражаў дэфолт. Хоць адмыслоўцы кажуць, што дэфолту ў поўным значэньні гэтага слова быць не магло.

Але з словаў кіраўніка дзяржавы вынікае, што ў кіроўных колах былі панічныя настроі. Дык, можа, тут праблема не эканамічная, не фінансавая, а псыхалягічная?”

Раманчук: “У эканоміцы, фінансавай сыстэме любой краіны псыхалёгія адыгрывае важную ролю. На псыхалёгіі трымаюцца валютныя курсы, спэкулятыўныя апэрацыі.

Прызнаньне Лукашэнкі пра пагрозу дэфолту вельмі паказальнае. Паводле інфармацыі з кіроўных колаў, у некаторыя моманты напрыканцы мінулага, пачатку гэтага году ў Нацыянальнага банку ўвогуле не было рэзэрваў. Сытуацыя сапраўды была небясьпечная. Адсюль імкненьне атрымаць крэдыты.

Шмат краінаў, сутыкнуўшыся з такой сытуацыяй, атрымалі інфляцыю, дэвальвацыю, дэфолт. Таму беларускім уладам выгадная сытуацыя, калі замежныя крэдыты бярэ ня ўрад, а нашы банкі. І ў выпадку крызісу банкрутам апынецца банк, а ня ўрад.

Возьмем гэты прыклад, калі расейскі “Внешторгбанк” выдае крэдыт “Белаграпрамбанку”. Але тыя крэдыты, якія “Белаграпрамбанк” выдае сельскагаспадарчым суб’ектам, можна лічыць палітычнымі.

У першыя месяцы гэтага году Беларусь прыцягнула сотні мільёнаў даляраў замежных крэдытаў пад гарантыі ўраду. Але куды яны пайшлі? З пачатку году складзкія запасы павялічыліся больш чым на 500 мільёнаў даляраў.

Ніхто ня лічыць колькасьці дрэнных крэдытаў. Расьце колькасьць інвэстыцыйных хібаў. І калі надыдзе крызіс, перад уладамі ўзьнікне дылема: ці ахвяраваць грашыма ўкладчыкаў, ці “кінуць” замежных крэдытораў”.

Карбалевіч: “Але “Белаграпрамбанк” — банк не прыватны, а дзяржаўны. Хіба ўрад ня будзе адказваць паводле ягоных запазыкаў у выпадку банкруцтва?”

Раманчук: “Кал дзяржаўны банк банкруціцца, то гэта не азначае, што ўрад павінен аўтаматычна выплачваць яго запазыкі. Усё залежыць ад таго, ці быў крэдыт выдадзены пад гарантыі ўраду”.

Кавалёў: “Калі пашукаць, чым Беларусі можна ганарыцца ў эканамічнай палітыцы апошніх 10—15 гадоў, то гэта тым, што мы ня бралі шмат крэдытаў і не пераклалі нашыз праблемаў на нашчадкаў.

Але цяпер нашы прадпрыемствы без крэдытаў не канкурэнтаздольныя нават на ўнутраным рынку, ужо ня кажучы пра экспарт.

У замежных інвэстараў ёсьць вялікая цікавасьць да нашых прадпрыемстваў, і тут я не пагаджуся з спадаром Раманчуком. Напрыклад, піўзаводы (“Аліварыя”, “Крыніца”) шукаюць замежнага інвэстара. І тыя жадаюць прыйсьці ў Беларусь, але на пэўных умовах”.

Раманчук: “Яны б прыйшлі, але ж улады не пагодзяцца на іх умовы”.

Кавалёў: “Прыходзяць, нават пры неспрыяльных умовах. Цяпер наконт псыхалёгіі. Калі ў 1994 годзе кіраўніцтва Нацыянальнага банку выходзіла з гіпэр-інфляцыі, яно выбрала два якары: абменны курс рубля да даляра і стаўка рэфінансаваньня.

З таго часу на гэтыя паказчыкі арыентуюцца ўсе грамадзяне і гаспадарчыя суб’екты, дэпазытарыі беларускіх банкаў.

Калі ў канцы мінулага году здарыўся нафтагазавы крызіс, то Нацбанк падняў стаўку рэфінансаваньня і рабіў іньекцыі на валютным рынку, каб утрымаць курс рубля да даляра. Таму што ў Беларусі інфляцыя — гэта нават ня рост цэнаў у беларускіх рублях, а курс рубля да даляра. Так атрымалася, што гэты паказчык выконвае ролю індыкатара фінансавага здароўя”.

