Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыўся трэці Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў


Галіна Абакунчык У Беларусі распачаўся Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх дакумэнтальных фільмаў і тэлевізійных праграмаў “Magnificat-2007”. Сьвята духоўнага кіно праводзіцца пад кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу ў Беларусі трэці год. Арганізатары заяўляюць, што колькасьць краінаў, што ўдзельнічаюць у імпрэзах, штогоду павялічваецца.

“Magnificat” — першы й ці не адзіны фэстываль у Беларусі, які распачынаецца ўрачыстым набажэнствам з прысутнасьцю ўсіх удзельнікаў.

Так было сёньня ў вёсцы Ўдзела на Глыбоччыне, якая ўжо сталася нефармальнаю сталіцаю кінафоруму. Сёлета ў ім удзельнічаюць 43 работы з чатырнаццаці краінаў. Гэта ўтрая больш, чым напачатку, заявіў старшыня фэстывалю, кінарэжысэр Юры Гурулёў:

“Столькі краінаў, колькі падалі заяўкі ў гэтым годзе, у нас дагэтуль не было. І самае галоўнае — я за гэта адказваю як творца — у нас не было такога моцнага конкурсу, як гэта ёсьць сёлета. Гэта сапраўды фэстываль, якому паводле якасьці можа пазайдросьціць любы фэстываль дакумэнтальных фільмаў. Два гады мы не ўручалі гран-пры, але сёлета журы будзе ў вельмі складаным становішчы, бо адразу некалькі стужак прэтэндуюць на гэты прыз”.

Сярод найбольш адметных конкурсных работаў — аўтарская кінастужка кардынала Казіміра Сьвёнтка. Рознаплянавыя паводле жанраў і тэматыкі стужкі кінарэжысэраў Францыі, Канады, Эквадору ды іншых краінаў. Усе яны прысьвечаныя безабаронным і слабым — дзецям, інвалідам, адзінокім людзям.

Як і ў мінулыя гады, фэстываль адкрыты для прадстаўнікоў усіх канфэсіяў і арганізацыяў сьвецкіх, якія прапагандуюць агульначалавечыя каштоўнасьці, кажа дырэктар імпрэзы, ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Аказваецца, што на беларускім тэлебачаньні паўсталі сур’ёзныя праекты, прысьвечаныя разьвіцьцю духоўнасьці. І трэба зазначыць, што беларускія фільмы прадстаўленыя сёлета вельмі шырока. І гэта нас цешыць, бо мы знаходзім каліва таго, што і мы свой унёсак у гэта зрабілі”.

Яшчэ адной адметнасьцю фэстывалю ёсьць ягоная мабільнасьць — цягам чатырох дзён конкурсныя прагляды й экскурсіі пройдуць таксама ў вёсках Мосар, Івесь і ў райцэнтры Глыбокае.

Па яго завяршэньні ўсе кінастужкі-ўдзельніцы будуць зьмешчаныя дня прагляду ў інтэрнэце.

Аналягічны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў у эўрапейскіх краінах праводзіць Польшча. У мястэчку Непакалянаў яго ладзяць манахі-францішканы. Касьцёл і кляштар ордэну францішканаў ёсьць таксама і ў беларускай вёсцы Ўдзела, якая і сталася цэнтрам фэстывалю “Magnificat”.


• Адкрыўся фестываль «Magnificat 2007», www.catholic.by,21.06.2007
XS
SM
MD
LG