Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч заявіў у Рыме, што ў Беларусі няма палітвязьняў


Радыё Свабода “У Беларусі няма палітвязьняў і мы на гэтым настойваем”,– заявіў сёньня ў Рыме спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Гайдукевіч, перадае італьянскае агенцтва AGI.

У часе сустрэчы зь італьянскім дэпутатам і дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэя Рыгоні беларускі парлямэнтар, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі падкрэсьліў, што вязьні, пра якіх пішуць на Захадзе, зьяўляюцца звычайнымі крымінальнікамі, якія выдаюць сябе за палітычных зьняволеных.

Ён адзначыў, што Беларусь "зьяўляецца адкрытай краінай, гатовай для кантактаў з Эўразьвязу і эўрапейскімі структурамі. Сяргей Гайдукевіч таксама заявіў, што ягоная краіна крочыць курсам эканамічных рэформаў.

У сваю чаргу Андрэа Рыгоні, які зьбіраецца наведаць Менск сёлета ў кастрычніку, сказаў, што хацеў бы сам пераканацца ў праўдзівасьці гэтай інфармацыі. У часе сустрэчы Андрэа Рыгоні таксама падкрэсьліў, што ніхто ня просіць ад Беларусі стаць у адзін момант дэмакратычнай краінай. Аднак было б пажадана, каб у часе наступнай такой сустрэчы, беларускі бок змог бы прадэманстраваць канкрэтныя вынікі ў ажыцьцяўленьні хаця б адной з 12 рэформаў, выкананьня якіх патрабуе ад Беларусі ЭЗ, заявіў дакладчык ПА РЭ па Беларусі.

Заўтра ў Страсбуры заплянавана сустрэча Сяргея Гайдукевіча з прэзыдэнтам ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэнам.

• Праваабаронцы: “2006 год быў рэкордным у парушэньні правоў чалавека”, 24.05.2007 • Што дае статус “вязень сумленьня”?, 28.05.2007
XS
SM
MD
LG