Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Тапіёла “Каб не было ўмяшаньня ва ўнутраныя справы прафсаюзаў”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршыўся рабочы візыт у Менск місіі Міжнароднай арганізацыі працы на чале з выканаўчым дырэктарам Міжнароднага бюро працы Кары Тапіёлам. Місія сустрэлася з міністрам працы, прадстаўнікамі афіцыйных і незалежных прафсаюзаў і работадаўцаў. Місія высьвятляла, як беларускі ўрад выконвае рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы.

У цэнтры ўвагі быў праект закону аб прафсаюзах. Паводле Кары Тапіёлы, у гэтым праекце зроблены шэраг зьменаў пасьля дыскусіі з урадам, якая вялася сёлета цягам некалькіх месяцаў:
К.Тапіёла: “Мы прапанавалі спачатку ўзяць асобна адзін элемэнт – пытаньне аб рэгістрацыі – і вырашыць яго... Гэта пытаньне аб праве кожнай арганізацыі існаваць і мець усе магчымасьці працаваць”.
“Але гэты праект уяўляе яшчэ цэлы шэраг праблем. І мы стараліся ўдакладніць, якія там ёсьць праблемы. Іх нямала. Мы прапанавалі спачатку ўзяць асобна адзін элемэнт – пытаньне аб рэгістрацыі – і вырашыць яго. Бо гэта карэннае пытаньне для рэалізацыі рэкамэндацый нашай Камісіі па расьсьледаваньню. І тады лягчэй было б тут працаваць, а не з усімі пытаньнямі адначасова. Пытаньне рэгістрацыі – гэта пытаньне аб праве кожнай арганізацыі існаваць і мець усе магчымасьці працаваць”.

У лістападзе адбудзецца паседжаньне адміністратыўнай рады Міжнароднай канфэрэнцыі працы. На ім зноў будзе разглядацца беларуская праблематыка. Паводле Кары Тапіёлы, цяпер урад Беларусі мусіць альбо працаваць над цэлым комплексам законаў і праектаў, альбо спачатку вырашыць ключавыя элемэнты.

Падчас сустрэчаў закраналася й пытаньне санкцый Эўразьвязу, які прыпыніў для Беларусі льготы ў гандлі. Падставай для гэтага стала заключэньне МАП аб парушэньні правоў незалежных прафсаюзаў. Кары Тапіёла сказаў:
К.Тапіёла: “Арганізацыі, якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю, павінны яе атрымаць. І каб там не было ўмяшаньня ва ўнутраныя справы прафсаюзаў. Рэальны прагрэс на гэтым шляху меў бы ўплыў на будучыя рашэньні Эўразьвязу”.
“Рашэньне Эўразьвязу – гэта справа Эўразьвязу. Але Эўразьвяз не аднойчы заяўляў, што прагрэс у рэалізацыі нашых рэкамэндацый будзе ўплываць на яго будучыя рашэньні. Гэта карэнныя пытаньні, сярод якіх рэгістрацыя. Арганізацыі, якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю, павінны яе атрымаць. І каб там не было ўмяшаньня ва ўнутраныя справы прафсаюзаў. Рэальны прагрэс на гэтым шляху меў бы ўплыў на будучыя рашэньні Эўразьвязу”.

Кары Тапіёла чакае ад афіцыйнага Менску адкрытага, сумленнага, рэальнага дыялёгу з удзелам незалежных прафсаюзаў. Беларускаму ўраду прапанавана некалькі альтэрнатываў у рэалізацыі рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы – цяпер усё залежыць ад афіцыйнага Менску.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы Кары Тапіёла ў Менску

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы Кары Тапіёла ў Менску
XS
SM
MD
LG