Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашых людзей можна падманваць доўга, але не бясконца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пачну з завочнай дыскусіі з нашым слухачом Аляксеем Колчыным з Магілёва.

14 чэрвеня на сайце “Свабоды” зьмясьцілі паведамленьне пад назвай “На Магілёўшчыне не засталося грамадзкіх арганізацыяў, якія займаліся б аздараўленьнем дзяцей”.

Гаворка ішла пра дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобылю і якіх запрашаюць да сябе на адпачынак замежныя дабрачынныя арганізацыі. У той жа дзень мы атрымалі крытычны водгук на гэтую публікацыю Аляксея Колчына. У сваім электронным лісьце ён пісаў:

“Я слухач (і чытач сайту) вашага радыё з ладным стажам, дык ня мог прайсьці міма. Тое, што на Магілёўшчыне нібыта не засталося грамадзкіх арганізацыяў, якія займаліся б аздараўленьнем дзяцей, — скажам так, няпраўда. Мая дачка цяпер “аздараўляецца” за мяжой, куды трапіла рыхтык праз такую арганізацыю.

Ведаю такіх недзяржаўных арганізацыяў мінімум дзьве… Так што гэтая гуманітарная сфэра ня цалкам “манапалізаваная дзяржавай”. Прымушайце, калі ласка, вашых карэспандэнтаў быць больш дакладнымі”.


Атрымаўшы гэтае паведамленьне, мы адразу ж заняліся праверкай выкладзеных фактаў.

Высьветлілася, што ліцэнзіяў на права займацца аздараўленьнем недзяржаўныя арганізацыі, сапраўды, ня маюць, але часам абыходзяць абмежаваньні, фармальна выпраўляючы дзяцей, напрыклад, на адпачынак ці на экскурсіі. У публікацыю мы ўнесьлі праўку, а ад Аляксея Колчына атрымалі яшчэ адзін ліст наступнага зьместу:

“Уражаны апэратыўнасьцю рэагаваньня вашага радыё, дзякуй. Я папросту ўявіў сабе, што адзін з соцень бацькоў, якія выпраўляюць сваіх дзяцей на аздараўленьне (магчыма, дэ-юрэ — на адпачынак, але ня маю сумневу, што насамрэч усе маюць на мэце менавіта аздараўленьне), чытае тую заметку.

Што можа падумаць чалавек, які выправіў дзіцятка з дапамогай якраз-такі грамадзкай арганізацыі? Магу меркаваць, што давер да асноўнага пасылу матэрыялу (пра дзяржаўны манапалізм у аздараўленьні дзяцей) у яго будзе невысокі.

І такому, як часта кажуць, “простаму чалавеку” мала справы да таго, што грамадзкая арганізацыя, хутчэй за ўсё, мае апекуна дзе-небудзь у гарвыканкаме, бо ня факт, што ў яе ёсьць адпаведная ліцэнзія на аздараўленьне (назву арганізацыі ня буду ўказваць, бо вашыя матэрыялы чытаюць, як я ведаю, ня толькі ў адпаведных службах, але й, напрыклад, у ідэалягічным аддзеле таго ж гарвыканкаму — баюся нашкодзіць).

Гэтага “простага чалавека”, думаю, мала абыходзіць і тое, што арганізацыя гэтая можа быць накіраваная найперш на чынавенскіх дзяцей (напрыклад, празь цьмяны мэханізм адбору дзяцей). Гэты, паўтаруся, “просты чалавек” ведае толькі, што выправіў дзіця за мяжу, і дапамагла яму ў гэтым зусім не дзяржава-манапаліст.

А ёсьць жа яшчэ арганізацыі, якія выпраўляюць дзяцей на “аздараўленьне” пад маркай абменаў, адпачынку, а некаторыя зь іх увогуле не зарэгістраваныя й гэтая дзейнасьць — нешта кшталту грамадзкай ініцыятывы.

А ўвогуле, узьнятая карэспандэнтам праблема дзяржаўнай манапалізацыі гэтага кірунку дзейнасьці (як і шмат якіх іншых) — сапраўды, надзвычай актуальная й важная.

Магчыма нават, ёй замала нададзена ўвагі ў матэрыяле. Можна было б паспрабаваць, напрыклад, сабраць нейкую статыстыку ў гэтай справе (хоць, канечне, гэта даволі цяжка зрабіць)”.

Дзякуй вам, Аляксей, за цікавы ліст, за падказку ў асьвятленьні тэмы. Такія парады і папраўкі слухачоў вельмі важныя для нас.

Што да істотнай заўвагі наконт таго, як так званы “просты чалавек” успрыме відавочную супярэчнасьць: ліцэнзіі на аздараўленьне ў грамадзкай арганізацыі няма, а выпраўляць дзяцей за мяжу яна нейкім чынам схітраецца.

Вядома, спадар Аляксей, мы зацікаўленыя ў тым, каб у гэтага чалавека быў давер да нашых публікацыяў. А давер будзе толькі тады, калі мы скажам усю праўду, патлумачым, чаму так атрымалася.

Праўда ж у тым, што грамадзкія арганізацыі дзеля таго, каб займацца карыснай і патрэбнай людзям справай, вымушаныя хітраваць, выкручвацца і крывадушнічаць — бо ў такія ўмовы іх паставілі сваімі рашэньнямі чыноўнікі.

Наш слухач Барыс Руцько зь Менску ў сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра цяперашняе эканамічнае становішча Беларусі:

“Сёньня для мяне відавочна: крызісу на дзяржаўных прадпрыемствах у Беларусі ні сёлета ўвосень, ні ў наступным годзе ня будзе. І фінансавага крызісу ў краіне ў блізкай пэрспэктыве не прадбачыцца. Чаму?

