Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца да адмены прэфэрэнцыяў жыхары Віцебску?


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня ўступае ў сілу рашэньне пазбавіць Беларусь прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам. Як у Віцебску ставяцца да наступстваў гэтага рашэньня?

Слухаць:



Спадар: “Да адмовы прэфэрэнцыяў Эўразьвязам я стаўлюся даволі адмоўна. Бо гэта зробіць больш складанай эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Гэта будуць і для калійнікаў праблемы, і для тых, хто працуе ў лёгкай прамысловасьці. А другая катэгорыя людзей, якія пацерпяць, — гэта будуць актывісты апазыцыйнага руху.

Пра Віцебск магу сказаць, што пракуратура ўжо апратэставала прысуд Валер’ю Шчукіну, і ў яго будзе новы суд. Зь вялікай верагоднасьцю можна сказаць, што новы прысуд яму можа быць больш жорсткі: дасюль быў штраф, а можа быць і “хімія”, і турма”.

Спадарыня: “Я думаю, тое, што адбываецца, ніяк не палепшыць становішча людзей, якія працуюць у лёгкай прамысловасьці!”

Хлопец: “А я лічу, што горш нам ня будзе, таму што ў нас побач вялікі рынак СНД! Расея — вялізная краіна, і Ўкраіна тая самая, хоць памаранчавыя і цягнуць яе ў Эўропу, усё адно застанецца з намі як славянская дзяржава.

А што да лёгкае прамысловасьці, то ведаю: многія людзі былі і ў Нямеччыне, і ў Францыі, і ў іншых краінах, і куплялі там шкарпэткі з цэтлікамі “Мадэ ін Кітай”. Гэта шырспажыў самай нізкай якасьці! А нашыя, выбачайце, шкарпэткі ды панчохі значна лепшыя. І калі яны на Захадзе не патрэбныя, то няхай сабе купляюць кітайскія, або задорага зь якой Англіі завозяць”.

Спадарыня: “Бедныя, бедныя нашыя цётанькі гораду Віцебску! З нашага “КіМу”, з дывановага камбінату. Яны й так зараблялі мала, хаця й галасавалі, як трэба. А цяпер будуць і жыць, як прагаласавалі... Дай Божа, каб знайшліся тыя, хто будзе купляць іхную прадукцыю, апроч Эўропы. Але ж, здаецца, тым кітайцам нашыя панчохі ды дываны неяк ня дужа патрэбныя! Ну, шкада, а што рабіць? Патрэбна было раней думаць галавой...”

Спадар: “Гэта проста, я лічу, пакаралі людзей. Безумоўна. Жыцьцё стане горшым: вырастуць цэны ў крамах, вырастуць кошты жыльлёва-камунальных паслугаў. Усё адно дзяржава гэтыя грошы зьбярэ зь людзей. Тое, што раней эканомілі з прэфэрэнцыяў, яна цяпер усё роўна ў людзей забярэ”.

Дзяўчына: “Мажліва, падвысяцца кошты на тавары, мажліва, беларускім прадпрыемствам давядзецца шукаць іншыя рынкі збыту. Мо нешта здарыцца зь якасьцю прадукцыі... Я мяркую, гэта адмоўная зьява”.

Спадар: “Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь я да гэтага стаўлюся адмоўна. Бо пацерпіць перш за ўсё народ, які ні ў чым не вінаваты, які быў няшчасным, а цяпер будзе яшчэ больш няшчасным. Я б на месцы тых, хто прымаў рашэньне пра прэфэрэнцыі, прыняў бы нейкія іншыя меры. Каб жыць дрэнна стала тым, хто не дае добра жыць беларускаму народу. А так — народ будзе жыць яшчэ горш”.
XS
SM
MD
LG