Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэты дзень застанецца навекі вялікім і нізапомным днём у гісторыі братняй нам Украіны”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 25 чэрвеня ў розныя гады мінулага.

“Вольная Беларусь” у 1917 годзе паведамляе з Украіны: “10-га чэрвеня (іюня) Цэнтральная Украінская Рада ухваліла Унівэрсал да ўсяго украінскаго народу, каторым абвешчаецца аўтаномны лад на Украіні. Гэты дзень застанецца навекі вялікім і нізапомным днём у гісторыі братняй нам Украіны. У гэты дзень найблізшая па мові, звычаям і супольнасьці гістарычнае долі, сястра нашай Маткі-Беларусі стала на ўласные ногі і зрабілася сапраўднай гаспадыняй ў гасподзі сваёй...”

“Віцебскі пролетарый”, год 1937. Газэта друкуе заключнае слова сакратара ЦК КП(б)Б В.Шаранговіча на XVI зьезьдзе беларускіх камуністаў: “У сувязі з тым, што Чарвякоў, як нам зараз ужо вядома, пакончыў самагубствам на асабістай глебе, мне думаецца, ніякай патрэбы многа гаварыць аб гэтым двурушніку, які маскіраваўся вельмі доўга ў КП(б)Б, які сваім актам самагубства, хоць і на асабістай глебе, зрабіў яўна варожы ўчынак. Ён нібы не вытрымаў той крытыкі, якая разгарнулася на нашым партыйным з’ездзе з боку членаў партыі...”

“Звязда” ў 1947 годзе друкуе наступную аб’яву: “На аснове рашэння Мінскага райвыканкома ад 17.04.47 г. №191 усе ўласнікі веламашын, якія жывуць у сельскай мясцовасці, павінны зарэгістраваць свае веламашыны ў Мінскім райдораддзеле — Мінск, Танкавая, 4 (дарога на Заслаўе) да 15 ліпеня г.г. Пасля памянёнага тэрміну язда на веламашынах без нумароў і пасведчанняў 1947 года будзе забаронена”.
XS
SM
MD
LG