Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Па кажнай перажытай начы жменька сяброў нясупынна малела...”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 22 чэрвеня ў розныя гады мінулага.

Дзень добры! Вось якія згадкі аб мінулым адшукаліся на старонках беларускай прэсы ад 22 чэрвеня розных гадоў.

“Вольная Беларусь” у 1917 годзе апавядае пра зьезд настаўнікаў Менскай губэрні: “Ад прамоў іх патыхала вогнасьцю склепа і такой архаічнасьцю, кансэрватызмам, адсталасьцю і дзікарствам, што нехаця, якось само сабой паўставала пытаньне: што гэта — з’езд настаўнікаў ці “собрание истинно-русских людей”?.. Здзек і выскаляньне з усяго роднаго, беларускаго, нізразумелая пагарда і пакепліваньне с таго, што ні расійскае... баязлівасьць таго самаго народу, адкуль яны выйшлі... — вось тыя матывы, што панавалі на з’ездзі...”

“Амэрыканская прэса паведамляе, што Літва пачала акцыю, якая мае на мэце адарваць ад Польшчы Віленскую, Гарадзенскую і Наваградзкую акругі і стварэньне на гэтай тэрыторыі агульнай беларускай рэспублікі, — піша ў 1927 годзе “Nowe Zycie”. — Рашэньне аб стварэньні асобнай дзяржавы было прынятае падчас палітычнай канфэрэнцыі, на якую запрасілі Беларусаў з Польшчы. Зразумела, што гэтая рэспубліка ніколі ня будзе ўтворана, але Літва любіць дэманстрацыі супраць Польшчы. Таму гэтай інфармацыі ніхто сур’ёзнай увагі не надае”.

На гэтым тыдні 1957 году “Бацькаўшчына” разважае на тэму рэпрэсіяў трыццатых гадоў: “Разам з бальшавіцкімі пяцігодкамі ды калектывізацыяй па Беларусі прайшло аж колькі спусташальных тэрарыстычных нахлынаў... У тыя згібельныя часы менскі Дом пісьменьніка людзі наведвалі галоўна каб пабачыць яшчэ ўцалелых ды пачуць пра чародныя ахвяры. Па кажнай перажытай начы жменька сяброў нясупынна малела. Ці не таму стала конча патрэбнаю штодня хоць часінная, позіркавая сяброўская сустрэча”.
XS
SM
MD
LG