Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Донарка А.Арашыдзэ: “Нічога каштоўнейшага за чалавечую кроў няма”


Вольга Караткевіч, Прага Госьця “Начной Свабоды” – ганаровая донарка з Магілёва Алена Арашыдзэ. Нагодаю для гутаркі стаў пачаты напярэдадні магілёўскімі донарамі папераджальны страйк з прычыны адмены льготаў.

Алена Арашыдзэ нарадзілася ў Казахстане. Яе маці паходзіць з Украіны, а бацька – зь Беларусі. Пазнаёміліся бацькі, калі ўздымалі цаліну. Па выхадзе бацькі на пэнсію ўсёй сям’ёю вярнуліся ў Беларусь.

У Алены двое дзяцей і чацьвёра ўнукаў. Паводле адукацыі яна пэдагог дашкольных установаў. 15 гадоў адпрацавала ў дзіцячым садку. Працавала выхавацелькай, была загадчыцай садка. Апошнія 7 гадоў працуе гандляркай. У гандаль пайшла, каб узьняць дабрабыт сям’і.

"Пасталеўшы, зразумела, як важна быць донарам”

Караткевіч: “Алена, як даўно вы сталі донаркай?”

Арашыдзэ: “Я ўжо 15 гадоў, як донар”.

Караткевіч: “Чаму вы вырашылі здаваць кроў? Што была за прычына?”

Арашыдзэ: “Спачатку была матэрыяльная прычына. Вучылася ў Казахстане, езьдзіла туды на сэсіі: патрэбныя былі грошы. А пасьля, пасталеўшы, ня раз сутыкаючыся з фактамі, калі проста неабходная была мая кроў, зразумела, як важна быць донарам. Зьявіўся ўжо чалавечы фактар”.

Караткевіч: “Што вы вывучалі ў Казахстане?”

Арашыдзэ: “Пэдагогіку”.

Караткевіч: “І вы проста туды ляталі здаваць сэсіі?”

Арашыдзэ: “Так, здавала сэсіі”.

Караткевіч: “А колькі ж тады каштаваў квіток на самалёт у Казахстан?”

Арашыдзэ: “63 рублі 70 капеек”.

Караткевіч: “А адна здача крыві ў тыя гады колькі каштавала?”

Арашыдзэ: “7 рублёў”.

Караткевіч: “А цяпер?”

Арашыдзэ: “Тады я здавала кроў, а цяпер я здаю плязму. Калі перавесьці аплату на даляры, то гэта цяпер 50 даляраў”.

"Калі адмяняюць льготы, забываюцца на чалавечы фактар”

Караткевіч: “Алена, чаму вы вырашылі падтрымаць цяперашні пратэст донараў супраць адмены льготаў?”

Арашыдзэ: “Проста крыўдна, разумееце... Калі званок у тры гадзіны ночы і просяць: “Прыедзьце, калі ласка, памірае дзяўчынка”, – або кажуць, што тэрмінова патрэбна анкалягічнай хворай жанчыне кроў, тады ня думаеш ні пра грошы, ні пра што іншае. Ня трэба тых грошай – нясесься ратаваць няшчасных, хворых, зьнякроўленых людзей...

А цяпер, калі адмяняюць ільготы, забываюцца на чалавечы фактар, на тое, што трэба заахвоціць тых, хто ахвяруе сваю кроў. Тыя льготы, якія мы цяпер яшчэ маем, вельмі істотныя. Гэта і 50-працэнтная аплата кошту лекаў, і бясплатнае пратэзаваньне зубоў, і надбаўка да пэнсіі.

Мы з мужам здавалі кроў вельмі доўга. Мужа ўжо сьпісалі па стане здароўя: выціснулі яго, як лімон... І ўсё. Выходзіць, што раней мы былі патрэбныя, а цяпер ніхто нікому не патрэбны. Дык жа калі мы стукаемся ў дзьверы, іх жа трэба адчыніць...”

Караткевіч: “Алена, статус донара захоўваецца пасьля таго, як чалавек перастае здаваць кроў? Ці захоўваюцца льготы?”

Арашыдзэ: “Так, вядома. Нам выдаецца знак пашаны “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь, даецца карэньчык на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце. Мы маем магчымасьць за паўцаны купляць лекі. Гэта вельмі шмат для нас значыць, бо муж цяпер па стане здароўя ня можа ўжо здаваць кроў і мае патрэбу ў некалькіх вельмі дарагіх лекавых прэпаратах”.

Караткевіч: “Алена, а ў якім веку ваш муж страціў магчымасьць здаваць кроў?”

Арашыдзэ: “У 43 гады”.

Караткевіч: “А вам цяпер колькі?”

Арашыдзэ: “45”.

Караткевіч: “Мы правялі ў Менску апытаньне. Мы цікавіліся, ці падтрымліваюць людзі страйк донараў”.



“Мы аддаем тое, што не вяртаецца”

Караткевіч: “Ці вы верыце ў тое, што ваш папераджальны страйк дапаможа ў вырашэньні праблемы?”

Арашыдзэ: “Я спадзяюся, што вырашыцца на нашую карысьць. Я ўжо казала: калі стукаюцца ў дзьверы, іх адчыняюць. Так што, мабыць, дапамогуць нам у нашай сытуацыі, бо ж мы трацім сваё здароўе, здаючы кроў. Гэта ня проста так, што пайшоў, літар вады выпіў – і ўсё. Тут мы аддаем тое, што не вяртаецца. А нам даюць кампэнсацыю, на якую немагчыма нават аднавіцца. Калі здаеш па літры плязмы кожны месяц, мусіш жа яе неяк аднаўляць. Гэта ж тыя самыя бялкі, гемаглябін...”

Караткевіч: “Вы здаяце кожны месяц літар плязмы?”

Арашыдзэ: “Два разы на месяц”.

“Калі мая кроў будзе патрэбная, каб некага ўратаваць, я буду здаваць кроў”

Караткевіч: “Алена, ці была рэакцыя на адмену льготаў і на страйк у мэдычных установах, куды вы прыходзіце здаваць кроў?”

Арашыдзэ: “Так, вядома. Усе донары абураныя да глыбіні душы. Чаму так несправядліва? Гэта ж чалавечая кроў. Нічога каштоўнейшага за чалавечую кроў няма. Яе ж ні замяніць, ні аднавіць. Таму абурэньню няма межаў”.

Караткевіч: “Сёньня была інфармацыя зь Міністэрства аховы здароўя: прадстаўнік міністэрства сказаў, што запас крыві ў краіне дастатковы. Самі донары гавораць, што банк крыві ўвесь час мае абнаўляцца. Таксама прадстаўнікі донарскіх арганізацыяў гавораць пра тое, што калі гэты папераджальны страйк не прынясе выніку, то пасьля, у ліпені, будзе абвешчаны бестэрміновы страйк.

Аднак вы, калі перад эфірам гаварылі з “Свабодай”, сказалі, што ўсё роўна будзеце здаваць кроў, хоць і падтрымліваеце страйк”.

Арашыдзэ: “Сапраўды, калі будзе такая патрэба, калі мая кроў будзе патрэбная, каб некага ўратаваць, вядома, я буду здаваць кроў”.

Караткевіч: “Як вы пасьля здачы плязмы рэабілітуецеся? Ці ёсьць спэцыяльнае харчаваньне, дыета?”

Арашыдзэ: “Дыета донара – гэта строгая дыета. З рацыёну выключаюцца тлушчы жывёльнага паходжаньня. Ежа павінна быць посная, дастаткова калярыйная. Мы ж нясем адказнасьць за тое, у якім стане мы прыходзім здаваць кроў”.

“Самая ўлюбёная мая страва – фаршыраваныя грыбы”

Караткевіч: “Я, рыхтуючыся да гэтай гутаркі, даведалася, што вы вельмі добра гатуеце. Можа быць, вы параіце які-небудзь рэцэпт, ежу, якая хутка і эфэктыўна аднаўляе сілы чалавека?”

Арашыдзэ: “Самая ўлюбёная мая страва – фаршыраваныя грыбы. Мы купляем шампіньёны, аддзяляем пладаножку, застаецца падвяночак. У гэты падвяночак кладзем загадзя падрыхтаваны фарш (зьверху там крыху можна даць сыру, маянэзу), пладаножку грыба пасіруем і ўсё запякаем у духоўцы на блясе. Вельмі смачна, раю пакаштаваць. Хутка і смачна”.

Караткевіч: “На заканчэньне размовы нашае традыцыйнае пытаньне: у што вы верыце?”

Арашыдзэ: “Я веру ў любоў, веру ў дабрыню, веру ў сваіх дзетак, у свае сілы”.
XS
SM
MD
LG