Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: амбасадарка ЗША сустрэлася з актывістамі дэмсілаў


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня завяршаецца двухдзённы візыт на Гомельшчыну амбасадаркі ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт. Дыпляматка наведала абласны анкалягічны дыспансэр і перадала мэдычныя прэпараты коштам 1,8 мільёна даляраў. Унівэрсальнай бібліятэцы Гомелю амбасада ЗША падаравала кнігі й падручнікі для вывучэньня ангельскай мовы. Карэн Ст’юарт падтрымала й экалягічныя ды гуманітарныя праекты ў рэгіёне.

У Гомелі сёньня зьбіраліся рэгіянальныя лідэры аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На сустрэчу запрасілі амбасадарку ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт.

Дыплямат заявіла, што ўрад ЗША па-ранейшаму заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў.

“Але ёсьць у нас і базавае патрабаваньне — зьмяніць дзейнае заканадаўства, каб у людзей была свабода слова і свабода асацыяцый”, — падкрэсьліла амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт.

“ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць незалежныя беларускія СМІ”, — адзначыла сёньня ў Гомелі амэрыканская амбасадарка:

“Мы робім гэта па-рознаму — праводзім адукацыйныя праграмы, сэмінары, рэалізоўваем праграмы малых грантаў, наведваем судовыя працэсы, каб падтрымліваць журналістаў. Мы заклікаем урад Беларусі даць свабоду слова. Я мяркую, было б лепш, калі б дзяржава ня ўмешвалася ў бізнэс і журналістыку, каб у людзей была мажлівасьць выбіраць тое, што ім падабаецца. Асабіста мне хацелася б, каб у Беларусі ўсталявалася атмасфэра бяз страху”.

Сустрэча ў Гомелі адбылася ў першай палове дня і доўжылася амаль дзьве гадзіны.

Грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора апавядае:

“Пераважна гэта быў абмен думкамі. Нават пэўная дыскусія. Гутарка была плённай. Абмяркоўвалі мясцовыя праблемы. Гаварылі, як мы іх вырашаем”.

Амбасадарцы паведамілі пра факт зьбіцьця актывіста

На сустрэчы ў Гомелі амбасадару ЗША паведамілі пра выпадкі перасьледу сябраў апазыцыі. Апошні прыклад — на тэрыторыі птушкафабрыкі “Асобіна”, якая належыць прадпрыемству “Белнафта”, быў моцна зьбіты вартаўнік, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксандар Берасьнёў.

Інфармаваў пра гэта праваабаронца Леанід Судаленка:

“Праламалі галаву, і цяпер ён ляжыць у лякарні. Яму цяжка гаварыць. Але ж мы яго наведалі й пачулі, што незнаёмыя яго зьбівалі ды крычалі: “Не перастанеш пісаць, прыкончым цябе й тваю сям’ю!” Здымак зьбітага мы перадалі амбасадару ЗША”.

У анкалягічным дыспансэры атрымалі высокаякасны антыбіётык

Таксама сёньня ў Гомелі мэдыкі абласнога анкалягічнага дыспансэру ўпарадкуюць гуманітарную дапамогу з Амэрыкі. Напярэдадні яе перадала Карэн Ст’юарт.

Намесьнік галоўнага лекара ўстановы Ўладзімер Ніціш адзначае, што яны атрымалі антыбіётык высокай якасьці “Рацэфін”:

“Мы зможам выкарыстоўваць гэтыя лекі сёлета, а таксама ў будучым годзе. Менавіта для лекаваньня анкалягічных хворых”.

К.Ст’юарт наведала грамадзкі цэнтар інфармацыйных рэсурсаў

Сярод гуманітарных праектаў, якія цікавілі на Гомельшчыне амбасадарку ЗША, быў створаны тут грамадзкі цэнтар інфармацыйных рэсурсаў.

Паведамляе выканаўца праекту Натальля Сьляднёва:

“Самыя цяжкія моманты ўжо перажытыя. Перадусім, гэта вызначэньне памяшканьня. Пераадолелі рамонт яго. Цяпер ужо пачынаем завозіць тэхніку. Натуральна, што гэта выклікала цікавасьць у спадарыні Карэн Ст’юарт. І, вядома, мы ўсё гэта абмяркоўвалі”.

Завершыцца візыт Карэн Ст’юарт сёньня ў Рэчыцы. Там ужо адбылася сустрэча з кіраўніцтвам райцэнтру, знаёмства з архітэктурнымі помнікамі.

У гэты час амбасадарка ЗША гутарыць з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў рэгіёну.

Карэн Ст’юарт: Цяпер я вывучаю беларускую мову па кнізе Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род” 20.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG