Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пашкевіч: “Застаецца, на жаль, толькі вера ў сябе”


Радыё Свабода А.Пашкевіч - удзельнік перадачы "У што я веру".

У што я веру ў гэты час бязьвер’я? На жаль, нямногаму і нямногім.

Веру ў зямлю і неба над ёй. Не ў Зямлю як частку космасу, а ў той лапік, на якім упершыню стаў на ногі, у той куток Случчыны, абжыты, тысячы разоў пераараны і ўтаптаны маімі дзядамі-прадзедамі.

Веру высокім, моцным дрэвам, якія зьвязваюць маю зямлю зь небам.

Веру найперш вязу і грабу.

Веру восеньскаму верасьню, у які прыйшоў на сьвет: у ягоную шчодрасьць і сымбалічную выніковасьць.

Веру сабакам і катам. Зь мільярду людзей веру адзінкам (ды і тое, баюся, часова). Зь людзкога царства найбольш веру нябожчыкам: яны не баяцца, ня хлусяць і не зайздросьцяць.

Веру ў каханьне – як у адзінае, што трымае і лекуе.

Веру ў слова, у ягоную найвялікую моцу – і сонечную, і чорную. У ягоную першаснасьць і першапрычыннасьць.

Нарэшце, веру ў мудрага Стваральніка ўсяго вышэй названага, у Ягоную дабрыню і цярплівасьць.

Мог бы паверыць у матэматычна-фізычныя формулы ды тэарэмы, але як верыць нежывому (нябожчыкі – выключэньне)? Я нават ня веру ў тое, што 2 + 2 = 4, бо веру ў першаснасьць і абсалют тварэньня. Тварыць – гэта значыць называць, супастаўляць, ксьціць словам. Назаві хтосьці першым чацьвёрку пяцёркай, і 2 + 2 было б 5…

А таму паэтычна хачу верыць у тое,

што ня зрокся і ўнук зямлі – узараўшы нябёсы болем, на чырвоным арле-кані праімчуся бялюткім полем;

што ня вечны ў мурах кашчэй, што ў нябыт павядуць ня першым, што чарніла сьвятых начэй яшчэ хопіць на дзесяць вершаў…

А з хрэстаматыйнага Купалаўскага

“Ў народ і край свой толькі веру І веру ў самаго сябе”

застаецца, на жаль, толькі вера ў сябе.
XS
SM
MD
LG