Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бычкі: “Казаў: жыць добра, толькі я ў дрэнны час нарадзіўся”


Зьміцер Бартосік, Бычкі Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Пасьля раздалбанай грунтавой дарогі ад Докшыцаў на Кублічы вёска Бычкі выглядае вельмі цывілізавана. Дзякуючы асфальту, які паклалі да адкрыцьця музэю. Цывілізавана, чыста і зацішна. Як у музэі.

Уздоўж сьвежай шашы стаяць ціхія хаты, у якіх дажываюць свой век пара дзясяткаў пэнсіянэраў. Дом, які паўстаў на месцы старой быкаўскай хаты, дзякуй Богу, не нагадвае аграгарадок.

Гаспадарыць тут швагерка пісьменьніка, Антаніна Быкава, высокая, яшчэ моцная старая, з годнай паставаю і зычным голасам. Яе дом знаходзіцца на супрацьлеглым баку завулку, першы ад галоўнай вуліцы. Грукаю сьмела, спадарыня Антаніна рада кожнаму наведніку.



Карэспандэнт: “А вам не шкада той старой хаты?”

Антаніна: “Яна ж ужо згніла была. Тут езьдзілі, езьдзілі, глядзелі, глядзелі. І нічога ў іх не атрымалася. Столь была правалілася”.

Карэспандэнт: “А гэтая хоць неяк падобная на тую, што была?”

Антаніна: “Ну, можа, чуць вышэй. Бярвеньне прыгажэйшае. Там былі броўны і такія, і такія”.

Карэспандэнт: “А ён часта прыяжджаў сюды?”

Антаніна: “Кожны год прыяжджаў. Нават апошні год, у 2002 годзе прыехаў. Ён доўга ня быў ніколі. Гэта добра, калі ён два дні пабудзе”.

Карэспандэнт: “А чым займаўся?”

Антаніна: “Прыедзе, са сваімі на возера сходзіць”.

Карэспандэнт: “А сюды прыяжджаюць людзі?”

Антаніна: “Прыяжджаюць. Зімой мала. А летам многа людзей ёсьць. То вучні, то нават бываюць на роварах. Зь Менску неяк чалавек прыехаў спэцыяльна, каб паглядзець музэй. Прыехаў на ровары зь Менску”.

Карэспандэнт: “А гэта акуляры Быкава?”

Антаніна: “Ага. Шапка яго. Як яны ў Фінляндыі былі зь Някляевым. Някляеў прыйшоў, а ў яго галава паголеная. А там стала халодна. І Васька яму сваю шапку. І як было адкрыцьцё музэю, тады ён, Някляеў, прынес, кажа: “На, Антаніна Аляксандраўна, гэта Васілёва шапка”.



Экспазыцыя музэю сёньня больш чым сьціплая. Простыя рэчы сялянскага побыту. Прасьніца, драўляны ложак, стол. У куце стаіць парасон зь бела-чырвонымі пялёсткамі. На сьцяне вісіць клясычны партрэт работы Міхася Моўчана.



Антаніна: “Гэты партрэт зрабілі ў мінулым годзе. 5 жніўня пленэр быў, і тады Марачкіны прывезьлі партрэт. Намаляваны — як жывы. Казаў: “Жыць добра, толькі я ў дрэнны час нарадзіўся”. Голад быў. Хадзіў — тыя штанёнкі яшчэ палатняныя. Залапленыя. Жыць добра, але ў дрэнны час нарадзіўся”.

Але самае цікавае можна знайсьці на стале. Ягоныя арыгінальныя малюнкі, унікальныя фатаздымкі. На адным ён побач з Караткевічам, абодва вясёлыя, крочаць па гарадзкой вуліцы. У Караткевіча ў руках торба, пэўна нялёгкая. На адваротным баку фатаздымка аўтограф сябра.

Карэспандэнт: “Вось маршал пісьменства В. Быкаў кудысьці ідзе пакрысе. За ім ад’ютант Караткевіч Бутэлькі... з кефірам нясе.

Відаць, у бутэльках не кефір”.

Антаніна: “Можа, піва. Гарэлку ён дужа ня піў. Ён кілішкі два-тры калі вып’е”.

Карэспандэнт: “Ён любіў успамінаць дзяцінства сваё?”

Антаніна: “Не асоба. Казаў: “Якое гэта дзяцінства? Што я бачыў? Я нічога ня бачыў”. І маладыя гады прайшлі так... Вайна гэтая. Ён паступіў быў вучыцца ў мастацкую вучэльню... Ён малюе. Будзе сядзець — умомант. Ён маляваў дужа добра. Адзін раз прыехаў у госьці, стол там стаяў на кухні. І намаляваў вось: скамеечка стаіць, кацялок, вядро, печ. Намаляваў момантам”.

У маю памяць запала адно сацрэалістычнае палатно на быкаўскую тэму. Называлася яно, здаецца, “Шчырая размова”. На карціне мудры Васіль Уладзімеравіч пра нешта мудра гутарыць з простымі калгасьнікамі, сваімі аднавяскоўцамі.

Давайце пагутарым і мы.

Васіль Быкаў жыве ў Бычках усё жыцьцё. Я маю на ўвазе не пісьменьніка, а ягонага аднавяскоўца. Васіль на дзесяць гадоў маладзейшы за свайго знакамітага цёзку, але памятае тую старую школу ў панскім доме, якую пісьменьнік апісаў у “Доўгай дарозе дадому”.

Васіль: “Там школа была”.

Карэспандэнт: “А будынку не засталося…”

Васіль: “Няма. Толькі фундамэнт ёсьць. Панскі дом быў. Васіль Быкаў хадзіў у школу, Саўчанка Міхаіл. Яны хадзілі ў школу разам. На адной парце сядзелі. Адзін прадмет ён лепш ведаў, а другі Васіль Быкаў. І адзін у другога сьпісвалі.

…Ён езьдзіў і з выступленьнямі. Мы нават клёцкамі частавалі іх. Але ён адну толькі клёцку зьеў і ста грам ня выпіў цалкам”.

Карэспандэнт: “А як тут ставіліся да Васіля Быкава? У Бычках”.

Васіль: “Вельмі добра. Пакуль ён не пайшоў у гэты Беларускі Фронт”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Васіль: “А таму, што нам ня трэба такія мальцы. Якія ня любяць…”

Карэспандэнт: “Каго ня любяць?”

Васіль: “Каго… Савецкую ўладу. Чым яму кепска жылося? У аднаго сына машына, у другога сына машына. У жонкі машына, у яго машына. Чым яму кепска жылося?”

Карэспандэнт: “Дык ня хлебам адзіным жывы чалавек”.

Васіль: “А чым?”

Наступная мая суразмоўца, Марыя Міхашонак, жыве на панскім падворку. Якраз за яе гародам і знаходзіцца падмурак той старой школы, куды будучы пісьменьнік быў вымушаны хадзіць два разы ў чацьвертую клясу.

Сухенькая малая бабулька ніяк ня можа забыцца на адзін яркі эпізод свайго дзяцінства.

Марыя: “Я вучылася там. І Быкаў вучыўся”.

Карэспандэнт: “А вы ня разам зь ім вучыліся?”

Марыя: “Не. Брат мой вучыўся разам, але брат ужо такі, ляжыць... Хутка памрэ. А на лыжах я каталася зь імі. Я меншая была, а любіла. Я, як малец, зь імі на лыжах каталася. Ой, на лыжах! І я зь імі”.

Карэспандэнт: “А што яшчэ акрамя лыжаў, чым яшчэ займаліся?”

Марыя: “Я толькі на лыжах зь імі. Я болей нічога ня помню. Неяк самі рабілі лыжы. Не такія ж, як цяперака, во лыжы такія. Невялікія. Там, дзе Быкаў жыве, — роў. І ў канцы рова была прастора. І зьяжджалі ўніз. А там і пад гару. І я колькі раз завалілася, зьехала за імі”.

Бліжэйшы сусед Васіля Быкава, Сямён Барысавіч, жыве з жонкаю ў моцнай хаце якраз за быкаўскім домам-музэем. І, як мне падалося, трымае на свайго нябожчыка-суседа крыўду.

Сямён: “Зусім ён быў просты. Звычайны. А як пайшоў на вайну, дык там нешта зьявілася такое — пісаць кніжкі, кіны там, усё такое. Нячаста прыяжджаў ён. Ён, можна сказаць, не абшчаўся дужа зь людзьмі. Бедна, яны вельмі бедна жылі. Да вайны і пасьля вайны. Бацькі зусім бедненька жылі. Ня вельмі ён быў, каб пагаварыць”.

Жонка: “А што ён будзе з намі, з дурнымі, гаварыць”.

Сямён: “Раптоўна высунуўся ў пісьменьнікі. Ад вёскі Бычкі многа было добрых разумных людзей. Настаўнікі былі, дырэктары школаў былі, палкоўнік быў. Палкаводзец, ваенны чалавек быў! Бычкаўскія людзі былі вельмі каштоўныя. Мой брат родны. Сем клясаў кончыў быў, а работаў у Рызе. Інжынэр па транспарце. На лікёра-гарэлачным заводзе. Гэта такі быў чалавек! Такая галава!”

Як я разумею Сямёна Барысавіча. Каму сапраўды варта помнік паставіць, дык гэта начальніку транспартнага цэху лікёра-гарэлачнага заводу зь сямю клясамі адукацыі.

І старога калгасьніка Васіля я таксама разумею. Як можна быць чымсьці не задаволеным пры такой фантастычнай калекцыі “Жыгулёў” і “Волгаў”.

А яшчэ лепш я разумею самога Быкава зь ягоным бясконцым “жыць добра, але ж час дрэнны”. Пэўна, не адну толькі беднасьць меў на ўвазе пісьменьнік.

Карэспандэнт: “А што будзе з Бычкамі гадоў праз дваццаць?”

Антаніна: “У нас толькі адна рабочая сям’я. А так адны пэнсіянэры. Такія, як я. Яшчэ худшыя ёсьць”.

Карэспандэнт: “І Бычкі могуць зьнікнуць...”

Антаніна: “Дык ня могуць, а дакладна будзе”.

Нават калі вёска Бычкі абязьлюдзее, гэты адрас нашай культуры не забудзецца. Бо нікуды не падзенецца хата. Нікуды ня зьнікнуць тыя краявіды, якія любіў маляваць пісьменьнік. І не перасохне ягонае ўлюбёнае Белякоўскае возера.
XS
SM
MD
LG