Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра адмену Эўразьвязам гандлёвых ільготаў Беларусі


Радыё Свабода Як гарадзенцы ставяцца і ацэньваюць санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі, што датычаць адмены гандлёвых ільготаў?

Малады спадар: “Зразумела, што скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў адмоўна паўплывае на эканоміку Беларусі. Хто гэта на сабе адчуе? Думаю, бюджэтнікі, хутчэй за ўсё, якія атрымліваюць заробак на дзяржпрадпрыемствах, настаўнікі, дактары, тыя ж студэнты”.

Малады спадар: “Маё меркаваньне такое, што раз нашая эканоміка больш арыентаваная на ўсходні кірунак, то вынікі гэтай адмены льготаў зьявяцца, можа быць, праз год-два. А на дадзены момант, магчыма, пераўтворыцца ўсё ў прыдумваньне якіхсьці новых падаткаў для прадпрымальнікаў, для прадпрыемстваў, што больш-менш пасьпяхова працуюць”.

Спадар: “Кожны мэтад добры, каб змусіць дыктатара да саступак. Папярэджвалі ня раз, гэтая справа цягнецца ўжо некалькі гадоў: Беларусь ня хоча прыняць нармальных дэмакратычных стандартаў, таму такая рэакцыя наступіла. Я думаю, што гэта вельмі добра”.

Спадар: “Я думаю, што Эўразьвяз зрабіў так, як ён лічыў правільным. Аднак так ці іначай гэта было пакараньнем улады, але вынікі гэтага адаб’юцца на людзях”.

Малады спадар: “Дастаткова цікавая сытуацыя, таму што ўпершыню ў дачыненьні да беларускага рэжыму ўводзяцца гаспадарчыя санкцыі, гэта новая сытуацыя для ўладаў. Я, праўда, маю такую надзею, што яны “пойдуць па розум да галавы” і хоць намінальна палепшаць становішча прафсаюзаў, таму што на сёньняшні дзень ніякай пагрозы незалежныя прафсаюзы для ўлады не ўяўляюць”.

Спадар: “Я лічу, што Эўразьвяз зрабіў усё правільна”.

Карэспандэнт: “Але калі гэта сапраўды ўдарыць па бюджэце, гэта адчуюць улады ці людзі — як вы думаеце?”

Спадар: “Я думаю, што хутчэй за ўсё адчуюць людзі”.

Карэспандэнт: “Гэта значыць, вы лічыце, што меры правільныя, але яны ўдараць па народзе? І што тады будуць рабіць улады?”

Спадар: “Я думаю, што яны, натуральна, будуць шукаць нейкіх варыянтаў, каб выйсьці з сытуацыі, якая склалася”.

Карэспандэнт: “Тое, што бюджэт страціць пэўныя грошы, ці сапраўды адаб’ецца і на краіне і на людзях?”

Спадар: “Непазьбежна. Можа быць, ня так прыкметна адразу гэта адчуецца, але зь цягам часу гэта будзе нарастаць як сьнежны ком, вось такое маё меркаваньне”.
XS
SM
MD
LG