Якія пэрспэктывы прыцягненьня замежных крэдытаў?

Карбалевіч: “Як ацаніць посьпехі беларускага ўраду ў прыцягненьні крэдытаў? Пакуль ня ясна з расейскім крэдытам на 1,5 мільярда даляраў. З 1 мільярда кітайскіх інвэстыцыяў, пра які шмат гаварылі, атрымалі зусім мала.

Нічога не атрымалася з крэдытам аўстрыйскага “Райфайзэнбанку”, хоць ягонага кіраўніка Лукашэнка пасьпяшаўся нават узнагародзіць ордэнам.

Але расейскі “Внешторгбанк” выдае крэдыт на 1 мільярд расейскіх рублёў “Белаграпрамбанку”. Галяндзкі банк “ABN Amro”, з кіраўніцтвам якога ўчора сустракаўся Лукашэнка, зьбіраецца даць крэдыт Беларусі на 500 мільёнаў даляраў. Як можна пракамэнтаваць гэтыя прамежкавыя вынікі?”

Раманчук: “Мы шмат чулі пра арабскія грошы, азэрбайджанскую нафту, кітайскія, іранскія інвэстыцыі. Але большай часткай гэта абяцанкі-цацанкі.

Паколькі інвэстыцыйны клімат дрэнны, то крэдыты даюць толькі тыя замежныя структуры, якія маюць асобныя стасункі з кіроўнымі чыноўнікамі Беларусі.

Акрамя таго, у нас няма культуры выкарыстаньня гэтых крэдытаў. Куды, напрыклад, можа ўкласьці “Белаграпромбанк” грошы “Внешторгбанку”? У будаўніцтва аграгарадкоў?

“ABN Amro” будзе ўкладаць грошы ў тое, каб купіць нафту, перапрацаваць яе на нашых нафтаперапрацоўчых заводах і прадаць нафтапрадукты.

Калі Беларусь не прытрымліваецца тых празрыстых схемаў, якія прынятыя ў сьвеце, то можна чакаць карупцыі, адкатаў, хабару і іншага. А расплачвацца за гэта будзе насельніцтва. Ужо сёньня электраэнэргія для нашай прамысловасьці даражэйшая, чым для прадпрыемстваў Польшчы, Чэхіі ды іншых суседзяў.

Трэба рабіць структурную перабудову эканомікі. Сёньня пазабюджэтнае фінансаваньне бюджэтных расходаў складае 6% валавога ўнутранага прадукту. З такім дадатковым цяжарам на плячах нашая эканоміка хутка стане неканкурэнтаздольнай на расейскім рынку. Таму галяндцы робяць вельмі рызыкоўную апэрацыю”.

Кавалёў: “Асаблівых посьпехаў у прыцягненьні інвэстыцыяў няма. Досьвед разьвіцьця пераходных эканомік паказвае, што замежныя інвэстары ідуць у краіну толькі тады, калі вычарпаныя ўнутраныя рэсурсы.

Калі б беларускія грамадзяне мелі магчымасьць укладаць грошы ў беларускія прадпрыемствы, якія б выплачвалі дывідэнды за акцыі, то мы б маглі абысьціся без замежных крэдытаў.

Другое пытаньне. Асабліва апошні месяц на валютным рынку краіны павялічваецца адмоўнае сальда валютнага гандлю. Кожны дзень мы купляем валюты больш, чым прадаем, прыкладна на 10 мільёнаў даляраў. Гэта патрэбна, каб утрымаць абменны курс беларускага рубля”.

Карбалевіч: “Такім чынам, калі б улады бралі крэдыты дзеля страхоўкі падчас правядзеньня рэформаў, то тады б яны былі палітычна і гістарычна апраўданыя.

Але ў нашым выпадку крэдыты бяруцца замест рэформаў і дзеля прадухіленьня рэформаў. Яны бяруцца дзеля таго, каб закрыць дзіркі, праесьці й захаваць у электарату ілюзію дабрабыту. А вяртаць грошы давядзецца наступнаму кіраўніцтву ці нават наступным пакаленьням”.
XS
SM
MD
LG