Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты-каліноўцы праходзяць сур’ёзны адбор


Радыё Свабода У Беларусі пачаўся набор абітурыентаў, якія жадаюць вучыцца за мяжой па праграме Каліноўскага. Учора ва ўправе БНФ адбыліся першыя сумоўі з кандыдатамі, якія праводзіла адмысловая камісія. Рашэньне пра тое, каго прымуць, а каму адмовяць, прымуць 2 ліпеня ў Варшаве.

Сёлета ў фонд абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” падалі каля шасьцідзесяці заявак — на працяг вучобы за мяжой. Маладыя беларусы будуць вучыцца ў трох суседніх краінах — Літве, Украіне і Польшчы.

Летась адбор праходзіў хутка. Сёлета — больш сур’ёзна і грунтоўна, дый набор будзе меншы, чым у мінулым годзе.

Крытэры адбору кандыдатаў распрацавала рада камітэту, і яны не мяняюцца, кажа кіраўнічка фонду Іна Кулей:

“Альбо рэпрэсаваны сам чалавек, студэнт ці абітурыент, альбо рэпрэсаваная сям’я. Калі вяліся перамовы з дырэктарам праграмы Янам Маліцкім, былі такія спрэчкі, каб гэта праграма была толькі для студэнтаў. Але са свайго боку мы ўсё ж такі лічым, што гэта не сацыяльная праграма, гэта праграма палітычная.

Таму, напрыклад, маладафронтаўцы таксама павінны падпадаць пад яе. Яны яшчэ не былі студэнтамі, але вядома, што многія зь іх проста не паступяць ва ўнівэрсытэты з-за таго, што шэсьць-дзесяць разоў выклікаліся ў КДБ альбо дзіцячыя пакоі міліцыі”.

Старшыня зарэгістраванага ў Вільні “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова ўваходзіць у камісію, якая створаная для адбору кандыдатаў:

“Бальшыня хлопцаў і дзяўчат — гэта сапраўныя каліноўцы, добрыя патрыёты, сумленныя людзі, і яны гэты крок робяць, каб і ім на карысьць, і краіне на карысьць было. Бываюць і хітрыкі, канечне. Сёлета іх было менш, чым летась. У мінулым годзе мы дзесьці 30—40% адсейвалі. А цяпер з дваццаці чалавек два ці тры чалавекі не прайшлі. Выбіраем самых лепшых”.

Сябры адборачнай камісіі абавязкова глядзяць на адзнакі ў атэстаце, спрабуюць ацаніць агульны ўзровень адукацыі кандыдата, зразумець, ці ёсьць у чалавека матывацыя вучыцца, атрымаць добрую адукацыю.

Трапіць на вучобу — добры шанец, але гэта зусім не азначае, што чалавека будуць трымаць толькі за тое, што ён быў некалі рэпрэсаваны, кажа Іна Кулей.

“Ёсьць прыклады, калі амаль што выдатнікі ўжо ня вучацца па праграме Каліноўскага, таму што былі адлічаныя пасьля першай сэсіі. А ёсьць такія, хто вучыўся даволі слаба, але ўзяўся за розум і цяпер бліскуча здае іспыты. Таму гэта ў многім залежыць ад самаго студэнта”.

Беларус Сяргей Марчык навучаецца па праграме Каліноўскага на факультэце права Варшаўскага ўнівэрсытэту. Цяпер пасьпяхова здае экзамэнацыйную сэсію:

“Патрэбнае нейкае імкненьне да вучобы. Таму што практыка паказвае: вялікая колькасьць студэнтаў-каліноўцаў, якія прыехалі першымі, ці ўжо пазбавіліся вучобы, ці бліжэйшым часам будуць выключаныя. Хутчэй за ўсё, гэта адбываецца не таму, што яны ня здольныя да вучобы, а таму, што разлагоджаныя былі.

Прыехаўшы ў Польшчу і атрымаўшы стыпэндыю, многія, як бы так больш далікатна сказаць, неадэкватна сябе паводзілі, нейкая разбэшчанасьць зьявілася пасьля беларускай рэчаіснасьці. Таму вялікая колькасьць разумных, клясных студэнтаў цяпер выяжджае ў Беларусь, таму што ня здолелі вучыцца”.

• Праграма Каліноўскага ў Польшчы ня згортваецца, 27.03.2007 • Хто дыскрэдытуе навучальную праграму імя Каліноўскага?, 28.12.2006 • Як на самой справе жывуць студэнты-беларусы ў Варшаве?, 31.08.2006
XS
SM
MD
LG