Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой родны кут! Як ты мне мілы...”


Міхал Стэльмак, Стаўбцоўскі раён Стаўбцоўшчына – бацькаўшчына, “родны кут” Якуба Коласа, чый 125-гадовы юбілей адзначаецца сёлета. Тут пясьняр нарадзіўся й напісаў свае першыя вершы. Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток – куткі, чыімі вобразамі натхняўся яго талент. Што яны ўяўляюць сабою сёньня?

Я кіруюся ў хутар Ласток. Ён – першы на коласаўскім маршруце, калі дабірацца сюды праз Узду і скончыць падарожжа ў Акінчыцах, каб праз Стоўбцы вярнуцца ў Менск. На мапе Ласток пазначаны – ў лясным масіве. Але на месцы, як аказалася, знайсьці яго не лягчэй, чымсьці іголку ў стозе сена. Ніводнага ўказальніка на аўтадарозе Ўзда-Стоўбцы. Ніякай шыльды, дзе трэба збочваць у гушчар. Таму, відавочна, лепшае выйсьце – зьвярнуцца па дапамогу да жыхароў бліжэйшых паселішчаў.

“Зімою тут няма дарогі. Зімою тут ня чысьцяць”

Сьверынава – адно зь іх. Вяскоўцы кажуць: я ня першы, хто просіць дапамагчы ў пошуках Ластка. Маўляў, таму, што ў ім гасьцям наўрад ці рады:

“У Ластку жыў Якуб Колас, ведаю. Ведаю, што раней наймаў Даніла і жылі людзі там у Ластку. Як быў Даніла, там трошкі лепш было”, - апавядае адна са сьверынаўскіх пэнсіянэрак.

Кілямэтры паўтары-два лясной шчарбатай дарогі і – вось ён, Ласток.

Лясны хутар. На хаце шыльда: паэт правёў тут пяць гадоў свайго маленства.

“У яго быў сьвет цікавы, Свае вобразы, жыцьцё, І ў душы яго ўсе зьявы Сваё мелі адбіцьцё”.

Гэтак Колас пісаў пра Сымона-музыку. У яго вобразе, як мяркуюць літаратуразнаўцы, увасоблены хлапчукоўскі сьвет Кастуся Міцкевіча пэрыяду яго жыцьця ў Ластку.

“Выйдзеш з хаты на дасьвеце, Так і піў бы дух зямлі”.

З таго часу мінула больш як сто год. Хата – тая ж, а вось яе насельнікі – іншыя.

“Якуб Колас жыў тут. З 1895-га. Ён тут пражыў тры гады. Яго брат тут жыў. Антон яго звалі, па-мойму. Я ня буду гаварыць. Я збольшага ведаю – я ж не экскурсавод”, - кажа Лідзія Красьнік, даглядчыца мэмарыяльнай сядзібы. Паколькі адмысловага будынку для даглядчыкаў няма, ёй і другому даглядчыку Юрыю Васільеву дазволілі пасяліцца ў Коласавай хаце. Спадар Васільеў:

“Хата цёплая. Калі напаліш зімою, то трымаецца цяпло. Праўда, вось шашаль паеў. Бачыце, вось дзірачкі. Казалі, будуць усё гэта рамантаваць. Але калі гэта будзе? Трэба памяняць падлогу – бачыце, які ганак? І з таго боку такі ж ганак. Я ж дошак нідзе не вазьму. Тут няма ні піларамы, нічога”.

Ласток: Цяперашнія насельнікі Коласавай сядзібы
Ласток: Цяперашнія насельнікі Коласавай сядзібы

Ласток: За гэтую клямку браўся маленькі Кастусь Міцкевіч
Ласток: За гэтую клямку браўся маленькі Кастусь Міцкевіч

У Коласаву хату яе цяперашнія гаспадары ня толькі не запрашаюць, а й адгаворваюць заходзіць – маўляў, не прыбраная. У рэшце рэшт, пусьцілі – не прыватная ж сядзіба...

