Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 22 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

Аглядальнік сеткавага выданьня “Свабода” пад псэўданімам А. Уласаў піша пра блізкія ў календары быкаўскія даты 19 чэрвеня – дзень нараджэньня – і 22 чэрвеня – дзень сьмерці:

“З кожным годам да каменя на магіле Быкава (пасьмяротны падарунак Фінскага ПЭН-цэнтру) прыходзіць усё меней людзей. Праўда, моладзі сярод іх па-ранейшаму параўнальна шмат (і гэта ня можа ня радаваць). (...) А яшчэ былі два чалавекі ў цывільным зь відэакамэрамі. Падумалася – хай здымаюць. Усё застаецца ў гісторыі назаўсёды. Мы жывем пасьля Быкава. Але ён пакуль яшчэ з намі”.

Блогер aliaksei рэфлексуе з нагоды інфармацыі пра ўзаконьваньне кампутарных сетак у жылых дамах: “Асабіста я рады. Усё будзе афіцыйна, з чэкамі ды іншымі атрыбутамі цывілізацыі. Будуць сачыць за абсталяваньнем, своечасова замяняць. Можна будзе дзяўбці правайдэра рыхтык да спажывецкага тэрарызму. З другога боку, калі дзеці хочуць пракласьці драты між сваімі кампутарамі і нікому не замінаюць, дык няхай пракладаюць”. Камэнтары:

“Я за легалізацыю, бо “безадказнасьць бакоў” мяне не задавальняе”;

“Лепш бы легалізавалі нелегальнасьць”.

Блогер vadim_i_z дзеліцца інфармацыяй, атрыманай ім на электронную пошту:

“Робім паслугу па ўзломе паштовай скрыні. Кошт – 45 у.а. (Скрыні на платных сэрвэрах – даражэй). 1. Перадаплата – 10 у.а. 2. Чаканьне – 1-3 дні. 3. ...Зьніжка на наступныя заказы. Камэнтары:

“Выснова – э-мэйл лепш пазначаць той, які добра абаронены, не на публічным сэрвэры”;

“Навошта ім наша пошта і “ЖЖ”?”;

“Дзеля дурасьці альбо “кампрамэтацыі”.

Амэрыканскі беларус пад нікам e-ndrus публікуе ў сваім дзёньніку сатыру на людзей, якія эмітуюць дзейнасьць на карысьць беларушчыны дзеля мэркантыльных інтарэсаў:

“Канфэрэнцыі ў Вільні, Канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, Перадайце вітаньні Калякіну. Скажыце, што ад Зянона.

Ай, хай сабе будзе ўсё ў нас так сабе. Я нальлю сабе кухаль, тады яшчэ кухаль... Прабач, Беларусь, сёньня я нажаруся.

Абмяркуйма стратэгію! Падпішам пагадненьне! Потым пойдзем на фуршэт з калегамі, Вып’ем за адраджэньне...”

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG