Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 16.06.2007- 22.06.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Увесь час пад дубінкі, пад кулакі АМОНу, на ўсе акцыі прыходзіць толькі моладзь".

Зьміцер Хведарук, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” – пра акцыю ў Дзень салідарнасьці 16 чэрвеня

“Цяперашняя эліта, якая хоча зьмены Лукашэнкі, будзе выкарыстоўваць апазыцыю – гэтую маргінальную вулічную апазыцыю як таран для зьмены ўлады. А ўжо на другім этапе зразумела, што ані Мілінкевіч, ані Лябедзька, ані тым больш Вячорка – ніхто зь іх не атрымае гэтай улады. Яна ізноў апынецца ў руках тых клясычных беларускіх клянаў, якія кіравалі краінай усе гэтыя гады”.

Павал Шарамет, расейскі журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт”

“Справа ў тым, што я ўжо гэта перажывала адзін раз. Калі спадар Брэжнеў нам казаў, што “эканоміка павінна быць эканомнай”. Мы гэта ўсё праходзілі. Думаю, што ніякія дырэктывы не дапамогуць. Эканоміць будзе гаспадар. Калі гэта будзе яго асабістае, ён будзе глядзець, каб на вытворчасьці стаялі эканомныя машыны, каб вада не цякла. Калі за гэта ён будзе плаціць са сваёй кішэні, а не зь дзяржаўнай”.

Менчанка – у адказ на пытаньне Свабоды аб выкананьні дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі “Аб эканоміі і ашчаднасьці”.

“Яна цалкам тычыцца навучальнага й выхаваўчага працэсу. Ёсьць Ратэрдамскі, ёсьць Плятон... Ёсьць кіраўнік дзяржавы Лукашэнка”.

Мечыслаў Часноўскі, рэктар Берасьцейскага ўнівэрсытэту – пра шыльду з выказваньнем А.Лукашэнкі: “Усё, што ў нас зроблена, чаго мы дасягнулі на сёньняшні дзень – усё гэта дзякуючы таленту, мужнасьці і ўпартай працы нашага народу” на першым паверсе будынку ўнівэрсытэту

"Я ніколі не прасіў як спэцдакладчык зьмяніць рэжым у Беларусі. Я проста казаў людзям у Радзе ААН, што ім трэба забыць аб правах чалавека ў Беларусі, пакуль там ля ўлады застаецца дзейны рэжым".

Адрыян Сэвэрын, былы дакладчык Рады ААН у правах чалавека па Беларусі, мандат якога быў скасаваны

“Як беларусам не хапае мора! Я ўжо прапаную падвесьці мора да Беларусі, неяк там празь Літву. Ну, можа Менскае мора неяк пашырыць... Тут была расейскамоўная экскурсія ў мясьціны. дзе Ісус хадзіў па вадзе, там былі выхадцы з усіх 15 былых савецкіх рэспублік, зь іншых краінаў, усе расейскамоўныя. Я гляджу, а на заднім сядзеньні аўтобуса тры ці чатыры чалавекі ўжо сядзяць у адных плаўках, у купальніках. Я пачаў прыслуховацца -- знаёмыя "г", "ч". Карацей, беларусы распрануліся ўжо за дваццаць кілямэтраў ад возера, у аўтобусе, мора не хапае".

Павал Касьцюкевіч, перакладчык, які жыве ў Ізраілі – у перадачы «Начная Свабода»

“Наш намер у тым, каб стварыць невялікі ціск і заахвоціць Беларусь гарантаваць працоўным гэтай краіны свабоду асацыяцыяў, якую яны павінны мець у адпаведнасьці з абавязацельствамі Беларусі перад Міжнароднай арганізацыяй працы”.

Стывэн Адамс, прэсавы сакратар камісара Эўразьвязу ў пытаньнях гандлю Пітэра Мандэлсана – пра мэты выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый ЭЗ

“Я памру дзеля квадратнага кораня”.

Яраслаў Качыньскі, прэм’ер-міністар Польшчы – пра прапанову Польшчы ўсталяваць у Эўразьвязе працэдуру прыняцьця рашэньняў, у адпаведнасьці зь якой колькасьць галасоў, якія будзе мець краіна, адпавядала б квадратнаму кораню ад яе агульнага насельніцтва

"Як можам мы, эўрапейцы, пераканаць астатнюю частку сьвету ў нашай сур’ёзнасьці, калі гаворым пра зьмены клімату, калі займаемся праблемамі глябалізацыі, ад барацьбы зь міжнародным тэрарызмам да дапамогі разьвіваным краінам, калі мы ня ў стане дамовіцца пра свае ўласныя інстытуцыі?”

Жазэ Мануэль Барозу, прэзыдэнт Эўракамісіі – напярэдадні саміту Эўразьвязу, у парадку дня якога – узгадненьне Канстытуцыйнай дамовы Зьвязу

“Тое, што адбываецца апошнія тры-чатыры гады, цяжка зразумець. Лічбы пра аздараўленьне, якімі апэлюе ўрад, адлюстроўваюць фактычна адпачынак дзяцей на іхных школьных пляцоўках. Хіба тое ёсьць аздараўленьне? Пры гэтым сапраўды фактычна разбураецца грамадзкая дабрачынная дзейнасьць. Для сёньняшніх чыноўнікаў як не дзяржава, тады – ніхто!”

Генадзь Грушавы, старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» – у перадачы «Госьць на Свабодзе»
XS
SM
MD
LG