Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: другі дзень страйку донараў, першыя вынікі


Радыё Свабода Сёньня другі дзень страйку магілёўскіх донараў. Ягоныя ініцыятары падводзяць папярэднія вынікі акцыі пратэсту.

Паводле аднаго з ініцыятараў, Ігара Каваленкі, у Магілёве страйкуюць каля 250 донараў. Акцыю пратэсту падтрымліваюць донары зь Менску, Гомельшчыны ды Берасьцейшчыны. Усяго страйкуюць каля васьмісот донараў.

“Першы і другі дзень страйку паказаў, што правялі ня дужа эфэктыўнае інфармаваньне донараў. Гарадзкія і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ня хочуць выносіць гэтай праблемы на ўсеагульны агляд. Памылкі, хібы безумоўна ёсьць. Папярэдні страйк будзе працягвацца ў тым выглядзе, у якім ён ёсьць. На будучыню, у ліпені, мы створым каардынацыйную рэспубліканскую раду — і больш сур’ёзна”.

Ігар Каваленка разам з хібамі ў падрыхтоўцы страйку кажа і пра ягоныя дасягненьні.
І.Каваленка: “Калі б мы не распачалі страйку, то ні міністар працы, ні міністар аховы здароўя ніколі адкрыта б не заявілі пра тое, што донары пазбаўляюцца льготаў”.
“Калі б мы не распачалі страйку, калі б не праводзілі арганізацыйнай работы да страйку, то ні міністар працы, ні міністар аховы здароўя ніколі адкрыта б не заявілі пра тое, што донары пазбаўляюцца льготаў. А так донары проста былі б пастаўленыя перад фактам”.

Донары будуць працягваць бараніць свае правы. Ужо падрыхтаваны статут донарскай грамадзкай арганізацыі.

Неўзабаве донары пададуць заяву ва ўправу юстыцыі на рэгістрацыю гэтай арганізацыі, кажа Ігар Каваленка:

“Гэта будзе грамадзкае аб’яднаньне “Кропля жыцьця”, ці гэта будзе фонд дапамогі донарам крыві й плязмы. Мы не адыходзім ад сваіх мэтаў і патрабаваньняў. Мы будзем працягваць змаганьне з чыноўніцкім апаратам за свае правы”.

Донары неахвотна камэнтуюць сваё стаўленьне да страйку. Збольшага падкрэсьліваюць, што ўдзельнічаюць на знак салідарнасьці.

Вось характэрнае меркаваньне маладой донаркі, якая здае кроў каля году — і будзе здаваць, калі льготы скасуюць:

“Я наагул не разумею, як можна забіраць у людзей ільготы. Я лічу, што гэта няправільна і несправядліва — адбіраць ільготы ў донараў. Я думаю, што ўсё будзе выдатна. Як у нас ільготы былі, так і застануцца”.

На магілёўскай станцыі пераліваньня крыві паведамілі “Свабодзе”, што ў зьвязку з абвешчаным страйкам донараў, праблемаў з здачай крыві ў іх пакуль няма. За два дні кроў здалі больш за пяцьдзясят чалавек, што адпавядае звычайнаму рэжыму працы станцыі.
XS
SM
MD
LG