Ды таму, што Расея купляе 50 працэнтаў “Белтрансгазу”. 500 мільёнаў даляраў за гэта ўжо атрымана, а потым будуць новыя і новыя пералічэньні. Такім чынам, дзякуючы расейскім грошам усе фінансавыя дзіры будуць прыкрытыя.

А значыць, ня будзе і масавых пратэстаў рабочых, студэнтаў, настаўнікаў, мэдыкаў...

Калі ж Лукашэнка наважыцца прадаць Расеі і яшчэ што-небудзь са стратэгічных аб’ектаў, дык расейскае кіраўніцтва можа і ўвогуле вярнуць Беларусі льготныя цэны на газ ды нафту.

А там, глядзіш, зьявяцца на беларускай тэрыторыі расейскія сыстэмы супрацьракетнай абароны, а то і ракетна-ядзерныя базы. І ўсё пойдзе да аб’яднаньня Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву і адраджэньня новага СССР”.


500 мільёнаў даляраў, спадар Руцько, ня тая сума, якая можа ўратаваць беларускую эканоміку. Штогадовыя страты ад рэзкага падвышэньня кошту расейскіх нафты і газу вымяраюцца некалькімі мільярдамі даляраў.

І з году ў год гэтыя страты будуць падвышацца — адначасова з ужо абвешчаным ростам цэнаў на расейскае паліва.

Што да магчымасьці адраджэньня СССР… Ідэя так званага “саюзнага будаўніцтва” за мінулае дзесяцігодзьдзе была настолькі дыскрэдытаваная, што хуткае вяртаньне да яе выглядае сёньня чымсьці неверагодным. Тым больш, што прывабнасьць яе для грамадзянаў былых савецкіх рэспублік з кожным годам толькі зьмяншаецца.

На мінулым тыдні ў Беларусі адзначалі 83-я ўгодкі Васіля Быкава — вялікага беларускага пісьменьніка, якога ўжо чатыры гады няма з намі. На хвалях “Свабоды” гучаў падрабязны рэпартаж зь вёскі Бычкі Вушацкага раёну, з радзімы Васіля Быкава.

У сёньняшняй пошце — ліст нашага сябра Кастуся Сырэля з Вушачаў, які быў на той імпрэзе і ў якога ўласныя ўражаньні ад убачанага:

“Было вельмі сорамна. Дакладней, кажучы па-расейску, я літаральна “стыдом умылся”, і вось чаму. На імпрэзу прыехалі Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Вольга Іпатава, Уладзімер Колас, многія іншыя.

Але не было аніводнага настаўніка беларускай мовы і літаратуры — хаця б з адной раённай школы. Ня было нікога ні з раённага аддзелу культуры, ні з аддзелу адукацыі.

Прыйшлі некалькі дзяцей (мабыць, да дзядуль і бабуль на вакацыі прыехалі), двое ці трое мясцовых жыхароў.

Раённыя ўлады, ня кажучы ўжо пра абласныя ці рэспубліканскія, імпрэзу праігнаравалі. Не палічылі патрэбным прысутнічаць на ёй і журналісты з нашай раённай газеты “Патрыёт”.

Ад Вушачаў адлегласьць да Бычкоў, калі ехаць па кароткай дарозе праз Чарапоўшчыну, усяго кілямэтраў дваццаць. Дваццаць хвілін нясьпешнай язды. Няшчасных тры літры бэнзіну туды і назад.

Акрамя мяне, з райцэнтру і наагул з раёну не было нікога. Ну, хаця б дзеля ўласнай цікавасьці хто прыехаў!

З уладамі даўно ўсё ясна: паджылачкі трасуцца за свае партфэлі. Але як можа абмінуць такую значную для раёну падзею мясцовы журналіст (хаця б не на сёньня, а для будучыні) — гэта для мяне таямніца.

Даруйце, шаноўны Васіль Уладзімеравіч, сваіх землякоў. Міне час — і на цэнтральнай плошчы Вушачаў будзе стаяць помнік вам, а ня Леніну.

Дарэчы, помнік Леніну ўдзельнікі імпрэзы трапна ахрысьцілі “галава” (такі ён і ёсьць — безгустоўны, грувасткі, зь непрапарцыйна вялікай галавой; на здатныя плечы, відаць, бронзы не хапіла).

Пройдзе час — і ў Бычках будуць зьбірацца сотні вушачан, а настаўнікі літаратуры будуць вазіць сюды сваіх вучняў. Гэта будзе. А пакуль — даруйце, Васіль Уладзімеравіч”.


Ня маю сумневу, Кастусь, што менавіта гэтак усё і здарыцца. Думаю, вы сам яшчэ станеце сьведкамі такіх падзеяў. А вушацкая вёсачка Бычкі будзе ў Беларусі такой жа вядомай, як купалаўская Вязынка і коласаўская Мікалаеўшчына.

На заканчэньне — кароткі ліст, які пакіну без камэнтара.

Нам піша Ёсіф Цівун зь Менску:

“Нашых людзей можна падманваць доўга, але не бясконца. Усё роўна настане час, калі падман вылезе, як шыла зь меха. Калі Лукашэнка ішоў да ўлады, дык абяцаў дапамагаць бедным і нямоглым — пэнсіянэрам, інвалідам... Мы ж за яго галасавалі ўсе гэтыя гады. І менавіта ад нас ён адбірае цяпер ільготы, якія дапамагалі нам выжываць. Дык што, мы цяпер для яго — адпрацаваны матэрыял, з намі можна не лічыцца?”

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG