Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: эталён прыгажосьці і сучасныя стандарты мадэлек


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы да спробаў зьмяніць эталён мадэлькі – ад вельмі худой да жанчыны з нармальнай фігурай – пакуль што прыглядаюцца. Тым ня менш эталёнамі прыгажосьці у Польшчы былі і застаюцца жанчыны, якіх цяжка назваць вельмі худымі, ці, як кажуць у Польшчы, “вешалкамі”.

Першай адважылася зьвярнуцца да жанчын гэтак званага “нармальнага выгляду” ў Польшчы мясцовая філія фірмы “DOVE”. На рэклямных плякатах – некалькі жанчын, якія не сядзелі на дыетах гады і да здымкаў якіх не дакрануўся кампутарны “фаташоп”.

“Цудоўныя формы. Жаночыя формы” – слоган, ці лёзунг кампаніі.

Адметна, што і ў апытаньнях мужчынаў у Польшчы аб найпрыгажэйшай польцы перамагаюць зусім не худыя жанчыны.

Акторка Яанна Бродзік – найпрыгажэйшая, на думку польскіх мужчынаў, жанчына 2006 году

“Вядома, у такіх апытаньнях мужчыны адказваюць так, як хочуць, на свой уласны густ, і таму перамагаюць такія жанчыны, якія падабаюцца большасьці мужчынскай паловы насельніцтва. Аднак мадэльеры надалей хочуць, каб сукенку ці кашулю паводле іхнага праекту паказвалі на подыюме такія жанчыны, якія ім патрэбныя. Так што густы мужчынаў і мадэльераў крыху адрозьніваюцца”, – кажа Хэлена Касоўска, экспэрт у пытаньнях моды.

Польскі сэкс-сымбаль – сьпявачка Дода

Паводле адмыслоўцаў, тое, што ў Польшчы ў рэкляме вопраткі выступаюць худыя жанчыны, зьвязанае перадусім з тым, што гэта рэкляма ўсясьветнавядомых карпарацыяў, якія робяць адну рэклямную кампанію на некалькі краінаў.

“Думаю, што тэндэнцыя падтрымкі моды для худых жанчын перадусім зьвязаная з усясьветнай модай, – гаворыць Хэлена Касоўска. – Але ў Заходняй Эўропе гэта мяняецца і, мяркую, зьменіцца і ў Польшчы. Усё часьцей фірмы, якія рэклямуюць жаночую вопратку, будуць зьвяртаць увагу на кабет з больш поўнымі формамі”.

Адмыслоўцы кажуць, што значная частка полек, калі глядзяць рэкляму, саромеюцца ўласнага выгляду, у некаторых нават пачынаюцца дэпрэсіі, бо выглядаць так, як мадэлькі, яны ніколі ня будуць.

Менавіта таму частка фірмаў перанакіроўвае свае рэклямныя кампаніі на больш рэальныя ўзоры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG