Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы тэма сурагатных маці выклікае бурныя спрэчкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскае заканадаўства ясна не рэгулюе пытаньня сурагатнага мацярынства, але важнейшы ў гэтым выпадку, бадай, маральны аспэкт.

“Шукаем пані ва ўзросьце да 30 гадоў, якая згадзілася б стаць сурагатнай маці, вынасіла створаны з клетак бацькоў эмбрыён”, – такіх аб’яваў на адмысловых інтэрнэт-старонках ня вельмі шмат, але яны ёсьць.

Аўтары такіх аб’яваў ня хочуць размаўляць з журналістамі, баючыся магчымых складанасьцяў, перадусім таго, што праз розгалас іхнае будучае дзіця будзе ведаць, што яго нарадзіла іншая жанчына.

Спадарыня Катажына пагадзілася на кароткае выказваньне толькі даведаўшыся, што гэта замежнае радыё, і пры ўмове, што мы зьменім імя.

“На дадзены момант, шчыра кажучы, гэта нашая адзіная надзея. Мы ўжо каля 10 гадоў робім усё, каб мець дзіця і нічога не атрымліваецца, – расказвае Катажына. – Што ж застаецца... Назьбіралі грошай, але пашчасьціла знайсьці жанчыну, якая ўжо мае дзяцей і пагадзілася дапамагчы нам абсалютна бясплатна. Добры чалавек. Пагадзілася яна”.

Малгажата Новак: “Бацькі, якія ня могуць мець уласных дзяцей, больш за ўсё баяцца моманту нараджэньня”.
Жанчына, якая носіць дзіця спадарыні Катажыны і яе мужа, цяжарная толькі другі месяц.

“Вельмі цяжка зразумець, што яны адчуваюць – і бацькі, і сурагатная маці. З размоваў і з тымі, і з тымі ведаю, што бацькі, якія ня могуць мець уласных дзяцей, больш за ўсё баяцца моманту нараджэньня, каб раптам жанчына, якую яны фактычна нанялі, каб яна нарадзіла ім дзіцё, не перадумала і не адмовілася яго аддаваць”, – кажа псыхоляг Малгажата Новак, якая мела ў сваёй практыцы дачыненьне з такімі сытуацыямі.

Вядома, што ў Польшчы ўжо было некалькі выпадкаў, калі сурагатныя маці адмаўляліся аддаваць народжаных дзяцей альбо шантажавалі бацькоў, патрабуючы вялікія сумы грошай, пагражаючы не аддаць немаўля. У судох такія справы, аднак, ніколі не разглядаліся і таму цяжка меркаваць, якім у такой сытуацыі мог бы быць вырак.

На думку прафэсара права Ежага Стшабінчыка, усё залежыць ад таго, што мы лічым пачаткам жыцьця – чалавечы эмбрыён ці народжанае дзіцё. Калі эмбрыён, а (што ў Польшчы надзвычай важна) так лічыць каталіцкая царква, дык тут, паводле прафэсара, гаворку можна весьці пра гандаль чалавекам.

Рышард Каспшак: “А што ж сурагатныя маці, гэта ж не бяздушныя машыны? Як яны ўсё перажываюць?”
Сацыёляг Рышард Каспшак у сваю чаргу зьвяртае ўвагу на сытуацыю, у якую трапляе сама сурагатная маці:

“Тут можна ўсялякія моўныя канструкцыі ствараць, казаць пра няшчасьце сем’яў, якія ня маюць дзяцей. А што ж сурагатныя маці, гэта ж не бяздушныя машыны? Як яны ўсё перажываюць? Што, калі нешта здарыцца ў часе цяжарнасьці, калі дзіцё будзе нездаровае – яна ж зь ім можа і застацца. А так жа насамрэч можа здарыцца”.

• Ці прыжывуцца ў Беларусі “камэрцыйныя” мамкі?, 21.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG