Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Мая Беларусь”: “Надыходзяць дні, багата аздобленыя Сьвятлом купальскіх улонкаў...”


Радыё Свабода З аглядам пятага фотатыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 14 чэрвеня – 20 чэрвеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Уладзь Грыдзін Юры Калбасіч Валерыя Кустава Георгі Карніцкі Уладзімер Урбановіч Людміла Пракопава Zorna Алена Сонейка Вадзім Цітоў Тацяна Міранчук Ева Гілевіч Ала Таранко Аксана Лунінец Сяргей Міхальчук Яўген Пятліцкі Кася Шумская Валеры Казюмінскі Дзяніс Федарэнка

Усім дзякуй! (гл. таксама: Ліставаньне)

Сёньняшнія рубрыкі:

ГАНАРАВАНЬНЕ ПЕРАМОЖЦАЎ (гл. таксама Фотагалерэю Свабоды) АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ (43 здымкі) ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЛІСТАВАНЬНЕ МІНІ-ЭСЭ ПЕРАМОЖЦАЎ ПАШТОЎКА АД ВЯДУЧАГА (Купальская)

ГАНАРАВАНЬНЕ ПЕРАМОЖЦАЎ

У чацьвер, як і плянавалася, на сядзібе ТБМ прайшла імпрэза ганараваньня першых пераможцаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”. У якасьці прызоў уручаліся радыёпрыймачы, астатнія ўдзельнікі атрымалі кнігі і кампакт-дыскі зь бібліятэкі Свабоды.



(с) Алег Грузьдзіловіч. Здымак з імпрэзы

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ

Васільковую тэму зьмяняе Купальская

Купальле – адно з найбольш любімых і маляўнічых сьвятаў у Беларусі. Дзея сьвятла і дзівоснага сонца, вады і начнога таемства.

Бяру на сябе адказнасьць прынагодна заявіць: усе, хто здымае, малюе сьвятлом, хто бярэ ўдзел альбо сочыць за нашым конкурсам, далучныя да Купальля ці ня першым чынам, так бы мовіць, прывілейна. Купальле – наша “прафэсійнае” сьвята, сябры. Пачнем вэрнісаж з краявідаў, багата аздобленых сьвятлом Бацькаўшчыны.



(с) Людміла Пракопава. Захад сонца. Вёска Ўцёс Баранавіцкага раёну



(с) Вадзім Цітоў. У золаце вякоў. Сафійскі сабор у Полацку



(с) Вадзім Цітоў. Зямля. Вёска Корсакава Ушацкага раёна



(с) Яўген Пятліцкі. Шарая гадзіна



(с) Яўген Пятліцкі. Напаўненьне. Бераг Сьвіслачы, Менск



(с) Уладзь Грыдзін. Праменьні



(с) zorna. Празрыстыя кроплі сьвятла… Віцебская вобласьць



(с) Ала Таранко. “Вось такія цуды-дзівосы можна знайсьці ў беларускім лесе”.



(с) Дзяніс Федарэнка. Нябачны Гомель

Дадам: нечаканы і Ваш фотаздымак, Дзяніс. На нейкі момант Ваш горад мне ўявіўся чароўнаю папараць-кветкай. А якім ён будзе ў купальскую ноч-2007? Чакаем новага!

На маю прапанову даслаць імгненьні рытуальнай спадчыны Купальля адгукнуўся сп.Юры з Глыбокага. Ён сьведчыць: “Вёска Івесь, гэтак званы геаграфічны цэнтар Эўропы, гучна зладзіла Купальле ў 2005 годзе. Адзначалі яго ў адпаведнасьці з традыцыямі: аўтэнтычныя сьпевы ў выкананьні гурту "Княжыч", гульні, карагод вакол вогнішча, пусканьне вянкоў па вадзе”.



(с) Юры Калбасіч. Госьця і ўдзельніца сьвята пісьменьніца Вольга Іпатава



(с) Юры Калбасіч. Самадзейныя артысты-гарманісты, жыхары цэнтральнаэўрапейскай вёскі Івесь Глыбоцкага раёна



(с) Юры Калбасіч. Карагод вакол купальскага вогнішча

Айчына, Мейсца, Бог

Дзве замалёўкі ад Георгія Карніцкага. На першым здымку вёска Дварок (афіцыйна Дворышча), што ў Мёрскім раёне. На другім – Браслаўшчына зь сядзібным дваром, у якім аўтар (ён лістуе зь Ліёну, Францыя) убачыў рысы будучыні і карані трывалага сельскага побыту.



(с) Георгі Карніцкі. Беларуская выцінанка.



(с) Георгі Карніцкі. Сядзібны двор на Браслаўшчыне

Уладзімер Урбановіч, адзін з пераможцаў трэцяга тыдня, бачыць сэнс конкурсу ў тым, каб паказаць хараство людзей і прыроды (ягонае міні-эсэ чытайце далей).



(с) Уладзімер Урбановіч. Адраджэньне. Этна-музэй у Траецкім прадмесьці, Менск



(с) Уладзімер Урбановіч. Азёрная далячынь. Браслаўшчына



(с) Уладзімер Урбановіч. Зь верай у Бога. На святой Iмшы. Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе, урачыстасць 2006

Новае імя

Ева Гілевіч з Барысава. Працуе ў чатырох тэмах, дзьве зь іх: "Менск, якога хутка ня будзе" і "Будучыня, у якую я веру" – у сёньняшнім вэрнісажы. Зь ейнай калекцыі я з задавальненьнем выбраў лепшае.



(с) Ева Гілевіч. Вочы заўтрашняй Беларусі



(с) Ева Гілевіч. Касьцёл сьвятога Юзафа на вул. Кірылы і Мяфодзія ў Менску



(с) Ева Гілевіч. Менск, Рэвалюцыйная, 3

Фотафлярыстыка ад Валярыны

Межы сьвятла і свабоды пашыраюцца флярыстычнымі кампазыцыямі ад паэткі Валерыі Куставай (гл.таксама “Менскія двары” ў мінулы тыдзень).

“Гэтым разам, – піша яна ў сваім міні-эсэ, – закрану тэму кветкавага і маленькага. Падзялюся тым, што здолела вычытаць у беларускіх красках-расьлінках. Глядзячы на адны, карціць радавацца, а калі позірк трапляе на іншыя – радасьць тая часам робіцца крыху шчымліваю, асабліва калі спрабуеш асэнсаваць, вытлумачыць убачанае і знайсьці адпаведную тэкставую мэтафару прыродзе”.

Шаноўная Валерыя, пачатак Ваш надзвычай цікавы, а пошук абнадзейвае. Міжволі згадваюцца імёны цудоўных папярэдніц – Зоські Верас і Элізы Ажэшкі. Іх творчасьць і захапленьне беларускай расьліннай спадчынай далі ўражальны клясычны вынік, на які можаце арыентавацца і Вы ў сваіх фотапрактыкаваньнях. Жадаю плёну.



(с) Валерыя Кустава. Міні-Майдан



(с) Валерыя Кустава. Маленькія званы

Бел-чырвона-белае

З багатай пошты Сяргея Міхальчука сёньня ставім здымак, варты таго, каб супыніцца і задумацца...

Дзьве заўвагі. Па-першае, цудоўна, Сяргей, што Вы заўважылі ў нашых беларускіх ваколіцах занядбаную крыніцу і не прайшлі міма. Па-другое, вельмі слушна актуалізавалі зьмест свайго здымку. Месца, дзе знаходзіцца студня, сьвятое для беларусаў. А тое, што бачым у натуры, мякка кажучы, расчароўвае. Я падумаў пра мясцовую школу, краязнаўчае і экалягічнае выхаваньне. Будзем спадзявацца, недалёка час, калі да гэтай студні будуць прыходзіць турысты і каштаваць жывую ваду.



(с) Сяргей Міхальчук. Старая студня ў Сьвiслацкiм раёне, дзе вёска Якушоўка, куды ў 1849 годзе пераехала сям’я Кастуся Каліноўскага



(с) Ева Гілевіч. Без кампрамісу

Паўтараем публікацыю двух здымкаў Уладзя Грыдзіна, якія мінулы раз пайшлі бяз прозьвішча аўтара. Што аб’ядноўвае іх герояў, як “прымірыў” беларусаў Дзень волі 25 сакавіка 2007 года? Аўтар падае сваю выснову. У падтрымку рубрыкі

'' (с) Уладзь Грыдзін. Сьвяточны дзень у Менску



(с) Уладзь Грыдзін. Твар у твар. Менск, 25 сакавіка 2007

Жыцьцё ў цырку

“Беларус і дзяржаўны цырк” – чытаем на будынку ўсім вядомай культурнай установы, а не ў апазыцыйнай газэце. Няўжо Мірон? Чарговыя сюжэты ад Людмілы Пракопавай, якая здымае ня толькі ружовы захад (гл. вышэй), але спрабуе ўгледзецца ў шматаблічны беларускі соцыюм.



(с) Людміла Пракопава. Жыцьцё ў цырку (чытай словы на будынку!)



(с) Людміла Пракопава. Беларусы: паразумецца часам няпроста... Здымак зроблены на вясковай вуліцы ў Баранавіцкім раёне. Чэрвень 2007



(с) Кася Шумская. Чакае... На вакзале ў Менску



(с) Кася Шумская. Бяз назвы. “Здымала назаўтра пасьля гвалту і зьдзеку з Праспэкту”, – дадае Кася, аўтарка “васільковай тэмы” мінулага тыдня.



(с) Аксана Лунінец. Зоркі і кветкі, альбо Вясельле ў Гальшанах



(с) Аксана Лунінец. Жалобная працэсія каля сьценаў Мірскага замку. “Наўрад ці такое можна ўбачыць у іншай краіне”, – скрушна ўважае аўтар.



(с) Аксана Лунінец. "Што здарылася ў адну ноч у цэнтры Менску? – пытаецца аўтарка. – А тое, што гэтых дрэваў ля выйсьця з мэтро на станцыі “Акадэмія навук” ужо няма".

А ці бывае ўсё ж “цырк” у жыцьці? Алена Сонейка адсачыла маленькі цыркавы нумар не выходзячы з дому.



(с) Алена Сонейка. За маёй фіранкай

Зялёнае мора і вайдалётка

З красавіцкім сюжэтам – Тацяна Мірановіч. Мяне ўразіла яго аголеная аб’ектыўнасьць: можна захапляцца колерам, аднак за вясёлым разьлівам няцяжка ўбачыць і “пляны пяцігодак” па пераўтварэньню нашых мілых беларускіх куткоў у аграляндшафты. За гады калектывізацый, хімізацый ды розных камунафікацый нашы айчынныя палі-далягляды “ачышчаліся” ад дрэў, урочышчаў і гаёў ды засаджваліся бэтоннымі слупамі электраперадачаў.



(с) Таня Мірановіч. Зялёнае мора. Краявід каля вёскі Чучаны Менскай вобласьці.



(с) Таня Мірановіч. Вайдалётка ў Лошыцкім парку, Менск

Другі сюжэт з улонкаў Лошыцкага парку, што ў Менску. Вайдалётка, нагадаю, – асоба міфалягічная, жрыца, захавальніца-апякунка легенд і паданьняў нашага адвечнага краю.

Пакуль клюе на Беларусі

Тэму рыбалкі, распачатую ў мінулы тыдзень, працягвае Валеры Казюмінскі, аўтар трох публікацый на старонках нашага фатаконкурсу. “Паддаўся спакусам лета, – піша Валеры, – і вось дасылаю фотарэпартаж, як зь сябрам па школьнай лаўцы звадзілі ўнукаў на рыбалку”.



(с) Валеры Казюмінскі. Ёсьць клёў, будзе і ўлоў



(с) Валеры Казюмінскі. Вось яно, рыбацкае шчасьце – першае ў жыцьці



(с) Валеры Казюмінскі. Бабуля не дазволіла мачыць ногі...



(с) Валеры Казюмінскі.

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Дзве дарогі Вадзіма Цітова (першы прыз)



(с) Вадзім Цітоў (Полацак). Перад навальніцай. Менская шаша. Мяжа Полацкага і Ушацкага раёнаў



(с) Вадзім Цітоў (Полацак). Вяртаньне. Відок на возера Часьцьвядзкае зь вёскі Газбэрак, Ушацкі раён.

