Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла прэзэнтацыя фільму “Васіль Быкаў. Вяртаньне”


Альгерд Невяроўскі, Менск 22 чэрвеня 2003 году ня стала Васіля Быкава. Да 4 гадавіны з дня сьмерці народнага пісьменьніка ў менскай штаб-кватэры БНФ адбыўся першы ў Беларусі паказ на вялікім экране фільму рэжысэра Віктара Корзуна “Васіль Быкаў. Вяртаньне”. Гэты дакумэнтальны фільм быў зьняты ў 2003 – 2004 гадох і ўжо быў ацэнены за мяжой. Але ў Беларусі першая шырокая дэманстрацыя стужкі прайшла толькі цяпер.



На паказ фільму ў памяшканьне ўправы БНФ прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна моладзь. Арганізатарам паказу выступіла арганізацыя “Моладзь БНФ”. Перад пачаткам дэманстрацыі слова ўзяў Франак Вячорка:

“Мы адзначаем дні Быкава. Так здарылася, што Васіль Быкаў нарадзіўся і сышоў ад нас у дні, якія стаялі побач у календары. І цяпер спаўняецца 4 гады, як Васіль Быкаў ужо ня з намі. Але з намі памяць пра яго, з намі ягоныя пасьлядоўнікі – людзі, якія працягваюць сваёй дзейнасьцю, сваімі ідэямі рабіць тое, што рабіў Васіль Быкаў.

Сёньняшні вечар у сядзібе Фронту прысьвечаны адмыслова яму. Сёньня мы будзем глядзець фільм пра Васіля Быкава, які быў зроблены раней і прэзэнтуецца не ўпершыню. Але вы станеце першымі, хто яго пабачыць на вялікім экране ў Беларусі”.

Перад паказам выступіў таксама рэжысэр фільму Віктар Корзун:

“Падчас пахаваньня, падчас стварэньня фільму мы былі ўдзельнікамі. А стваральнікамі быў увесь беларускі народ, які быў на пахаваньні, які мог бы быць, але чамусьці ня здолеў. Усе суседнія краіны паказалі фільм па нацыянальных каналах, і цешыць, што ўкраінцы, літоўцы, палякі знайшлі там нешта актуальнае для сябе”.

Цягам 22 хвілінаў людзі глядзелі кадры з пахаваньня Васіля Быкава і слухалі голас пісьменьніка.

“Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным. Ад нараджэньня закладаецца ў чалавеку інстынкт свабоды”, – гучаць у фільме Віктара Корзуна словы Васіля Быкава.

• Чэрвень з Васілём Быкавым
XS
SM
MD
LG