Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенская зона набліжаецца да Беларусі


Іна Студзінская, Менск Яшчэ 5 сьнежня 2006 году міністры юстыцыі і ўнутраных справаў Эўразьвязу дамовіліся пра ўваходжаньне ў Шэнгенскую зону дзесяці новых дзяржаваў. Да Шэнгенскай зоны ў 2007-2008 гадах далучацца Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Славенія, Кіпр, Мальта. Многіх грамадзянаў Беларусі хвалюе, як будуць вырашацца візавыя праблемы й колькі будуць каштаваць візы — асабліва ў суседнія краіны.

20 чэрвеня амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Яцэк Ключэўскі пацьвердзіў, што Польшча мае намер “плянамерна пераходзіць на шэнгенскія стандарты” адносна візавай палітыкі.

Як гэта адбудзецца ў дачыненьні Беларусі, я высьвятляла ў прэс-сакратара амбасады Польшчы ў Беларусі Монікі Садкоўскай:

“Сапраўды, выказвалася меркаваньне, што Польшча далучыцца да Шэнгенскай зоны 1 студзеня 2008 году. Але ці насамрэч гэта будзе так, як будзе выглядаць візавы рэжым зь Беларусьсю, мне пакуль цяжка сказаць. У нас пакуль афіцыйнай інфармацыі няма, колькі будзе каштаваць віза, усё гэта будзе яшчэ дакладна вызначацца”.

Пакуль шматразовыя польскія візы грамадзянам Беларусі выдаюцца на тэрмін да 31 сьнежня 2007 году, паведаміла спадарыня Садкоўская.

Што да бясплатных візаў і спрошчанага атрыманьня візаў, то, паводле меркаваньня Монікі Садкоўскай:

“Я думаю, што будуць нейкія пэўныя катэгорыі грамадзянаў, для якіх, магчыма, будуць бясплатныя візы, таксама пэўныя катэгорыі грамадзянаў будуць атрымліваць візы паводле спрошчанага варыянту, як гэта і раней было”.

Цяпер аднаразовая польская віза для грамадзянаў Беларусі каштуе 6 эўра, двухразовая — 10, шматразовая — 24 эўра.

Кіраўнік консульска-візавай службы амбасады Латвіі ў Беларусі Дзірда Ліепіня паведаміла нашаму радыё:

“Для Латвійскай Рэспублікі аказацца ў Шэнгенскай зоне — вялікі гонар. Мы прыклалі вельмі шмат намаганьняў, каб трапіць туды, спрабуем выканаць усе прадпісаньні, якія прадугледжваюць шэнгенскія пагадненьні, над гэтым працуем. І я спадзяюся, што з 1 студзеня 2008 году Латвія будзе ў Шэнгенскай зоне”.

Цяпер грамадзянам Беларусі Латвія выдае бясплатныя візы. З уваходам у Шэнген візы будуць каштаваць 60 эўра, кажа Дзірда Ліепіня:

“Гэта агульны шэнгенскі прынцып. Таксама будуць бясплатныя візы. Думаю, чарнобыльскія дзеці будуць атрымліваць бясплатныя візы, людзі па праграмах абмену. Заўсёды будуць групы людзей, якія ў інтарэсах абедзьвюх краінаў, у інтарэсах супрацоўніцтва атрымаюць візы бясплатна. Нядаўна даваў камэнтар нямецкі амбасадар: працэнт выдачы бясплатных візаў аказаўся вельмі высокі”.

Спадарыня Ліепіня прывяла як прыклад Расею, якая ініцыявала перамовы з Эўразьвязам. У выніку іх зь 1 ліпеня для грамадзянаў Расеі ўводзіцца спрошчаны парадак атрыманьня візаў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода гаварыў і амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. Ён таксама падкрэсьліў, што “не было цягам двух гадоў, напэўна, ніводнай сустрэчы ў Брусэлі на ўзроўні ўсіх кіраўнікоў Літвы, каб не ўздымалася пытаньне. Мы лічым, што няправільна ўводзіць для грамадзянаў Беларусі пасьля нашага ўступленьня ў Шэнген цану 60 эўра за візу”, — сказаў амбасадар Багдонас у інтэрвію Радыё Свабода.

Цяпер аднаразовая літоўская віза каштуе 5 эўра, шматразовая — 25 эўра.

Дарэчы, сёньня ў Наваградку пачаліся кансультацыі паміж міністэрствамі замежных справаў Беларусі і Літвы.

Пасол Літвы: Беларусі варта пачаць перамовы з Эўразьвязам наконт кошту візаў 25.04.2007 Шэнгенскія візы для ўезду ў Польшчу — у 2008 годзе 30.01.2007
XS
SM
MD
LG