У сёньняшнім вэрнісажы Вадзім Цітоў дэманструе чатыры свае працы. Дзьве зь іх ганаруюцца прызам. Навальнічнае неба на першым і асабліва хуткабежныя сонечныя плямы на пагорках, якія на кароткі міг робяць зямлю маляўнічай, быццам з-пад чароўнай рукі Віталя Цьвіркі, і гэтая зачараванасьць нашага аўтара, і ягоная вокамгненная здольнасьць гэта ацаніць і спыніць у кадры – несумненна, вартыя высокага балу. Другі здымак дапаўняе першы адвечнасьцю дарогі-пясчанкі; я лёгка разумею Вадзіма, як не хочацца яму, каб гэтую сьцежку-дарожку пакрылі асфальтам, каб гэтая паваротка хвалявала і заўсёды клікала ў далеч.

Нябачны Гомель (другі прыз)

Аўтар Дзяніс Федарэнка. Здымак зьмешчаны вышэй.

Графіка гарадзкога краявіду нечакана эфектная і разам з тым арганічная ў пошце тыдня: на нейкі момант горад уяўляецца чароўнай папараць-кветкай. Працай Дзяніса мы заахвочваем экспэрымэнт і пошук выразнасьці ў фатаграфіі конкурса. Здымак зьдзіўляе і чытаецца.

Дзе клёў, там і ўлоў (трэці прыз)

Гэты здымак Валер’я Казюмінскага (гл.вышэй) – адзін з трох, што склалі ня толькі тэму рыбалкі, але тэму актуальна сямейную, нават больш – выхаваўчую, калі “мы зь сябрам па школьнай лаўцы звадзілі ўнукаў на рыбалку” (цытата зь ліста). Бадай, той самы выпадак і прыклад, пра які кажуць, што дарослыя адказныя за шчасьлівае дзяцінства сваіх нашчадкаў. Здымкі дораць Сьвятло і падаюць Надзею. Валеры Казюмінскі бярэ актыўны ўдзел у конкурсе зь першага тыдня, і я вельмі рады за ягоны посьпех.

Віншую!

МІНІ-ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ

Уладзімер Урбановіч (трэці фотатыдзень):

“Калі зайшоў на сайт, было, мусіць, самым прыемным тое, што ў Вашай публікацыі мае аматарскія здымкі стаяць побач зь вершамі Максіма Багдановiча. Насамрэч, гэта самае чыстае клясычнае пачуцьцё, якое зачэрпнуў калісьці і з паэтычных крыніц, – кахаць сваю Радзіму. Яно, гэтае пачуцьцё, яшчэ мацнейшае, калі сэрца баліць за тое, што адбываецца навокал, бо адбываецца, на жаль, не заўсёды ўсё добрае. У любым выпадку, дзякуй за тое, што на гэтай невялікай старонцы вы змаглі аб''яднаць людзей, якія, можа быць, убаку ад палітыкі, але шчыра кахаюць сваю Айчыну.

Для мяне асабіста сэнс гэтага конкурсу ў жаданьні паказаць тым, хто зойдзе "проста паглядзець фатаграфіі”, што Мая Беларусь, Наша Беларусь – яна цудоўная і непаўторная, і не кахаць яе немагчыма”.

ЛІСТАВАНЬНЕ

Але Т. Здымак не “гаворыць сам за сябе”. Анатолю Я. Ваш сюжэт не суаднесены з умовамі конкурсу і не па сезону. Дасылайце новае. Жане К. Здымайце, дасылайце. Францыску. Атрымалі. Убачым праз тыдзень

ЗДЫМАК АД ВЯДУЧАГА (купальская паштоўка)



(с) Валер Дранчук. Сьвятаяньнік – у побыце зьверабой – кветка Купальля, зельле Сьвятога Яна, сьвентаян, Хрыстова кроў, хрыстосьнік, багароднік і інш. (каля 50 назоваў). Здымак 1970-х гадоў.

З пажаданьнем купальскага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG