Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у дзясятцы найгоршых парушальнікаў свабоды слова


Ганна Соўсь, Прага Амэрыканская праваабарончая арганізацыя “Freedom House” абнародавала чарговую справаздачу пра стан свабоды друку. Гэтым разам яна была прысьвечаная цэнзуры мэдыяў у Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Сярод краінаў СНД, дзе сытуацыя са свабодай друку найгоршая, у справаздачы называюцца Беларусь, Узбэкістан і Туркмэністан.

Новае аблічча цэнзуры на постсавецкай прасторы

У справаздачы амэрыканскай праваабарончай арганізацыі адзначаецца, што ў большасьці краінаў СНД маюць месца новыя формы кантролю над незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі. “Freedom House” апісвае сучасную мадэль цэнзуры. Гэта і зьмешаны кантроль дзяржавы і алігархаў, і манаполія на вяшчаньне з боку гэтак званай прэзыдэнцкай сям’і, і судовы перасьлед, а таксама схаваныя і адкрытыя формы запалохваньня.

Адметна, што ў штогадовым аглядзе “Freedom House”, прысьвечаным свабодзе слова, са 195 дасьледаваных краінаў ў дзесятцы найгоршых парушальнікаў свабоды слова тры краіны СНД: Беларусь, Узбэкістан і Туркмэністан.

Паказчыкі свабоды слова ў заходніх краінах СНД

Беларусь вызначылася крымінальнай адказнасьцю за дыскрэдытацыю ўладаў і абмежаваньнем інтэрнэту

Што да сытуацыі ў Беларусі, то ў справаздачы гаворыцца пра зьмены ў Крымінальным кодэксе, згодна зь якімі ўведзеная крымінальная адказнасьць за “дыскрэдытацыю Беларусі” ў вачах міжнародных арганізацый і замежных урадаў. Адзначаюцца спробы ўладаў кантраляваць інтэрнэт, асабліва падчас выбарчых кампаній, гаворыцца пра блякаваньне сайтаў апазыцыйных партый, грамадзкіх арганізацыі і незалежных мэдыяў.

“ Беларускі рэжым мае і жаданьне, і магчымасьці абмяжоўваць адкрытасьць інтэрнэту”.


У справаздачы гаворыцца, што не было выяўлена сьведчаньняў сыстэматычнага і ўсебаковага ўмяшаньня ў інтэрнэт. Мяркуецца, што беларускія ўлады дзейнічаюць даволі тонка, ствараючы праблематычным доступ, аднак ніколі цалкам не выключаючы альтэрнатыўны інфармацыйны сыгнал.

“Freedom House” канстатуе, што “беларускі рэжым мае і жаданьне, і магчымасьці абмяжоўваць адкрытасьць інтэрнэту. І гэтыя магчымасьці нашмат больш шырокія, чым проста блякаваць і фільтраваць інтэрнэт”. У справаздачы гаворыцца, што “пагроза адкрытасьці інтэрнэту ў Беларусі будзе павялічвацца, калі набудзе моц закон, які павялічыць кантроль дзяржавы над сецівам, з тым каб улады мелі магчымасьць рэгуляваць і блякаваць інтэрнэт. Гэтак жа як і павялічваецца ўціск, які прыводзіць да самацэнзуры”, адзначае “Freedom House”. Несуцяшальны прагноз праваабаронцаў

Аўтары справаздачы адзначаюць чатыры асноўныя тэндэнцыі ў краінах СНД: ўзмацненьне кантролю над СМІ, асабліва над тэлебачаньнем, заканадаўчае абмежаваньне свабоды мэдыяў, падвышаная ўвага да замежнага радыёвяшчаньня і павелічэньне кантролю над друкаванымі СМІ.

У справаздачы “Freedom House”, 10 з 12 постсавецкіх дзяржаваў ацэньваюцца як несвабодныя. Свабоднымі цяпер лічацца Грузія і Украіна. З дзясяткі несвабодных, паводле справаздачы, ніводная краіна не рухаецца ў бок паляпшэньня, наадварот ёсьць тэндэнцыя да пагаршэньня сытуацыі.

"Інтэрнэт – асноўная альтэрнатыва і прэтэндэнт на лідэрства ў СМІ у СНД, кажа Крыстафэр Уолкер, дырэктар аддзелу дасьледаваньняў “Freedom House” і аўтар справаздачы.

Краіны СНД лічацца адным з небясьпечных рэгіёнаў для журналістаў. Запалохваньне, фізычны гвалт і нават забойства рэпарцёраў і рэдактараў – гэта тыпова сытуацыя для журналістаў, якія дасьледуюць палітычную і карпаратыўную карупцыю. Фактычна ў кожнай краіне СНД журналісты былі ахвярамі заказных забойстваў, ці загінулі пры падазроных абставінах, гаворыцца ў справаздачы “Freedom House”.
6.68 – такую ацэнку ступені дэмакратычнасьці дзяржавы вынесла Беларусі за мінулы год праваабарончая арганізацыя Freedom House. Ацэнкі варыююцца ад 1 – найвышэйшай ступені дэмакратычнасьці да 7 – найніжэйшай. Беларусь з ацэнкай 6.68 апынулася ў адной кампаніі з Казахстанам, Туркмэністанам і Ўзбэкістанам. У параўнаньні зь мінулым годам паказчык дэмакратычнасьці Беларусі ў ацэнцы Freedom House крыху палепшыўся. Як вынікае са справаздачы арганізацыі, гэта зьвязана з больш станоўчай ацэнкай актыўнасьці недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG