Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Кірэенка: “Праблема дапамогі перадавога калгаса адстаючаму ў паэме не вырашана”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 21 чэрвеня ў розныя гады мінулага.

“ЛіМ” у 1947 годзе апавядае пра абмеркаваньне новай паэмы Антона Бялевіча “Суседзі” на пасяджэньні паэтычнай сэкцыі Саюзу пісьменьнікаў: “На думку К.Кірэенкі, праблема ўзаемнай дапамогі перадавога калгаса адстаючаму ў паэме не вырашана. Р.Няхай у сваім выступленні адзначае, што асобныя карціны, паказаныя ў паэме, супярэчаць жыццёвай праўдзе. Так, у адстаючым калгасе сеюць лён не на той глебе, на якой ён можа вырасці. Атрымоўваецца, што калгаснікі не разумеюць справы, якую робяць”.

“Настаўніцкая газета”, год 1967, рубрыка “Стол даведак”. Нехта Е.Хамічэнка пытаецца: “Ці залічваецца ў педагагічны стаж работы перыяд знаходжання сувязным партызанскага атрада ў час Айчыннай вайны?”. Рэдакцыя адказвае: “Знаходжанне ва Ўзброеных сілах СССР і ў партызанскіх атрадах у перыяд Айчыннай вайны залічваецца ў педагагічны стаж работы незалежна ад таго, ці непасрэдна папярэднічала гэтым перыядам і ці непасрэдна мела месца за імі педагагічная дзейнасць”.

Міхаіл Гарадзецкі, вэтэран вайны з Магілёва, пад рубрыкай “Адкрытым тэкстам” піша ў 1997 годзе ў “Народнай волі”: “У сваім навагоднім пасланьні беларускаму народу Аляксандар Рыгоравіч заявіў, што ён будзе рабіць усё ад яго залежнае, каб яму, то бок народу, “жылося лепш, утульней у нашым агульным доме”. Пытаньне. Ці можна разумець вар’яцкі скачок коштаў па Новым годзе на прадукты, тавары, камунальныя паслугі як першы крок ува ўвасабленьні прэзыдэнцкіх абяцанак?”
XS
SM
MD
LG