У адным з жылых пакояў месьцяцца некалькі экспанатаў – паэма “Сымон-музыка”, фотапартрэты бацькоў песьняра. Спадарыня Красьнік тлумачыць: раней экспанатаў было больш, але іх адвезьлі ў менскі музэй Якуба Коласа.

“І бюст яго. І ўсялякая ўсячына была. А што яны цяпер хочуць рабіць, я ня ведаю”.





Ласток: У ваколіцах колішняй леснічоўкі
Ласток: У ваколіцах колішняй леснічоўкі

Калі шчыра, то на двары адчуваеш сябе лепш, як у такім музэі. Пытаюся ў спадарыні Красьнік:

Карэспандэнт: “Часта сюды прыяжджаюць людзі?”

“Зімою рэдка. А летам часта бываюць. Зімою тут няма дарогі. Зімою тут ня чысьцяць”.

З гэтым кутком няма й тэлефоннай сувязі – ні стацыянарнай, ні мабільнай.

Ласток у нас не музэіфікаваны настолькі, каб вазіць туды масава людзей

Пасьля такога пачатку экскурсіі па мясьцінах паэта прыгадваюцца словы дырэктара музэйнага комплексу Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай, зь якой размаўляў напярэдадні:

“Ласток знаходзіцца ў 25 кілямэтрах ад Стоўбцаў. І Ласток у нас не музэіфікаваны настолькі, каб вазіць туды масава людзей. Там стаіць хата, добрая хата, і зроблены пакойчык, які прысьвечаны Сымону-музыку. Але туды няма масавага наведаньня. У нас у асноўным наведваюцца Акінчыцы, Альбуць, Смольня”.

Што ж, рушым далей. Наступная кропка на Коласаўскім маршруце – Смольня.

Калісьці гэта было ўрочышча. Цяпер Смольня лічыцца цэнтрам музэйнага комплексу на Стаўбцоўшчыне. Мяне сустрэла прыемнага выгляду жанчына. Соф’я Міцкевіч – пляменьніца Якуба Коласа. Дачка коласавага брата Юзіка. Яна ўсё жыцьцё пражыла тут:

“І сапраўды гэты куток зьвязаны з Коласам. Ён жыў тут ня стала, але жыў. А там ён мала быў. Нарадзіўся ў Акінчыцах. Жыў там, калі быў малы. Яму было пяць з паловай месяцаў. А потым з Акінчыцаў накіравалі на Ласток. Потым у Альбуць. Міхала ганялі зь месца на месца. Якая была прычына? Вельмі добры быў лясьнік”.

Смольня: Так нараджалася “Новая зямля
Смольня: Так нараджалася “Новая зямля”

Смольня: У гэтай хаце ўпершыню сустрэліся Колас і Купала
Смольня: У гэтай хаце ўпершыню сустрэліся Колас і Купала

Смольня: Колас называў пляменьніцу Соф’ю Зосяй
Смольня: Колас называў пляменьніцу Соф’ю Зосяй

Коласава сваячка працуе тут экскурсаводам. Ад дзядзькі, як спадчыну, захавала вялікую павагу да роднага слова. З-за гэтага праца не заўжды ў радасьць:

“Бо ніхто ж ня ведае мовы беларускай. Цяпер, здаецца, стала ледзь-ледзь лепш”.

Якая самая вялікая прэмія была ў Коласа?

А яшчэ, апавядае пляменьніца Коласа, часта даводзіцца абвяргаць плёткі пра песьняра, як пра багатага, але дужа сквапнага чалавека:

“Часам пытаюцца: а скажыце, якая самая вялікая прэмія была ў Коласа? Колькі і за што? Я адказваю, што самая вялікая за “Сымона-музыку”, калі Колас атрымаў 2500 рублёў. Але адразу аддаў. Колас казаў: “Колькі ў мяне хворых, колькі ў мяне тых, што самі ня могуць пражыць. Я і ім павінен памагаць”. А то раз пытаюцца: “Ці праўда, што ў Коласа быў цэлы мяшок грошай, але як ішоў дадому, то яго скралі?”. Адказваю, што калі й далі яму мяшок грошай, то Колас іх ня нёс. Ужо па дарозе ён бы іх аддаў некаму, каб разьдзялілі”.

Пасьля Смольні я пабываў у Альбуці й Акінчыцах. У гэтых кутках таксама захаваліся сядзібы, зьвязаныя зь песьняром. Праўда, і ў адным, і ў другім месцы на дзьвярах віселі замкі. Як патлумачылі жыхары Акінчыцаў, сядзібы адчыняюцца для арганізаваных турыстаў. Я ж быў неарганізаваным. Паводле спадарыні Камароўскай, на такую катэгорыю наведнікаў яны не арыентуюцца:

“Гэта ж ня Вязынка. Ён прыедзе ў Стоўбцы, а чым будзе дабірацца туды? Таму што ад Стоўбцаў да Акінчыц чатыры кілямэтры, ад Акінчыц да Альбуці – недзе чатыры-пяць кілямэтраў. Ад Альбуці да Смольні зноў жа чатыры кілямэтры. У цэлым гэта даволі прыстойная адлегласьць. Калі будуць ехаць, то толькі арганізавана”.

Дарэчы, нягледзячы на выходны, у той дзень на ўсім коласавым маршруце я быў адзіным турыстам. Спадырыня Камароўская, здаецца, колькасьцю наведнікаў таксама ня дужа задаволеная:

“Каб сказаць, што густа, то ня густа, але прыяжджаюць. Дзеці менскія таксама”.

Альбуць: Крынічкі вузенькае ложа
Альбуць: Крынічкі вузенькае ложа

Альбуць: У гэтым двары рос будучы паэт
Альбуць: У гэтым двары рос будучы паэт

Ня памятаю: там нарадзіўся Янка Купала ці Якуб Колас

У Менску я правёў апытаньне мінакоў на сталічных вуліцах. Цікавіўся дасьведчанасьцю масаў пра літаратурнага клясыка:

Карэспандэнт: “Ці ведаеце, дзе нарадзіўся Якуб Колас?”

Спадарыня: “Ня памятаю”.

Спадар: “Колас? У мястэчку Панюшкавічы, раён забыў”.

Спадар: “Дакладна ня ведаю. Я быў там даўно, яшчэ калі вучыўся ў школе”.

Спадарыня: “Дзесьці на Палесьсі”.

Спадар: “Калі сумленна казаць, то я ня ведаю, дзе ён нарадзіўся. Мястэчка Акопы? Я ня памятаю: там нарадзіўся Янка Купала ці Якуб Колас”.

Карэспандэнт: “А пра што ён пісаў?”

Спадар: “Не, ня памятаю”.

Спадарыня: “Ня ведаю. Ужо даўно гэта было”.

Спадарыня: “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе ня маю сілы”. Хаця можа гэта я зь Янкам Купалам пераблытала, ня ведаю”.

Карэспандэнт: “А ці было жаданьне калі-небудзь наведаць яго мясьціны, ці вам прапаноўвалі гэта зрабіць?”

Спадар: “Калі гэта Вязынка, то я там была”.

Супрацоўніца аднаго зь менскіх турыстычных агенцтваў спадарыня Валянціна пракамэнтавала вынікі апытаньня наступным чынам:

“На мясьціны, дзе нарадзіліся дзеячы культуры й мастацтва Беларусі, пакуль няма шырокай рэклямы”.

Мабыць, цяжка спадзявацца на іншае, пакуль мова Коласа будзе заставацца чужой для кіраўніцтва краіны.
XS
SM
MD
LG