Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як людзі ставяцца да ўвядзеньня супраць Беларусі гандлёвых санкцыяў?


Альгерд Невяроўскі, Менск У чацьвер Эўрапейскі зьвяз выключыў Беларусь з сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў. Гэта было зроблена ў зьвязку з парушэньнем беларускімі ўладамі правоў прафсаюзаў. Як жыхары Менску ставяцца да гэтага рашэньня аб’яднанай Эўропы?

Спадар: “Мне цяжка сказаць, што я думаю з гэтай нагоды. Бо гандлёвыя санкцыі, што ўведзеныя супраць Беларусі, на мой погляд, ня надта лягічныя з боку эўрапейцаў”.

Спадарыня: “Нічога добрага. Я не эканаміст, але так лічу”.

Спадар: “Гэта тры адсоткі плюс да пошлінаў. Рашэньне Брусэля ацэньваю адмоўна. Гэта ўдарыць па беларускаму народу. А становішча прафсаюзаў я ня ведаю, таму цяжка сказаць, наколькі гэта правільна ці не. А народу будзе горш. Як нашмат, ня ведаю”.

Спадарыня: “Я думаю – здужаем”.

Спадар: “Натуральна, нічога добрага ў гэтым няма. Што добрага, калі на нашыя тавары цэны будуць на некалькі адсоткаў вышэйшыя? Можа, патрэбныя нейкія іншыя дыпляматычныя адносіны паміж дзяржавамі”.

Спадарыня: “Я не падтрымліваю дзеяньняў Эўропы ў адносінах да Беларусі. Мы – самастойная дзяржава, і маем права прымаць рашэньне, як мы будзем разьвівацца і што будзем рабіць унутры сваёй краіны”.

Спадар: “Беларусь павінна ўвесьці такія ж санкцыі ў адносінах да Эўропы. Ня мы першыя пачалі”.

Спадар: “Я працую ня ў той сфэры, і мой заробак ад гэтага ня будзе залежаць. Але я гэтага не разумею. Пацерпіць экспарт і, адпаведна, людзі пацерпяць, што працуюць на гэтых прадпрыемствах. Будзе рост цэнаў, альбо зьмяншэньне росту заробкаў. І павялічэньне незадаволенасьці насельніцтва. Эўропа магла так не рабіць, бо ня ўлада ад гэтага пацерпіць. Нельга ўжываць санкцыі, якія адаб’юцца на насельніцтве. Можна было б гэта вырашыць палітычна, а не такімі жорсткімі мерамі”.
XS
SM
MD
LG