Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гайдукевіч распачаў “шырокі дыялёг з Эўразьвязам”


Радыё Свабода Спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Гайдукевіч распачаў “шырокі”, паводле ягоных словаў, дыялёг з Эўразьвязам. Як паведамілі “Свабодзе” ў сакратарыяце ПАРЭ, сёньня ў другой палове дня мае адбыцца яго сустрэча з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам. Напярэдадні ў Рыме Гайдукевіч правёў перамовы з прадстаўнікамі італьянскага МЗС ды эўрапейскім парлямэнтаром, дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні.

У часе падрыхтоўкі да гэтых сустрэч спадар Гайдукевіч у размове са “Свабодай” сказаў:

“Я гатовы ўлічваць меркаваньні ўсіх. Любы дыялёг лепшы за штосьці іншае, паколькі ён заўсёды прывядзе да добрага”.

Цяпер, паводле Гайдукевіча, пачынаецца «шырокі дыялёг з ЭЗ». На ягоную думку, ён можа быць цікавым для эўрапейскіх партнэраў.

“Я настолькі самастойны, наколькі магчыма, адстойваю інтарэсы дзяржавы, да таго ж, зьяўляюся кіраўніком партыі і дэпутатам”, заявіў лідэр беларускіх лібэральных дэмакратаў.

Тым часам пачатак “шырокага дыялёгу” паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пакуль ня выклікаў нейкага рэзанансу ў эўрапейскіх мэдыях. Бадай, толькі адно італьянскае інтэрнэт-выданьне Diritto-oggi зьмясьціла невялікае паведамленьне пра сустрэчу беларускага палітыка зь італьянскім дэпутатам, дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні.

У публікацыі Diritto-oggi прыводзяцца словы спадара Гайдукевіча адносна гатоўнасьці Менску адкрыць гэтак званы “info point", альбо інфармацыйнае прадстаўніцтва Рады Эўропы, “каб Страсбур змог рэгулярна атрымліваць зьвесткі адносна дэмакратычнага курсу Беларусі”.

У адказ на пытаньне Андрэа Рыгоні пра сытуацыю зь палітвязьнямі, Гайдукевіч заявіў, што ў Беларусі няма палітвязьняў. Людзі, пра якіх так гавораць на Захадзе, крымінальнікі, якія выдаюць сябе за палітвязьняў. Як сказаў беларускі палітык, пытаньне палітычных зьняволеных ёсьць вельмі суб’ектыўным. Той хто ня можа дамагчыся ўлады, кажа, што адчувае палітычны перасьлед, падае словы Гайдукевіча Diritto-oggi.

Як піша выданьне, дакладчык ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні, які зьбіраецца наведаць Беларусь у кастрычніку, сказаў, што сам хоча пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы.

Камэнтуючы БелаПАНу вынікі сваёй размовы з Рыгоні і прадстаўнікамі італьянскага МЗС, С.Гайдукевіч назваў іх “вельмі станоўчымі”.

Падрабязнасьці пра сустрэчу С.Гайдукевіча і Рэнэ ван дэр Ліндэна пазьней на нашым сайце.
XS
SM
MD
LG